Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень савецкіх часоў Сяргей Ханжанкоў: «Нашы шэрагі расьлі і сыстэма павалілася»


50 гадоў таму ў Менску быў арыштаваны студэнт, выхадзец зь сям’і рэпрэсаванага расейскага інжынэра Сяргей Ханжанкоў, які рыхтаваў падрыў вежы з сыстэмай глушэньня замежных радыёстанцыяў.

Што думае пра той і пра сёньняшні час былы вязень палітычных лягераў у Мардовіі Сяргей Ханжанкоў, чым займаецца і пра што марыць?

Сяргей Ханжанкоў нарадзіўся на Калыме ў горадзе Магадан. І гэтая Калыма, сымбаль савецкага рэпрэсіўнага ладу, яшчэ прагучыць у нашай размове.

А пачалі мы гутарку з таго, што мой суразмоўца акрэсьліў сваю палітычную пазыцыю на той далёкі 1963 год: ён прынцыпова не прымаў савецкую ўладу за яе таталітарнасьць і фактычнае аднаўленьне нявольніцтва.

Выбух радыёглушылкі, які яны плянавалі з аднадумцамі, меўся стаць акцыяй абуджэньня людзей. Але былі здрада, суд, 10 гадоў мардоўскіх лягераў, потым яшчэ 17 гадоў жыцьця пад пільным кантролем КДБ, пакуль ня змог уздыхнуць вольна і зьезьдзіць як дасьледчык на тыя ж Салаўкі, дзе адбываў тэрмін ягоны дзед.

Так, разыходжаньні з савецкай уладай прынцыповыя, пагатоў замацаваныя генэтычна. Пытаюся ў Сяргея Ханжанкова: а ці ёсьць прынцыповыя разыходжаньні ў яго зь цяперашняй беларускай уладай?

— Безумоўна. Цяперашняя ўлада ж працягвае тое самае, толькі не ў такіх барбарскіх формах. Але гэта лёгка патлумачыць — проста няма тых магчымасьцяў, якія былі ў той час. Але збольшага тое самае — таталітарызм, заснаваны на ўладзе аднаго чалавека. Калымы няма, але куды адпраўляць, яны знаходзяць. Колькі ўжо пераседзела і колькі цяпер сядзяць! Усё гэта працягваецца.

Калі бачыш несправядлівасьць, зь ёй трэба змагацца. І ўсё. А ў якой форме, як, — гэта кожны для сябе вырашае сам. Але тое, што з гэтым нельга прымірацца — гэта і ёсьць мой урок
— Вы маглі б сфармуляваць нейкі ўрок вашага жыцьця, які б хацелі перадаць нашчадкам?

— Проста жыць трэба паводле сумленьня, вось і ўсё.

— А што гэта азначае?

— Гэта значыць — рэагаваць адэкватна на тое, што вакол адбываецца. Калі бачыш несправядлівасьць, зь ёй трэба змагацца. І ўсё. А ў якой форме, як, — гэта кожны для сябе вырашае сам. Але тое, што з гэтым нельга прымірацца — гэта і ёсьць мой урок.

— Вы калісьці абралі такую форму барацьбы, даволі...

— Брутальную.

— Так. З таго часу ў вас адбыліся зьмены ў меркаваньнях наконт магчымых формаў барацьбы?

— Ведаеце, тады іншага выйсьця не было. Там немагчыма было нічым іншым займацца. Спачатку трэба было людзей неяк настроіць на супраціў. Не было ж магчымасьці нешта чытаць, слухаць. А яшчэ з гэтым усе зьмірыліся — вось што тады было. Адсюль і такая форма. А цяпер нікому нічога тлумачыць ня трэба. І апазыцыйны друк ёсьць, і ваша станцыя, ня кажучы пра інтэрнэт. Таму, вядома, сытуацыя іншая, і захадаў яна патрабуе іншых.

— Вы кажаце, што ёсьць прэса, ёсьць інтэрнэт. Але вам не падаецца, што людзі дэмакратычных поглядаў і цяпер апынуліся ў замкнёнай рэзэрвацыі? Проста ў той час вас былі адзінкі, а цяпер такіх людзей крыху больш — іх сотні ці некалькі тысяч?

Нам калісьці падавалася, што як толькі надрукуюць «Архіпэляг Гулаг» Салжаніцына, дык адразу ўсё паваліцца. Народ прачытае, усё зразумее і... Але гэтак проста нічога не атрымліваецца
— Такое ўражаньне ёсьць, сапраўды. І гэта наша бяда. Нам калісьці падавалася, што як толькі надрукуюць «Архіпэляг Гулаг» Салжаніцына, дык адразу ўсё паваліцца. Народ прачытае, усё зразумее і... Але гэтак проста нічога не атрымліваецца. Проста гэта даўжэйшы працэс, які зьвязаны, напэўна, з узроўнем адукацыі народу, з тым, ці ёсьць патрэба ў народу нешта ведаць, ці не.

— А як вы вызначаеце: ёсьць у беларусаў такая патрэба ці не?

— Вядома, ёсьць. Толькі шматлікія гады, дзесяцігодзьдзі і нават стагодзьдзі гэта ўсё прыглушылі. Людзі элемэнтарна займаліся выжываньнем, прыстасаваньнем, але паступова ўсё гэта адновіцца.

— Вы ўсё ж аптыміст? Столькі перажылі ў жыцьці і захавалі аптымізм. Дзіўлюся. Вы ж мусілі там, у мардоўскіх лягерах, пакінуць свой аптымізм, а вы ім быццам зарадзіліся. Якім чынам? Падзяліцеся?

— Найперш праз зносіны зь людзьмі, падобнымі па духу і думках. І потым — з кожным годам нашы шэрагі шырыліся, і сыстэма ўрэшце павалілася. Вось што дае аптымізм.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG