Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўтавакзал ва Ўруччы на могілках — гэта блюзьнерства!»


Аўтавакзал «Маскоўскі»
Аўтавакзал «Маскоўскі»

Новы аўтавакзал замест «Маскоўскага» мяркуецца пабудаваць побач са станцыяй мэтро «Ўручча», у раёне бізнэс-цэнтру «Порт», побач са скрыжаваньнем праспэкту Незалежнасьці і вуліцы Шафарнянскай. Жыхары Ўручча абураюцца — побач старыя вясковыя могілкі.

Абаронцы аўтавакзалу «Маскоўскі» працягваюць зьбіраць подпісы за захаваньне старога вакзалу, які пабудаваны ўсяго дзесяць год таму. Улады зьбіраюцца зьнесьці яго, бо пляцоўка спадабалася гаспадарам «Газпраму», якія зьбіраюцца збудаваць там свой офіс ды іншыя аб’екты.

На могілках вакзал будаваць — даруй Божа! Гэта ненармальна, гэта злачынна. Ня верыцца
Абурае жыхароў нават ня тое, што экалёгія даволі чыстага мікрараёну Ўручча будзе парушаная, што давядзецца будаваць складаныя транспартныя разьвязкі, — а тое, што вакзал зьявіцца на месцы могілак. Людзі выказваюцца эмацыйна:

«Калі побач з могілкамі — гэта адно, а калі проста на магілах — гэта блюзьнерства. Наагул, на могілках ніхто ніколі не будуе».

«Дык там жа могілкі! Што, зносіць могілкі будуць? А хто дазваляе, калі не прайшло яшчэ 50 гадоў? Ай-яй-яй, няўжо на могілках будуць будаваць? Там страшна будзе знаходзіцца на тым вакзале, на касьцях».

«Дрэнна стаўлюся, Мне падаецца, „Маскоўскі“ аўтавакзал на сваім месцы знаходзіцца, вельмі ўдала, і навошта яго наагул пераносіць кудысьці?»

«Я нешта чуў. Але ж на могілках вакзал будаваць — даруй Божа! Гэта ненармальна, гэта злачынна. Ня верыцца».

«А дзе там вакзал наагул можна зьмясьціць? Па-першае, тут месца няма. Па-другое, ня так даўно „Маскоўскі“ пабудаваны, і вельмі зручна для людзей, і ўтульна, і хораша, я толькі адтуль еду».

«Большага глупства ніхто не прыдумаў. Я супраць. Катэгарычна».

«Як стаўлюся? Вядома ж, адмоўна. Я думаю, улады павінны падумаць пра іншае месца для вакзалу. У мяне ў галаве гэта не зьмяшчаецца».

У той жа час ініцыятыўная група па абароне аўтавакзалу «Маскоўскі» працягвае пісаць звароты і лісты ва ўсе інстанцыі. Архітэктар Віктар Талмачоў спадзяецца, што на гэтым тыдні пытаньне будзе разглядацца ў Палаце прадстаўнікоў — ён накіраваў ліст дэпутату Марату Жылінскаму і старшыні ніжняй палаты Ўладзімеру Андрэйчанку:

«Зараз будзем дамагацца праз парлямэнт, каб карэкціроўка прэзыдэнцкага ўказу была зроблена ў пляне захаваньня аўтавакзалу. Няма ніякіх супрацьпаказаньняў, каб у любым архітэктурным аздабленьні яго пакінуць. Я з кожным архітэктарам размаўляў індывідуальна, і разам на нарадзе — усе кажуць, што ён павінен быць захаваны. Збор подпісаў актыўна ідзе — у пятніцу літаральна за 40 хвілін сабралі 100 подпісаў. Народ вельмі незадаволены».

Кандыдата фізыка-матэматычных навук Віктара Талмачова абурае і мізэрны кошт, за які зямлю ў цэнтры Менску разам з аўтавакзалам прадаюць «Газпрому». Пакуль будзе весьціся будоўля новага шматфункцыянальнага комплексу на месцы вакзалу, плаціць за арэнду зямлі інвэстару ня трэба. І толькі з 2020-га «Белтрансгаз» будзе плаціць за арэнду зямлі фіксаваным коштам — за ўчастак у 8 гектараў па 4 даляры за квадратны мэтар, у год выходзіць 300 тысяч даляраў, падлічыў Віктар Талмачоў:

«У Менскі гарадзкі савет я ўжо таксама зьвярнуўся, каб яны разабраліся з рашэньнем Менскага гарвыканкаму па выдзяленьні гэтага ўчастку для будаўніцтва „Газпрому“. У прынцыпе, ён аддадзены Мілеру па-за конкурсам. Быццам бы Мілер заплаціць за ўчастак 17 мільёнаў даляраў, але гэта капейкі ў параўнаньні са стратамі, якія церпяць пасажыры. Накіраваў я ліст і папрасіў указаць балянсавы кошт аўтавакзалу. А мне адказалі, што гэта сакрэт. Гэта азначае, што кошт аўтавакзалу вышэйшы, чым гэтая сума».

Зрэшты, указам прэзыдэнта прадугледжваецца, што зь цягам часу зямля можа быць перададзеная інвэстару ў прыватную ўласнасьць.



На скрыжаваньні праспэкта Незалежнасьці і вуліцы Філімонава ў Менску, на месцы аўтавакзалу «Маскоўскі» маюць вырасьці хмарачосы — «Газпром» жадае пабудаваць «Кангрэс-цэнтар», гатэль, мэдычны і фізкультурна-аздараўленчы цэнтры, спадарожныя аб’екты гандлю і паслугаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG