Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія СМІ: Праект Балтыйскай АЭС у коме


АЭС, ілюстрацыйнае фота

АЭС, ілюстрацыйнае фота

У Маскве прызнаюцца, што цяперашні праект Балтыйскай АЭС «калі не памёр, то знаходзіцца ў стане комы». Адна з галоўных прычынаў з-за якіх ён спыніўся, палягае ў адсутнасьці эўрапейскіх інвэстараў, а таксама імпартэраў энэргіі.

Як паведамляе gazeta.ru, разьлік «Росатома» зводзіўся да таго, што энэргія будзе экспартавацца ў Эўразьвяз — у першую чаргу ў Літву і Польшчу, магчыма, і ў іншыя краіны. Але абедзьве краіны, якія мяжуюць з Калінінградзкай вобласьцю Расеі, адмовіліся гарантаваць закупкі энэргіі з гэтай АЭС і прадстаўляць доступ у эўрапейскую сетку.

Ніводная з буйных энэргетычных кампаній Эўропы ў Нямеччыне, Францыі і Італіі, зь якімі вёў перамовы «Росатом», не захацела супрацоўнічаць.

Актыўную ролю тут адыгралі эколягі, якія далі зразумець, што ў кампаніў, якія будуць купляць энэргію з Балтыйскай АЭС, узьнікнуць сур’ёзныя праблемы.

Дзяржаўных сродкаў на ўзьвядзеньне АЭС выдаткавана ўжо даволі шмат, але, мабыць, лепш спыніцца цяпер і не марнаваць больш, чым працягваць
Таксама не знайшліся інвэстары на будаўніцтва станцыі. Ад удзелу ў праекце адмовіліся нямецкі Hypovereinsbank, францускі BNP Paribas. Італьянскі Unicredit і французскі Societe Generale заявілі, што чакаюць высноў уласных экспэртаў адносна праекту Балтыйскай АЭС, на падставе якіх і будзе прынятае рашэньне пра выдзяленьне крэдытаў.

У пачатку 2008 году была ўхвалена праграма «Росатома» па будаўніцтве 26 новых рэактараў да 2030 года.

Да канца 2009 году Балтыйская АЭС не фігуравала ў плянах расейскага ўраду. «Росатом» пралябіяваў яе ўключэньне ў дзяржаўны плян з умовай, што будуць прыцягнуты эўрапейскія інвэстары, якія пакрыюць палову кошту атамнай станцыі. Інтэнсіўныя пошукі і перамовы цягам апошніх трох гадоў так і не далі плёну.

Літва цягам некалькіх гадоў актыўна выступае супраць Балтыйскай АЭС, выстаўляючы прэтэнзіі ня толькі палітычнага характару, але і ў сфэры бясьпекі. Літоўскімі ўладамі было заяўлена, што рэактары, якія плянуецца пабудаваць на Балтыйскай АЭС, ніколі не правяраліся на бясьпеку ў адпаведнасьці з мэтадалёгіяй, ухваленай ўнутры ЭЗ.

Аднак падобныя рэактары будуюцца на Ленінградзкай і Новаваронескай АЭС, плянуюцца яшчэ ў некалькіх абласьцях Расеі, а таксама ў Беларусі, В’етнаме, Турэччыне й іншых краінах.

«Дзяржаўных сродкаў на ўзьвядзеньне АЭС выдаткавана ўжо даволі шмат, але, мабыць, лепш спыніцца цяпер і не марнаваць больш, чым працягваць да «пераможнага», адзначае gazeta.ru.

Аглядальнік расейскай газэты Коммерсант Уладзімер Дзагута адзначае, што ў Маскве практычна прызналі непазьбежнасьць таго, што ў блізкай пэрспэктыве Літва выйдзе з агульнай энэргасыстэмы, якая дасталася Балтыі ад СССР, і сынхранізуецца з Польшчай і Эўропай. У такім выпадку Калінінградзкая вобласьць апынецца ў ізаляцыі. А гэта непазьбежна ставіць крыж на плянах Масквы ператварыць рэгіён у энэргетычнага донара Балтыі.
XS
SM
MD
LG