Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расейскага апазыцыянэра забралі ў беларускае войска


Ігар Шчука

Ігар Шчука

Ігар Шчука — актывіст незарэгістраванай расейскай палітычнай партыі «Другая Россия», якую ўзначальвае Эдуард Лімонаў, — быў прымусова адпраўлены ў беларускае войска.

Паводле ягонай вэрсіі, гэта помста расейскіх спэцслужбаў за актыўную палітычную дзейнасьць у Расеі. А ўся апэрацыя рабілася сумесна беларускімі і расейскімі спэцслужбамі.

Як трапіў у беларускае войска нацбол, якога дзясяткі разоў затрымлівалі на апазыцыйных акцыях у Расеі і які 10 месяцаў правёў у турме па абвінавачаньні ва ўдзеле ў экстрэмісцкай арганізацыі? Вядома, што беларуская міліцыя апытвала Шчуку наконт выбухаў каля КДБ у Бабруйску.

Ігар — актыўны ўдзельнік акцыяў, якія скіраваныя супраць дзейнага ў Расеі рэжыму. І задача палітычнай паліцыі — мінімізаваць колькасьць удзельнікаў такіх акцыяў
«Тут у Маскве супрацоўнікі цэнтру па барацьбе з экстрэмізмам затрымлівалі Ігара на акцыі «Стратэгія-31» у ліпені 2012-га. І ў аддзяленьні міліцыі яму расейскія паліцэйскія ўручалі позву ў беларускі ваенкамат, — распавядае адзін зь лідэраў «Другой России» Сяргей Фомчанкаў.

Фомчанкаў перакананы: Цэнтар па барацьбе з экстрэмізмам, які займаецца палітычным вышукам у Расеі, зацікаўлены ў тым, каб ізаляваць Шчуку.

«Ігар — актыўны ўдзельнік акцыяў, якія скіраваныя супраць дзейнага ў Расеі рэжыму. І задача палітычнай паліцыі — мінімізаваць колькасьць удзельнікаў такіх акцыяў, — кажа Фомчанкаў. — Яны выкарыстоўваюць розныя мэтады. І расейскіх хлопцаў спрабуюць накіраваць у войска. А тут парадаксальная сытуацыя — ужо ў беларускае войска адпраўляюць».

Ігару Шчуку хутка будзе 26 гадоў. Нарадзіўся ён у Салігорску. Апошнія гады жыве ў Расеі. На майскія сьвяты прыехаў на радзіму да маці — і апынуўся ў вучэбцы ў Пячах.

«Ігар яшчэ тут стаў нацболам, — кажа беларускі нацбол Дзяніс Сахар, — недзе год 2003–2004. У акцыях удзельнічаў. Здаецца, і затрымлівалі яго».

Гэта па ўказцы расейскіх спэцслужбаў яго ў войска забралі. Нам так участковы сказаў, калі Ігара забіралі ў ваенкамат
Сахар пацьвярджае, што беларускія і расейскія спэцслужбы па нацболах працуюць разам. «Калі мы ў Расею езьдзілі яшчэ ў сярэдзіне 2000-х, то расейскія спэцслужбы ведалі пра нашы перамяшчэньні».

«Гэта па ўказцы расейскіх спэцслужбаў яго ў войска забралі, — кажа Ганна, жонка Ігара Шчукі. — Нам так участковы сказаў, калі Ігара забіралі ў ваенкамат».

Ганна кажа, што забралі мужа не па законе: «Ён сядзеў у турме. І са здароўем у яго праблемы: недабор па вазе, псыхапатыя і трэшчына ў вушной ракавіне».

Фомчанкаў нават ня можа згадаць, колькі разоў Шчуку затрымлівалі: 30–50 разоў. 10 месяцаў Шчука правёў у хабараўскай турме за акцыю супраць перадачы расейскіх выспаў Кітаю 1 кастрычніка 2008 году.

Гэты тэрмін Салігорскі ваенкамат як турэмны не залічыў. Салігорскі ваенны камісар Валер Заянчкоўскі кажа, што ёсьць тэрміны, у якія здымаецца судзімасьць. Да таго ж Шчука ня быў у месцах пазбаўленьня волі, таму беларускаму войску ягоная судзімасьць ня шкодзіць.

Шчука і ягоная калега Тацяна Харламава былі абвінавачаны 24 лютага 2009 году паводле артыкулаў «Удзел у дзейнасьці экстрэмісцкай арганізацыі», «Абраза прадстаўніка ўлады». Раней супраць іх была ўзбуджаная крымінальная справа паводле артыкула «Ўзбуджэньне нянавісьці і варожасьці».

Харламаву і Шчуку вызвалілі 30 верасьня 2009 году. Харламава паведамляла, што суд прысудзіў ім 10 месяцаў пазбаўленьня волі па трох артыкулах. Яны былі вызваленыя, бо тэрмін ужо адседзелі.

Падчас этапу цяжарная Харламава страціла дзіця. І Харламава, і Шчука заяўлялі, што падчас адседкі зазнавалі моцны прэсінг з боку спэцслужбаў.

«Недзе год таму, у лютым, — згадвае Фомчанкаў, — Ігара і ягоную будучую тады жонку Аню ў Салігорску выклікалі на допыт». Пры гэтым Ганна Шчука, Ігарава жонка, мае расейскае грамадзянства. Яны прыехалі ў Салігорск, каб падаць заяву ў ЗАГС.

«Зранку прыехалі супрацоўнікі міліцыі да Ігара дахаты і адвезьлі ў РУУС, — распавядае Ганна Шчука. — Пыталіся, ці ня маем мы дачыненьня да выбухаў. Фатаграфавалі, бралі адбіткі пальцаў і пыталіся, якой палітычнай дзейнасьцю займаемся ў Расеі і Беларусі».

Такім чынам, беларускія сілавыя ведамствы, у тым ліку Міністэрства абароны, ведаюць пра палітычную дзейнасьць Ігара Шчукі. Між тым ваенком Заянчкоўскі пераконвае: «Ігар Шчука проста хаваўся ад войска».

Гэты прызыўнік быў выкліканы для праходжаньня мэдычнай камісіі. Пасьля яго накіравалі ў „Навінкі“ . Там ён ужываў сьпіртныя напоі, таму быў выпісаны датэрмінова
Ваенком: «Гэты прызыўнік хаваўся ад нас каля двух прызываў. Паехаў у Расею і да нас не прыходзіў. Быў выкліканы для праходжаньня мэдычнай камісіі. Пасьля яго накіравалі ў „Навінкі“ . Там ён ужываў сьпіртныя напоі, таму быў выпісаны датэрмінова. У выніку не было прынята рашэньне пра яго прыдатнасьць да службы ў войску».

Усе гэтыя падзеі адбываліся яшчэ год таму. Іх Ігар падрабязна апісаў у сваім блогу на сайце радыё «Эхо Москвы». Па словах салігорскага ваенкома, сёлета ў Навінках Шчука таксама пабываў.

Маці Ігара Жанна Міхайлаўна, якая жыве ў Салігорску, кажа, што позвы ў войска пачалі прыходзіць да іх толькі тады, калі сын актыўна заняўся палітыкай: «Не цікавіліся яны ім ані ў 18, ані ў 19 гадоў. Гэта ўжо цяпер толькі. Вось прыехалі ранкам, забралі дзіця, і больш я яго ня бачыла. Толькі перад ваенкаматам ужо 5 хвілін. А палітыкі гэтай я ня ведаю зусім».

Вэрсію пра супрацоўніцтва расейскіх і беларускіх спэцслужбаў у справе Шчукі ваенком Заянчкоўскі адмятае: «Гэта проста сьмешна. Гэта, мякка кажучы, перабольшаньне».

Прысягу Шчука будзе прымаць 15 чэрвеня. Цяпер ён у вучэбцы ў Пячах. Пазьней адправіцца ў частку мотастралковай пяхоты ў Слоні. Ваенком кажа, што служыць Шчука будзе 18 месяцаў, бо вышэйшай адукацыі ў яго няма.

«„Другая Россия“ — самая перасьледаваная партыя ў Расеі за ўсе гады праўленьня Пуціна, — кажа Фомчанкаў. — У нас толькі паводле прысудаў суду рэальныя тэрміны 250 чалавек атрымалі за апошнія 13 гадоў. Адміністратыўныя арышты — гэта тысячамі проста».

«Палітжаўнеры» — адзін з мэтадаў змаганьня беларускіх уладаў з палітычна актыўнай моладзьдзю. У розныя гады прымусова і незаконна ў беларускае войска былі прызваныя Зьміцер Жалезьнічэнка, Франак Вячорка, Алесь Каліта, Андрусь Цянюта і іншыя. Франак Вячорка на падставе свайго досьведу службы ў беларускім войску напісаў сцэнар для фільма «Жыве Беларусь», які быў зьняты ў Польшчы (2013).

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG