Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Сяргей Пясецкі ня стаў беларускім пісьменьнікам


Севярын Квяткоўскі

Севярын Квяткоўскі

У нас са школьным прыяцелем Дзімам было ўлюбёнае месца для тусовак – камель вялікага дрэва. Зацішнае месца ў раёне прыватнага сэктару: з аднаго боку чыгунка, з другога – вуліца Надзеждзінская, дарэвалюцыйная яшчэ непрыкметная вулачка. Ідэальная для філязофскіх размоваў «за жыцьцё» цёплым травеньскім вечарам.

Аднойчы да нас зьвярнуўся дзядзька – папрасіў цыгарэтку. Запаліўшы, ён не сьпяшаўся адыходзіць. Мы дзеля ветлівасьці адказвалі на пытаньні, хоць нам карцела працягнуць пачаты перад тым дыспут. Урэшце дзядзька ўжо ня ведаў чаго б яшчэ такога сказаць. Ён смачна зацягнуўся, і прамовіў:

– Сядзіце тут бяз справы, балбочаце.

– Дык а што рабіць? :)

Паўза.

– Бачыце, новы асфальт паклалі крыва?

– Ну.

– Дык узялі б – перарабілі!

***

Чаму нацыянальна арыентаваныя беларусы не яднаюцца?

У Беларусі ў профільных колах ідзе барацьба за зацьвярджэньне ўласных мадэляў нацыянальнага пантэону.

Самае сьмешнае, што сучасныя сябры БНФ і айцы-заснавальнікі беларускага руху пачатку ХХ ст. былі б канкурэнтамі ва ўмовах парлямэнцкай барацьбы. Сацыялісты VS кансэрватары.

Калі мы хочам прайсьці чарговы ўзровень гульні, мы мусім глядзець праўдзе ў вочы, у тым ліку даваць ацэнкі беларускім дзеячам, якія купіліся на цацанкі-абяцанкі бальшавікоў. Маўляў, вы разьвівайце беларускую мову/гісторыю/культуру, а мы вам дапаможам з усім гэтым багацьцем жыць пры камунізьме.

***

Хлопец з-пад Ляхавічаў па імені Сяргей Пясецкі мог стаць беларускім дзеячом. Час быў такі, калі тры родныя браты маглі быць адначасова дзеячамі беларускага, літоўскага і польскага адраджэньняў.

Сяргей празь некаторы час стаўся Сэргіюшам. А было так. Пясецкі ўсімі фібрамі душы і розуму не прыняў ідэалёгію і дзеяньні бальшавікоў. І выбару ў яго не засталося, бо пераважная большасьць беларускіх дзеячоў пайшлі на супрацу з новазьяўленымі чырвонымі.

***

Гісторык Аляксей Братачкін актуалізаваў праблему, якая, нібы застарэлы рэўматызм, пачынае ныць «на надвор'е». У тэксьце аднаўляецца гісторыя лякальнага скандалу ў нацыянальна арыентаваных асяродках. Сабж – пісьменьнік Альгерд Бахарэвіч прапанаваў свой погляд на трагедыю Янкі Купалы, які зь песьняра Адраджэньня ў пэўны момант ператварыўся ў прапагандыста-агітатара бальшавіцкага рэжыму.

Ці ня большая частка беларускага нацыянальнага міту ў сучаснай вэрсіі так ці інакш зьвязаная з Камуністычнай партыяй. А раней з рознымі варыянтамі сацыялістычных.

Уявіце сабе гэты падзел сьвядомасьці, калі прыхільнік кансэрватыўнай партыі абараняе ад «наездаў» герояў нацыянальнага пантэону з дыямэтральна супрацьлеглага ідэалягічнага лягеру.

***

Дазволю сабе дапусьціць, што прычына разборак у нацыянальных беларускіх асяродках зьвязаная з жаданьнем шэрагу асобаў зафіксаваць сябе ў нацыянальным пантэоне герояў. Таму кожная спроба разбурыць стары савецкі міт успрымаецца як асабістая пагроза.

Калі прыняць формулу, што дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэньня 1920-х былі калябарантамі з акупацыйнай бальшавіцкай уладай, тады трэба прызнацца сабе, што і сёньня праца ў дзяржустанове ёсьць калябарацыяй з ворагам. Адваротны погляд ёсьць прызнаньнем таго факту, што беларускае і савецкае – сынонімы.

***

«Ідэі зараз няма, у нас была ідэя» – прамовіў Аляксандар Памідораў у інтэрвію для фільму пра «Народны Альбом».

Мы рабілі кіно пра надсавецкае. Пра тое, што савецкае/антысавецкае засталося ў СССР, што пачатак 1990-х быў спробай стварыць новую рэальнасьць. Відаць, крытычная маса людзей з адпаведным поглядам была замалой. Многія з новых крэатараў эмігравалі. Тыя, хто засталіся, паціху прыйшлі да формулы, якая ў «Народным Альбоме» гучыць іранічна:

– Пад прыгнётам лукашыстаў мы расьлі-сталелі, пад прыгнётам лукашыстаў гралі мы вясельлі. – Так можна перафразаваць загалоўную песьню «Народнага Альбому» пад назвай «Пад прыгнётам панскім».

***

Калі мы сапраўды будуем новую рэальнасьць, а не праходзім чарговы ўзровень гульні, тады вельмі важна артыкуляваць прынцыпы.

Калі прынцыпы падобныя да непрыняцьця бальшавізму ў кожным выглядзе, тады сапраўды давядзецца перакладаць асфальт на ўсёй вуліцы.
XS
SM
MD
LG