Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакт пра ненападзеньне «Ўлада — Рок-н-рол» падпісаны?


Цягам некалькіх апошніх тыдняў у Беларусі адбыўся шэраг канцэртаў, магчымасьць правядзеньня якіх яшчэ на пачатку году была амаль роўная нулю.

Цяпер выйсьці на сцэну, каб адпрацаваць сольную праграму, атрымалі шанц музыкі, унесеныя ў негалосныя «чорныя сьпісы» забароненых. Што істотна: канцэрты прайшлі ня ў напаўпадпольных умовах, а цалкам легальна, у суправаджэньні рэклямы і ці не з папярэднім продажам квіткоў. Паўстае зразумелае пытаньне: што б тое магло значыць?

Вэрсій можа быць колькі заўгодна. Ажно да таго, што, магчыма, як тое адбылося ў 2007 годзе, прадстаўнікі ўлады і цэху музыкаў правялі спатканьне, каб дамовіцца, у якіх рамках апошнія могуць вярнуцца да прафэсіі ды легальных спосабаў нешта зарабіць дзякуючы ўласнай творчасьці. І такая сустрэча, думаецца, найперш зь ініцыятывы ўлады, верагодна, магла мець месца, адно што пра яе абодва бакі вырашылі трымаць поўную таямніцу. Таму што галоснасьць у такой сытуацыі не патрэбная нікому. Уладзе таму, што яна тады прызнала б факт выкарыстаньня чыну «асадзі назад»; музыкам таму што на іх, як гэта ўжо было, зноў абрынуліся б з крытыкай, абвінавачаньнямі ў супрацоўніцтве з уладай і здрадзе і, часам, зусім нецэнзурнымі выказваньнямі прадстаўнікі прыхільнікаў артадаксальнага крыла нязгодных ні з кім і ніколі...

Зноў жа паўтару: падобнае спатканьне — усяго толькі адна з магчымых вэрсій таго, што магло папярэднічаць такому ж ціхаму, прыхаванаму ад грамадзкасьці дазволу пачаць канцэртную дзейнасьць, як і ранейшая забарона яе спыніць. Канцэрты адбыліся, яны не былі скасаваныя за гадзіну да пачатку дзякуючы раптоўнаму зьяўленьню брыгады «хуткай забароны» пільнага МНС ці тэлефанаваньням гаспадарам клюбаў ананімных лісьлівых, але добра пастаўленых галасоў з унівэрсальнай фармулёўкаю: «Ну вы ж разумееце». А таму сапраўды можна зразумець, што чарговы этап змаганьня з ідэалягічна чужымі беларускаму грамадзтву рок-чужакамі па ўсёй верагоднасьці скончыўся. Ці — амаль скончыўся, таму што пэўныя, як той казаў, пытаньнечкі засталіся.

Добра, частка «забароненых», па ўсёй верагоднасьці, рэальнай небясьпекі для ўлады насамрэч не ўяўляе. Ну чым можа пагражаць «Нейро дюбель» з простымі, як гузік, песьнямі? Хіба што пара нелітаратурных словаў праскочыць, але ж Кулінковіч — анёл у параўнаньні з радавымі знаўцамі лінгвістыкі якога РУУС. «Drum Ecstasy»? Дык гэтыя наогул сьпяваць ня ўмеюць. «Крама»? Нехта яшчэ помніць пра такую каманду, якая зь цяжкасьцю ўтрымалася, каб зь яе не пабеглі хлопцы. «N.R.M.»? А што яны ўтрох бяз Вольскага? А сам Вольскі з «Крамбамбуляй» — якая ж пагроза? Хай сьпявае сабе пра гасьцей, абы іх панаехала як мага больш! Падчас чэмпіянату па хакеі песьня па загадзе будзе ўпісана ў сьпісы абавязковай ратацыі! Трэба ж будзе прадэманстраваць, што нашы беларускія сэрцы роўна як варатарскія брамкі шырока адчыненыя для ўсіх ахвочых.

Узьнікае пытаньне: а што ж рэшта «рок-н-рол зьняволеных»? Вайцюшкевіч там, Міхалок зь «Ляпісамі», не да апошняга трэку штодзённага вяшчаньня БТ-1 будзе згадана? Гэтыя калі лісты з просьбай памілаваць на імя галоўнага музыказнаўцы накіруюць? Бо, па ўсёй верагоднасьці, менавіта яны і стаяць цяпер у другой чарзе па амністыю.

Заўважце: я нездарма ўжыў слоўцы, якія да ўласна музычнай тэрміналёгіі ня маюць аніякага дачыненьня. Але яны практычна ва ўсіх на слыху, іх ведаюць і паўтараюць куды часьцей, чым словы зь якой песьні. І маё параўнаньне музыкаў з «чорных сьпісаў» з тымі, хто знаходзіцца за кратамі, думаецца, зусім не выпадковае. Я глыбока перакананы: узьнікненьне тых сьпісаў шмат па якіх момантах адэкватнае правядзеньню палітычных працэсаў пасьля сьнежня 2010 году і далейшай ізаляцыі найбольш яркіх, актыўных праціўнікаў улады. І цяпер тыя ж музыкі зьяўляюцца па сутнасьці тымі ж самымі закладнікамі ў дачыненьнях улады з эўрапейскай супольнасьцю, як і палітычныя зьняволеныя. Магчыма, не ў такой вострай форме, аднак асьмелюся параўнаць Статкевіча зь Міхалком. І ня тое, каб проста параўнаць, а літаральна паставіць іх побач ужо хоць бы таму, што іх можна параўноўваць ня толькі характарамі, мэтаскіраванасьцю, але й, што вельмі істотна, па сіле ўплываў на аўдыторыю. Слова, прамоўленае на мітынгу, і слова, прасьпяванае падчас канцэрту, могуць паўзьдзейнічаць на тых, хто ня страціў здольнасьць слухаць, аднолькава. Дапускаю нават, што слова на канцэрце можа запаліць куды мацней, чым на мітынгу, дзе некага і пераконваць няма асаблівай неабходнасьці ўжо хоць бы таму, што такія на мітынгі ня ходзяць. А вось на канцэртах публіка здараецца вельмі розная, і падчас канцэртаў у спартовых арэнах нават беларускіх рок-груп аншлагі — рэч распаўсюджаная. Адрозна ад палітычных мітынгаў на якім Бангалёры...

Дык вось я сьцьвярджаю: адпусьціць на волю ўсіх раней ізаляваных музыкаў было б відавочным прызнаньнем з боку ўлады таго, што адміністратыўнае зазямленьне электрагітар такі мела месца, а музыкі выкарыстоўваліся ў якасьці тавару падчас гандлю з Захадам гэтак жа сама, як і палітычныя апанэнты ўлады. Таму цяпер усё робіцца ціха, спакваля, быццам нічога і не было. Ніхто ж, здаецца, праз увесь апошні час не караў кіраўніцтва адной з менскіх FM-станцыяў за тое, што на яе хвалі «чорнасьпісачнікі» гучалі пастаянна? І я не зьдзіўлюся, калі і новы кліп «Ляписов» на песьню «Танцуй» раптам паставяць у ратацыю, і БТ, як гэта ўжо некалі было, цяпер ужо праз свой спадарожнікавы канал ды на ўвесь сьвет наладзіць трасьляцыю з «Басовішча».

Думаеце, тое фантастыка? Дык калі пачалі дэманстраваць, што аніякіх забаронаў, абмежаваньня свабоды творчасьці не было, варта гэта рабіць пераканальна, напоўніцу! Каб у тое паверылі ўсе і скрозь!

Зрэшты, думаю, бліжэйшы час пакажа, якія сакрэтныя дадаткі да агульнага пакту былі ўзгодненыя. Нават калі аніякіх таемных сустрэч не было і аніякіх подпісаў з абодвух бакоў для гісторыі не засталося...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG