Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шмат гадоў у эфіры Свабоды гучаць лінгвістычныя парады, адказы на пытаньні, тлумачэньні і камэнтары Юрася Бушлякова. Матэрыял гэтых перадачаў складзе новую кнігу Бібліятэкі Свабоды.

Аўтар сабраў матэрыял у тэматычныя разьдзелы: артаэпія, будова фразы, будова слова, формы слова, націск, выбар слова, выразы, фраземы, прыказкі.
Сёньня мы друкуем тры прыклады з разьдзела «Выбар слова».

Заяўку на кнігу можна прысылаць ужо зараз.
Прысылайце заяўку на адрас паштовая скрынка 111 Менск 5, індэкс 220005 электронны адрас — svaboda@rferl.org.



Шлях i дарога


Цi можна сказаць па-беларуску, што нехта сабраўся або выправiўся ў шлях? Цi выпадае зычыць добрага або шчасьлiвага шляху? Іначай кажучы, цi дарэчы ў названых спалучэньнях слова шлях?

Адказаць можна адназначна: шлях тут недарэчы. На яго месцы мае стаяць другое слова — дарога. Гадоў сорак назад, камэнтуючы факты лiтаратурнай мовы, пiсьменьнiк, тонкi стылiст Ян Скрыган браў увагу на выпадкi, калi словам шлях карыстаюцца ў нас «супроць законаў мовы». «У беларускай мове, — пiсаў Скрыган, — разуменьне шлях толькi канкрэтнае. Калi мы гаворым «шлях», то нават уяўляем сабе шырокую наежджаную дарогу. "Праедзеш палявую дарогу, а там выедзеш на шлях".(...) А ў адцягненае разуменьне ў нас пераходзiць ня шлях, а дарога». Вось жа, мы, кажучы па-беларуску, выбiраем сабе дарогу, пускаемся ў дарогу ды iдзем сваёй дарогаю, пракладаем сабе дарогу ў жыцьцi, выводзiм дзяцей на самастойную дарогу. Слова дарога i ў тым успомненым на пачатку тэмы зычэньнi — зычым добрай або шчасьлiвай дарогi.

Вядома, зважаючы на факты нашай кніжнай мовы, няма сэнсу ставіць пад сумнеў многіх выпадкаў пераноснага ўжываньня назоўніка шлях. Трывала, скажам, прыжыўся шлях у значэньні кірунку дзейнасьці, разьвіцьця нечага, у значэньні спосабу дасягненьня чаго-небудзь.

Гэтая тэма — хутчэй перасьцярога, каб шляхам тым ня злоўжываць, не падмяняць ім дарогі. Зьбіраемся й выпраўляемся ў дарогу, зычым шчасьлівай дарогі.

Помніць і памятаць, запáмятаць і запамятáць


Ці ёсьць якая розьніца ў ужываньні дзеясловаў помніць і памятаць, якое значэньне мае ў літаратурнай мове дзеяслоў запáмятаваць — ‘запомніць’ ці ‘забыць’? Адказаць на гэтыя пытаньні папрасіў сталы слухач «Жывой мовы» Андрусь Жвір.

У нарматыўных даведніках словы помніць і пáмятаць (ці — з другім націскам — памятáць) фіксуюцца як абсалютныя сынонімы — у слоўніках дасюль не абазначаны нюансы ўжываньня ў літаратурнай мове двух названых дзеясловаў. На пэўную сэнсавую й стылістычную розьніцу паміж помніць і памятаць пару дзесяцігодзьдзяў назад зьвярнуў увагу мовазнаўца Пётра Садоўскі. «Помніць, — пісаў Садоўскі, — больш зьвязана з „духоўна-маральнай“ памяцьцю... Памятаць — дзеяслоў больш „фізычнага“ характару, больш празаічны». Па-беларуску скажуць: век помніць буду, помні цану праўды, помню, як сьвята, каб цябе помнілі й паміналі, зрабіў ня помнячы сябе. Для ілюстрацыі яшчэ радок з паэтычнае мовы. «Сэрца помніць каханьне і попелам стаўшы з агню», — гэты сказ я выпісаў зь вершу Ўладзімера Караткевіча.

