Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сталіцы Кіргізстану адбываецца нефармальны саміт АДКБ. На ім прысутнічаюць кіраўнікі ўсіх дзяржаваў, што ўваходзяць у арганізацыю, акрамя лідэра Беларусі Аляксандра Лукашэнкі.

Сярод журналістаў, што асьвятляюць саміт — расейскі экспэрт у справах Цэнтральнай Азіі Аркадзь Дубноў.

РС: Вы цяпер у Бішкеку. Як там успрынята тое, што на саміт АДКБ не прыехаў Аляксандар Лукашэнка?

Дубноў: Варта зьвярнуць увагу на тое, што адсутнасьць яго ў Бішкеку ніяк не была патлумачаная. Хаця ўсе яе разумеюць. Лукашэнка ня хоча апынуцца ў цэнтры ўвагі палітычнай і журналісцкай тусоўкі. Ён хавае братоў Бакіевых, абодва зь якіх прызнаныя злачынцамі, асабліва Джаныш. І Лукашэнку ў Бішкеку было б вельмі няўтульна.

Але паколькі Беларусь — усё ж саюзьнік па АДКБ, то публічна тут пра гэтую сытуацыю не гавораць, як той казаў, у доме павешанага не гавораць пра вяроўку. Цікава, што сустрэчы лідэраў АДКБ яшчэ не было, яна будзе празь некалькі гадзінаў. Але ўжо абвешчана, што на прэсавую канфэрэнцыю выйдзе адзін генэральны сакратар АДКБ Мікалай Бардзюжа. Гэта прадугледжвае адсутнасьць пытаньняў на тэму непрыезду Лукашэнкі. Дый адказаў.

РС: Нядаўна Роза Атунбаева зрабіла прызнаньне, што пасьля рэвалюцыі 2010 году рэвалюцыянэры выпусьцілі Курманбека Бакіева з краіны на просьбы Барака Абамы, Дзьмітрыя Мядзьведзева і Нурсултана Назарбаева. Дык, можа, прытулак былому прэзыдэнту Кіргізстану, які дае яму Лукашэнка — гэта не ініцыятыва аднаго Лукашэнкі, а ініцыятыва моцных сьвету гэтага? Калі так, то на што кіргізам крыўдзіцца?

Дубноў: У красавіку 2010 году, калі Бакіеў быў зрынуты, самым аптымальным выйсьцем, якое дазволіла пазьбегнуць яшчэ большага праліцьця крыві, было забясьпечыць зьнікненьне Бакіева з краіны. Як гаворыцца ў прымаўцы, зрабі так, каб я цябе шукаў. Усе разам зрабілі так, каб Бакіева шукалі. А вось цяпер яго як раз і пачалі шукаць.

Цяпер новай уладзе трэба разабрацца са спадчынай папярэдняй. І натуральна паўстала пытаньне пра дзеяньні Бакіевых. Я мяркую, што якраз Курманбек тут у Бішкеку ня надта і патрэбны. А што тычыцца Джаныша — то гэта рэальны крымінальнік і забойца. І тое, што Лукашэнка працягвае яго хаваць, ня робіць гонару прэзыдэнту Беларусі нават на фоне таго стаўленьня, якое існуе да яго ў сьвеце.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG