Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за нечаканым візітам Януковіча ў Астану?


У Астане гэтымі днямі праходзіць пасяджэнне найвышэйшага Эўразійскага эканамічнага савету — галоўнага органу Мытнага саюзу і Адзінай эканамічнай прасторы Расеі, Беларусі і Казахстану.

Ці атрымае Ўкраіна статус назіральніка ў Мытным саюзе падчас візыту прэзыдэнта Віктара Януковіча ў сталіцы Казахстану? Гэтае пытанне задаюць экспэрты, улічваючы нечаканае паведамленьне аб ад’езьдзе ўкраінскага прэзыдэнта ў Астану, пра што стала вядома толькі напярэдадні.

Як паведаміў у панядзелак на брыфінгу дараднік прэзыдэнта Ўкраіны, кіраўнік Галоўнага ўпраўлення па пытаннях міжнародных адносін прэзыдэнцкай адміністрацыі Андрэй Ганчарук, мэта візыту ў Астану ўкраінскага кіраўніка дзяржавы — абмеркаваньне пытаньня супрацоўніцтва Ўкраіны зь дзяржавамі Мытнага саюзу і праекты транснацыянальнага характару.

Аднак іншы прадстаўнік адміністрацыі кажа пра значна больш амбіцыйныя мэты візыту — падпісаньне пагадненьня аб удзеле Ўкраіны ў Мытным саюзе. Урадавы ўпаўнаважаны па пытаньнях супрацоўніцтва з Расейскай Фэдэрацыяй, краінамі СНД, ЭўрАзЭС і іншымі рэгіянальнымі аб’яднаньнямі Валеры Мунціян прагназуе, што 29 траўня ў Астане можа быць падпісаны мэмарандум паміж Украінай і краінамі Мытнага саюзу аб паглыбленым супрацоўніцтве, якое прадугледжвае прадастаўленьне Кіеву статусу назіральніка.

Што зьбіраюцца падпісаць у Астане — дакладна не вядома.

23 красавіка прэм’ер-міністар Украіны Мікалай Азараў заявіў, што Ўкраіне ўдалося дасягнуць прынцыповай дамоўленасьці аб атрыманьні статусу назіральніка ў Мытным саюзе, які можа быць афіцыйна замацаваны на сустрэчы з кіраўнікамі гэтага ўтварэньня ў Астане.

Былы міністар замежных спраў Украіны Уладзімір Агрызка лічыць, што апошнія сустрэчы ўкраінскага прэзыдэнта — і, перш за ўсё, яго сустрэча з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным у Сочы — ёсць ня што іншае, чым апошняя спроба расейскіх уладаў спыніць эўраінтэграцыю Ўкраіны.

Аднак, на думку аднаго з каардынатараў руху «Мы — эўрапейцы» Яўгена Вілінскага, пагрозы радыкальнай зьмены палітычнай арыентацыі гэты візыт не нясе. У інтэрвію Радыё Свабода экспэрт адзначыў, што пошук эканамічнага супрацоўніцтва з партнэрамі — справа станоўчая, але ня можа не хваляваць спосаб, якім прымаюцца рашэньні.

«Чым больш будзе эканамічных аб’яднаньняў, у якіх Украіна будзе прысутнічаць і будзе ведаць, што там адбываецца, тым лепш. З другога боку, нас ня можа не бянтэжыць менавіта гэтая непразрыстасьць Украіны і Расеі, гэта значыць калі адбываецца сустрэча на найвышэйшым узроўні, а краіне даводзіцца толькі здагадвацца, пра што гаварылася, празь нейкія свае каналы. Але сам па сабе статус назіральніка Ўкраіне, на маю думку, асаблівай пагрозы не нясе. Гэта не палітычнае ўступленьне ў Мытны саюз », - сказаў Вілінскі.

Экспэрты адзначаюць, што застаецца невядомым, якога роду дакумэнт можа падпісаць Віктар Януковіч у Астане. Бо намесьнік кіраўніка Міністэрства эканамічнага разьвіцьця Расеі Аляксей Ліхачоў адзначыў, што пытаньне аб уступленьні Ўкраіны ў Мытны саюз у якасці назіральніка яшчэ ня вырашана. А перамовы з украінскім бокам працягваюцца і на двухбаковым узроўні з краінамі-членамі Мытнага саюзу, і на ўзроўні савету Эўразійскай эканамічнай камісіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG