Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Качмарэк: Дэпутаты Эўрапарлямэнту хочуць сустрэцца з палітвязьнямі


Будынак Эўрапейскага парлямэнту

Будынак Эўрапейскага парлямэнту

Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту плянуюць у сярэдзіне чэрвеня наведаць зь візытам Беларусь.

Пра гэта заявіў 28 траўня старшыня Камітэту па міжнародных справах Эўрапарлямэнту Філіп Качмарэк падчас сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

Ён мяркуе, што гэта можа быць дэлегацыя з шасьці парлямэнтароў.

«Але мы б не хацелі, каб беларускі бок праводзіў сэлекцыю складу дэлегацыі», — цытуе Качмарэка сайт ucpb.org.

«Калі паездка адбудзецца, то мы ня будзем ніякім чынам садзейнічаць легітымізацыі сёньняшняга парлямэнту і ня маем намеру запытваць аб такой сустрэчы, тым больш у сьценах Палаты прадстаўнікоў. А вось з палітвязьнямі нам сустрэцца было б важна».

Дэлегацыя беларускай апазыцыі бярэ ўдзел у трэцяй сэсіі Парлямэнцкай асамблеі «Ўсходняга партнэрства» («Эўранэст»). У яе складзе — старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, намесьнік старшыні партыі «Справядлівы сьвет» Валеры Ўхналёў, адзін зь лідэраў руху «За свабоду» Юры Губарэвіч, прадстаўнікі БХД і кампаніі «Гавары праўду».

Ад афіцыйнага Менску на сэсію «Эўранэста» нікога не запрасілі. Палату прадстаўнікоў у Эўрапарлямэнце ня лічаць свабодна абраным парлямэнтам.

Таксама Качмарэк заявіў, што нядаўняя паездка эўрадэпутата Юстаса Палецкіса ў Менск мела прыватны характар, гэтаксама як і праект ягонага дакладу. Ён адзначыў, што, як паказвае практыка, першапачатковы зьмест дакумэнту можа вельмі моцна зьмяніцца. Прычым да такой ступені, што іншы раз яго аўтары адмаўляюцца ставіць пад ім сваё імя.

Ён адзначыў, што рэзалюцыя па Беларусі будзе разгледжаная ў верасьні ці ў кастрычніку, але ў любым выпадку ёсьць палітычная воля прыняць яе да пачатку саміту Ўсходняга партнэрства ў Вільні.

Лідэры беларускай апазыцыі сустрэліся ў Эўрапейскім парлямэнце таксама зь віцэ-сьпікерам Яцэкам Пратасевічам і экс-прэзыдэнтам Эўрапарлямэнту Ежы Бузэкам.

Ежы Бузэк адзначыў, што пры выпрацоўцы стратэгіі па Беларусі трэба будзе шукаць балянс паміж дэмакратыяй і незалежнасьцю, паведамляе прэс-служба АГП.

Бузэк пагадзіўся, што на сёньняшні дзень «вызваленьне і рэабілітацыя палітвязьняў, а таксама сумленныя і свабодныя выбары — гэта два галоўныя прыярытэты».
XS
SM
MD
LG