Цяпер — пра дзеяслоў запáмятаваць. У прасторы народна-дыялектнай беларускай мовы гэтае слова вядомае ў процілеглых значэньнях: і як ‘забыць’, і як ‘запомніць’. Аднак жа для сучаснага літаратурнага маўленьня запамятаваць у сэнсе ‘запомніць’ малахарактэрнае, беларускія нарматыўныя слоўнікі фіксуюць гэты дзеяслоў толькі ў значэньні ‘забыць’ і характарызуюць яго як абласны. У літаратурным лексыконе поруч з агульнаўжывальным словам запомніць ёсьць роўны яму значэньнем дзеяслоў запамятáць — з націскам на канцавым складзе. Адрозьнівайма слова запамятáць ад дзеяслова з націскам на другім складзе запáмятаць, сынанімічнага дзеяслову забыць.

Пры канцы паўтараю, зыходзячы з слоўнікавых устанаўленьняў:

запамятáць — значыць запомніць;

запáмятаць, запáмятаваць — гэта забыць, забыцца.

Добрай ранiцы! цi ўсё ж Добры дзень!


Як мы вiтаемся ранiцаю? Цi традыцыйнае для беларускай моўнай традыцыi вiтаньне «Добрай ранiцы!»? Нагодаю, каб вярнуцца да гэтае тэмы, стаў нядаўнi званок адной з нашых слухачак. Слухачка перасьцерагае ад выкарыстаньня прывiтальнага словазлучэньня «Добрай ранiцы!». Вось тая кароткая рэплiка:

«Добрай ранiцы» — гэта калька з расiйскай мовы. У Беларусi няма «Добрай ранiцы!», ёсьць «Добры дзень!».

Нельга не пагадзiцца, што вiтаньне «Добрай ранiцы!» ў Беларусi нетрадыцыйнае: да савецкага часу ў нас так не вiталiся. Ранiца, ранак — усяго толькi частка дня, яго пачатак. На дварэ ранiца — значыць, адышла ноч i надышоў дзень. У беларускiм моўным этыкеце не было асобнага вiтаньня на ранак, таксама, як няма яго, скажам, у французаў або палякаў. Вякамi i ранiцаю, i ўдзень беларусы вiталiся, спраўляючыся бяз «Добрай ранiцы!»: «Добры дзень!», «Дзень добры!», «Дабрыдзень!».

Вiтаньне «Добрай ранiцы!» скалькавалi ў мiнулым стагодзьдзi. За беспасярэднi арыенцiр пры калькаваньнi магла служыць расiйская форма «Доброго утра!»; магчыма, зважалi й на ўкраiнскае «Доброго ранку!» — i выйшла «Добрай ранiцы!», а ня «Добрая ранiца!». Зрэшты, у паасобных слоўнiках савецкага часу можна трапiць i на форму «Добрая ранiца!» (напрыклад, у «Тлумачальным слоўнiку беларускай мовы для сярэдняй школы» А. Баханькова, І. Гайдукевiча й П. Шубы).

У лiтаратурным ужытку за пасьляваенныя дзесяцiгодзьдзi калька «Добрай ранiцы!» збольшага, несумненна, прыжылася. Памятаю, на самым пачатку 1990-ых у «Самавучку беларускай мовы» на нетрадыцыйнасьць «Добрай ранiцы!» зьвярнуў увагу пiсьменьнiк Анатоль Клышка. Тады шмат для каго з Клышкавых чытачоў, носьбiтаў лiтаратурнае мовы, гэта было сапраўдным адкрыцьцём. За 1990-ыя крытычнага стаўленьня да скалькаванага вiтаньня ў нас паболела — паболела людзей, якiя сьвядома высьцерагаюцца «Добрай ранiцы!». І ўсё ж ня думаю, што ўдасца ў агляднай будучынi цалкам выкасаваць з мовы гэтае вiтаньне. Але ведаць пра яго нетрадыцыйны, калькаваны характар i старацца вiтацца так, як вiталiся па-беларуску стагодзьдзямi, трэба. Цяпер — ранiца, пачатак дня. І я вiтаю вас: «Добры дзень!», «Дабрыдзень!», «Добрага вам дня!».
  • 16x9 Image

    Юрась Бушлякоў

    Нарадзіўся у 1973 годзе ў Менску. Беларускі мовазнаўца. Кандыдат філялягічных навук. Ад пачатку 2000-х гг. супрацоўнік Беларускае службы Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG