Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цана на ўчасткі ў раёне кітайскага тэхнапарку ўпала ўтрая


Мітынг пратэсту дачнікаў супраць будаўніцтва кітайскага тэхнапарку. Архіўнае фота

Смалявіцкія дачнікі, чые ўчасткі трапілі на тэрыторыю патэнцыйнай забудовы кітайскага тэхнапарку, памалу іх пазбываюцца.

«Яшчэ год-паўтара таму ўчасткі прадаваліся па стабільнай цане — тысяча даляраў за сотку. Участак у 10 сотак прадавалі за 10 тысяч. А цяпер цяжка ўжо прадаць за 3–4 тысячы, — кажа дачніца Аксана Зелянеўская.

«Участак з фундамэнтам, глыбокім, надзейным ніхто ня хоча за 13 тысяч браць», — скардзіцца Аксана. А тыя, хто купляе за бесцань, спадзяюцца на тое, што парк не адбудзецца.

Грамадзкія слуханьні па праекце генпляну будоўлі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку завершаныя. Пратакол апублікаваны на сайце смалявіцкага выканкаму.

«Большасьць выказаных меркаваньняў выказваюць згоду з будаўніцтвам аб’екта», — сьцьвярджаюць чыноўнікі смалявіцкага выканкаму.

Сам генэральны плян ужо гатовы і накіраваны ў Савет міністраў. Пра гэта паведаміў прадстаўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку Юры Шылін.

Пра дэталі зьменаў у пляне ён распавядаць ня хоча, бо дакумэнт яшчэ не зацьверджаны. Але яшчэ два месяцы таму прадстаўнік Мінэканомікі Кірыл Карацееў паведамляў, што для распрацоўкі генпляну трэба болей часу і каля 500 тысяч даляраў.

Цяпер Кірыл Карацеў заняў пасаду першага намесьніка генэральнага дырэктара кітайска-беларускага СЗАТ «Кампанія па разьвіцьці індустрыяльнага парку». 60% у ёй належаць ААТ «Кітайская карпарацыя інжынірынгу САМС», а 40% — беларускай дзяржаве.

Ці сапраўды людзі пагадзіліся з пабудовай парку на 80 квадратных кілямэтраў, у якім будуць жыць 155 тысяч чалавек?

Паводле афіцыйна апублікаванай выпіскі з пратаколу грамадзкага абмеркаваньня ад 29 красавіка, за будоўлю парку выказаліся 702 чалавекі, супраць — 509.

«Супраць» выказваюцца дачнікі і менчукі, а «за» — жыхары Смалявічаў, — тлумачыць актывістка-дачніца Аксана Зелянеўская. Яна распавядае, што чыноўнікі смалявіцкага выканкаму ходзяць зьбіраць подпісы «са сваіх».

Зелянеўская скардзіцца, што грамадзкія слуханьні прызначаліся ў працоўны час: людзі проста не змаглі на іх прысутнічаць. Да таго ж яна кажа, што каля 280 подпісаў жыхароў пасёлку Сокал супраць будоўлі парку не ўлічылі. А іх публічна перадавалі ў прэзыдыюм 17 красавіка.

А яшчэ на тэрыторыі забудовы два магільнікі зь сібірскай язвай!
Нязгоду з высноваю аўтараў пратаколу пацьвярджаюць і эколягі. Грамадзкая арганізацыя «Экадом» накіравала ў Смалявіцкі райвыканкам зварот з патрабаваньнем перагледзець высновы камісіі. На думку «зялёных», яны цалкам супярэчаць таму, што адбывалася на грамадзкіх слуханьнях, а «камэнтары, выступы супраць рэалізацыі праекту... засталіся не заўважанымі камісіяй і ніяк не былі ўлічаныя ў пратаколе».

Турбуе дачнікаў усё адразу: і тое, што будуць адбіраць участкі, і тое, што будучыя прадпрыемствы пашкодзяць экалёгіі.

«А яшчэ на тэрыторыі забудовы два магільнікі зь сібірскай язвай! — кажа Зелянеўская. — Пра гэта гаварылі на адным з пасяджэньняў грамадзкіх слуханьняў.

Адміністрацыя парку абяцае, што дачныя ўчасткі адбіраць ня будуць. «Але там ёсьць яшчэ адзін пункт, — кажа Зелянеўская. — Смалявіцкі выканкам можа адбіраць землі пад дзяржаўныя патрэбы. Хай нам паабяцаюць, што гэтага ня будзе».

Шылін сьцьвярджае, што забіраць у людзей дачныя ўчасткі забараніў сам прэзыдэнт адпаведным указам.

Дзяржава абяцае, што праект кітайскага тэхнапарку надзвычай выгадны для Беларусі. Прыцягваюць туды кампаніі, абяцаючы «просты доступ да рынкаў Адзінай эканамічнай прасторы, Эўропы і СНД», надзвычайныя падатковыя ільготы. Аднак вялікага ажыятажу не назіраецца.

Яшчэ год таму кітайскі бок заяўляў пра пляны ўкласьці ў будоўлю парку 56 млрд даляраў. Кітайская кампанія Chery нібыта плянавала пабудаваць тут аўтамабільны завод.

Усе праекты ў рамках закону. Ёсьць умовы, на якіх будуць заводы будавацца і адкрывацца вытворчасьць.
Цяпер Адміністрацыя парку не наважваецца гаварыць, якія менавіта кампаніі гатовыя прыняць удзел. Шылін прыводзіць толькі некалькі прыкладаў: гэта латвійская кампанія Grindeks (вытворчасьць у сфэры біятэхналёгіяў і фармацэўтыкі), «Ассамедыка» (вытворчасьць мэдычных вырабаў). Кажа, што ёсьць шэраг пагадненьняў «Гарызонта» з азіяцкімі транснацыянальнымі кампаніямі, ZTE. Адна з чэскіх кампаніяў зьбіраецца разьмясьціць на тэрыторыі парку станкабудаўнічую вытворчасьць.

«Усе праекты ў рамках закону, — запэўнівае Шылін, калі ўздымаецца пытаньне пра тое, што такая вытворчасьць будзе шкодзіць экалёгіі. — Ёсьць умовы, на якіх будуць заводы будавацца і адкрывацца вытворчасьць».

Эколягі ў траўні завяршылі экспэртызу праекту. Ужо цяпер відавочныя значныя экалягічныя праблемы: інжынэрна-геалягічныя мерапрыемствы, якія мяркуецца правесьці на тэрыторыі парку, прывядуць да паступовай гібелі навакольных лясоў і водных рэсурсаў. Да таго ж патрабуецца высечы каля 2 800 гектараў элітнага лесу, а гэта парушыць экалягічнае асяродзьдзе Менску.

Аднак галоўная выснова эколягаў — інфармацыі, якая прадстаўленая грамадзкасьці, занадта мала, каб рабіць кваліфікаваныя высновы. Ня болей зьвестак льга знайсьці і ў афіцыйных дакумэнтах. Інвэставаць у праект нібыта пагадзіліся кітайскі Export-Import Bank і China Development Bank , паведамляе агенцтва Bloomberg. Аднак на запыты карэспандэнта гэтага агенцтва ніхто ў названых кампаніях не адказаў.

Кітай проста так грошай не дае, там ніякага альтруізму няма. Зьнешняя запазычанасьць Таджыкістану на 70% кітайская. Гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы? Пагроза
«У нас тут кітайскі тэхнапарк будуецца на 80 квадратных кілямэтраў... — журналіст Радыё Свабода пачынае размову з кітаязнаўцам Канстанцінам Сыраежкіным.

«І сьцяг вам у рукі... — сьмяецца Сыраежкін, галоўны навуковы супрацоўнік Казахстанскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў.

«Мы Кітай ніколі не прыцягвалі да сябе, — кажа ён. — Дурні падпісваюць мэмарандумы, а людзі, калі пачынаюць будаваць, пачынаюць лічыць. Як падлічылі, то прасьлязіліся. Спачатку эўфарыя, а калі справа даходзіць да фінансаваньня.... Гэта нявыгадна. Вы далёка ад Кітаю, таму ня ведаеце. Кітай проста так грошай не дае, там ніякага альтруізму няма. Вось я вам прыклад Таджыкістану прывяду. Зьнешняя запазычанасьць Таджыкістану на 70% кітайская. Гэта пагроза нацыянальнай бясьпецы? Пагроза».

«Мы ўсё ж спадзяемся, што парку ня будзе, — падсумоўвае дачніца Аксана Зелянеўская. — Ён быў бы проста катастрофай для рэгіёну».
XS
SM
MD
LG