Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таямніцы Эўразійскага саюзу


Падпісаньне дамоваў аб Эўразійскім саюзе, лістапад 2011
Падпісаньне дамоваў аб Эўразійскім саюзе, лістапад 2011

Кіраўнікі трох краін мытнага саюзу — Беларусі, Казахстану і Расеі, зьбіраюцца ў сталіцы Казахстану Астане на пасяджэньне Найвышэйшага савету саюзу.

Паведамляецца, што апроч іншага А. Лукашэнка, У. Пуцін і Н. Назарбаеў абмяркуюць праект Эўразійскага саюзу, які мяркуецца стварыць да 1 студзеня 2015 году. Які зьмест праекту, які будуць разглядаць кіраўнікі дзяржаваў? З гэтым пытаньнем мы зьвярнуліся да экспэртаў.

Вадзім Гігін, галоўны рэдактар часопісу «Беларуская думка»

Вадзім Гігін
Вадзім Гігін
Гігін: Гэтая дамова звычайная, якая прымаецца пры ўтварэньні падобных саюзаў. Гэта вызначэньне кіруючых органаў — гэта Найвышэйшы Савет і Савет міністраў, функцыянаваньне адзінай эканамічнай прасторы, рэгуляваньне ў розных сфэрах, у тым ліку і сацыяльнай, міжнародная дзейнасьць, парадак прыёму новых чальцоў.

Гэта першае абмеркаваньне на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаваў. Папярэдняе было ў сакавіку, на пасяджэньні Эўразійскай эканамічнай камісіі. Літаральна напярэдадні цяперашняй сустрэчы трох лідэраў Нурсултан Назарбаеў сустракаўся з Хрыстэнкам, які кіруе Эўразійскай эканамічнай камісіяй. Як паведаміў прэзыдэнт Казахстану, адбудуцца яшчэ тры такія абмеркаваньні на найвышэйшым узроўні і ўся праца мае быць завершаная да траўня 2014 году, каб ад студзеня 2015 году саюз запрацаваў у поўную моц.

РС: Ці прадугледжвае Эўразійскі саюз нейкае паглыбленьне інтэграцыі ў параўнаньні зь цяперашнім, даволі шчыльным узроўнем у межах Адзінай эканамічнай прасторы? Ці гэта будзе проста больш дакладнае афармленьне таго, што існуе цяпер?

Гігін: Я мяркую, што кіраўнікі дзяржаваў не абмяркоўвалі б так сур’ёзна гэтую дамову, калі б гэта было проста афармленьне існай сыстэмы. Гэта будзе наступны крок. Ужо цяпер у межах Адзінай эканамічнай прасторы створаныя паўнавартасныя наднацыянальныя органы — гэта найперш Эўразійская эканамічная камісія з роўным прадстаўніцтвам трох дзяржаваў. Цяпер ідзе гаворка пра тое, каб выпрацаваць агульную ня толькі мытную палітыку, але і агульную палітыку ў сацыяльнай галіне, агульную прамысловую і падатковую палітыку. Мэта — каб наша міждзяржаўнае ўзаемадзеяньне набыло больш трывалую нарматыўна-прававую аснову.

Што тычыцца палітычнай інтэграцыі, то яна ідзе паралельным курсам. Усе тры дзяржавы ўваходзяць у АДКБ.

РС: А наконт інтэграцыі ў прамысловай і сацыяльнай сфэрах — гэта будуць пашыраныя функцыі Эўразійскай эканамічнай камісіі, яна стане нейкім саюзным ўрадам? Ці будуць створаныя новыя камісіі — па прамысловасьці, па сацыяльных пытаньнях і г. д.?

Гігін: Цяпер пра гэта рана казаць. Я мяркую, што будуць і спрэчкі, і разыходжаньні. Таму і прадугледжана некалькі этапаў абмеркаваньня. Але я спадзяюся, што паўнамоцтвы наднацыянальных органаў будуць узмоцненыя. Само жыцьцё дыктуе гэта. Трэба зьняць бюракратычныя перашкоды на шляху руху працоўнай сілы, капіталу, тавараў, каб жыцьцё грамадзянаў нашай адзінай прасторы стала лепшае. У гэтым мэта гэтай дамовы.


Яўген Мінчанка, расейскі палітоляг, прэзыдэнт холдынгу «Minchenko consulting»

ЯЎген Мінчанка
ЯЎген Мінчанка
Мінчанка: Цяжка зразумець, які там мусіць быць новы узровень інтэграцыі. Відаць, палітычны. Але тут нас будуць чакаць вельмі сур’ёзныя абмежаваньні. Той самы Назарбаеў, адзін з ідэолягаў эўразійскай інтэграцыі, які пра гэта казаў пачынаючы з 1991 году, сказаў, што мы гаворым пра эканамічную, але не палітычную інтэграцыю. А з пункту гледжаньня эканамічнай інтэграцыі мытны саюз і так уяўляе сабой даволі шчыльнае аб’яднаньне. Можна, зразумела, рушыць да адзінага эмісійнага цэнтру, да адзінай валюты. Але гэта ў бліжэйшым часе маларэальна.

Калі размова ідзе пра палітычную інтэграцыю, то незразумела, як гэта зрабіць тэхнічна.

Можа, гэта аўтаматычнае зьліцьцё трох парлямэнтаў, як гэта прапаноўваў сьпікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін. Але гэта выклікала рэзкія пярэчаньні казахстанскага боку. Тут узьнікае і пытаньне ўзроўняў дэмакратычнасьці, так што крытыка можа быць і з расейскага боку.

РС: А якія яшчэ рухі ў бок больш шчыльнай інтэграцыі могуць быць у праекце Эўразійскага саюзу?

Мінчанка: Адзіны дзяржплян? Я не разумею, як гэта можна зрабіць ва ўмовах квазірынкавай эканомікі ў Расеі і Казахстану і адміністрацыйна кіраванай эканомікі ў Беларусі.

Ёсьць і фактар нацыянальнай інтэлігенцыі. У Беларусі ён менш значны, ў Казахстане ён дастаткова сур’ёзны. Там у апошнім часе сталі папулярнымі размовы пра расейскую акупацыю, пра тое, як прыгнечаны быў Казахстан, забываючы пра тое, якія тэрыторыі, населеныя пераважна рускамоўнымі, былі перададзеныя гэтай краіне. Ёсьць і сур’ёзны эканамічны супраціў. Калі ў выпадку зь Беларусьсю мы можам казаць пра праблему прыватызацыі, на якую Лукашэнка ніяк не пагаджаецца, то ў Казахстане ёсьць праблема кітайскіх тавараў, пранікненьне якіх б’е па інтарэсах уплывовых расейскіх эканамічных гульцоў.

Існуе і пытаньне магчымага далучэньня да гэтага інтэграцыйнага аб’яднаньня Кіргізстану і Таджыкістану. Але цяпер межы, скажам, Кіргізстану практычна празрыстыя, туды трапляе шмат кантрабанды з Кітаю. Уключыць гэтую краіну ў саюз — хваля гэтай кантрабанды хлыне ў Расею. А спрабаваць навесьці там парадак — гэта фармат зьнешняга кіраваньня, якое можа справакаваць там новы пераварот. Насамрэч тэма эўразійскай інтэграцыі, нягледзячы на ўсю яе пэрспэктыўнасьць, утрымлівае шмат канфліктных вузлоў.


Аркадзь Дубноў, расейскі журналіст, экспэрт у справах Цэнтральнай Азіі

Аркадзь Дубноў
Аркадзь Дубноў
Дубноў: Цяпер размова ідзе пра тое, каб стварыць жорсткую структуру эканамічнага саюзу з абавязковымі для выкананьня рашэньнямі, якія прымаюцца на ўзроўні Эўразійскай эканамічнай камісіі. З другога боку, ёсьць задача пазьбегнуць палітызацыі гэтага праекту, гэта значыць, пазьбегнуць стварэньня структураў кшталту наднацыянальнага парлямэнту, ад чаго, як чорт ад ладану, бягуць як у Менску, гэтак і ў Астане. Спроба знайсьці гэты балянс і зьяўляецца галоўнай задачай саміту ў Астане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG