Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы таксама рвуцца ваяваць у Сырыі


У расейска-ўкраінскі добраахвотны корпус, які плянуецца адправіць у Сырыю для дапамогі тамтэйшаму кіраўніцтву ў барацьбе з экстрэмістамі, запісаліся ўжо некалькі тысяч чалавек, перадае партал Lenta.ru.

Навіну паведаміў ініцыятар стварэньня добраахвотнага фармаваньня, вэтэран украінскай разьведкі Сяргей Разумоўскі:

«У нас літаральна шквал. На ўсіх нашых электронных рэсурсах – звароты людзей, якія хочуць запісацца ў корпус. У асноўным з РФ, Беларусі і нават Малдовы», – сьцьвярджае Разумоўскі. Што да яго землякоў з Украіны, то яны, паводле яго прызнаньня, «пакуль рэагуюць цяжка».

Улады Ўкраіны, па словах вэтэрана разьведкі, на ініцыятыву не адрэагавалі.

Калі плянуецца завяршыць фармаваньне корпусу, не ўдакладняецца.

Зь відэазваротам аб стварэньні корпусу добраахвотнікаў Разумоўскі выступіў у сярэдзіне траўня. Свой заклік ён адрасаваў «усім вэтэранам вайсковай службы Савецкага Саюзу, усяго расейскага і ўкраінскага афіцэрства, якое жыве ва Ўкраіне». Разумоўскі паскардзіўся на бытавую неўладкаванасьць афіцэраў (а менавіта недахоп жыльля) і заявіў, што «гэтаму ўраду афіцэры не патрэбныя» і што ў сытуацыі, якая склалася, яны могуць прапанаваць свае ўмельствы кіраўніцтву іншай краіны – а менавіта дапамагчы прэзыдэнту Сырыі Башару Асаду ў аднаўленьні канстытуцыйнага парадку.

Па словах Разумоўскага, улады Сырыі наўзамен могуць даць добраахвотнікам грамадзянства, забясьпечыць страхоўку іх (добраахвотнікаў) сем'ям і дапамагчы з набыцьцём жыльля (ужо пасьля завяршэньня вайны).

МЗС Расеі: Масква ня зьменіць пазыцыі па пастаўках С-300 Дамаску


Тым часам афіцыйная Масква ня мае намеру пераглядаць пазыцыю па пастаўках зэнітных ракетных сыстэм С-300 у Сырыю, – заявіў намесьнік кіраўніка МЗС Расеі Сяргей Рабкоў на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве. Паводле Рабкова, пастаўкі сыстэм С-300 у Сырыю датычацца даўніх кантрактаў. Яны, у прыватнасьці, дапамогуць стрымаць магчымае ўмяшаньне зьнешніх сіл у сырыйскі канфлікт, – адзначыў Рабкоў. Камэнтуючы рашэньне Эўразьвязу не працягваць эмбарга на пастаўкі зброі сырыйскай апазыцыі, расейскі дыплямат сказаў, што гэты крок можа нанесьці шкоду маючай адбыцца міжнароднай канфэрэнцыі па Сырыі ў Жэнэве. Тэрмін дзеяньня эмбарга, якое ЭЗ вырашыў не працягваць, заканчваецца пры канцы гэтага месяца.
XS
SM
MD
LG