Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У касьцёлах Вэнэсуэлы канчаецца віно для прычасьця


У Вэнэсуэле пануе вострая нястача прадуктаў першай неабходнасьці, якая дасягнула піку апошнімі тыднямі, калі стала цяжка здабыць нават туалетную паперу.

Пра новы прадмет дэфіцыту паведаміў учора прадстаўнік Вэнэсуэльскай біскупскай канфэрэнцыі Рабэрта Люкерт: запасаў віна і аплатак для прычасьця ў касьцёлах краіны хопіць толькі на два месяцы, піша газэта El Universal.

Фірма Bodegas Pomar, якая дагэтуль займалася пастаўкамі касьцельнага віна, папярэдзіла, што ня мае магчымасьці працягваць пастаўкі з-за нястачы некаторых інгрэдыентаў, неабходных для вырабу віна. Адмысловае віно для прычасьця можа быць вырабленае толькі зь вінаграду і ня можа ўтрымваць ніякіх дадаткаў, таму, як зазначыў Люкерт, «яго ня купіш у любой краме».

«Мы маглі б імпартаваць гэтае віно, але на гэта ў нас няма патрэбнай валюты», — паведаміў прадстаўнік біскупскай канфэрэнцыі.

У міжчасе адмысловая біскупская камісія раіць пры адсутнасьці адмысловага віна ўжываць іншае, але «як мага больш чыстае і натуральнае», у самым скрайнім выпадку дазволены ўжытак якасных чылійскіх або аргентынскіх вінаў.

Вэнэсуэла — каталіцкая краіна, але Каталіцкая царква ніколі ня мела там вялікай палітычнай вагі.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Нікаляс Мадура прызнаў, што эканоміка краіны перажывае часы «вострага дэфіцыту», аднак паабяцаў ажывіць імпарт і паскорыць працэдуру разьмеркаваньня валютных запасаў.
XS
SM
MD
LG