Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Швэцыі, пераважна ў Стакгольме, апошні тыдзень адбываліся хваляваньні эмігранцкай моладзі. Пагромы ўспыхнулі ў ноч на 20 траўня ў стакгольмскім раёне Хузьбу, населеным выхадцамі з Блізкага Ўсходу, Афрыкі і Лацінскай Амэрыкі. Падставай паслужыла забойства паліцэйскімі пры затрыманьні 69-гадовага жыхара Хузьбу, узброенага мачэтэ. Пра цяперашнюю сытуацыю ў швэдзкай сталіцы мы папрасілі распавесьці эмігранта зь Беларусі, блогера Аляксандра Рагачова. Зь ім гутарыў Юры Дракахруст.

Радыё Свабода: Наколькі маштабныя хваляваньні, якія зараз адбываюцца ў Стакгольме і яго прымесьцях, маштабныя і паводле колькасьці, і геаграфічна? Ці вы б параілі сёньня чалавеку зь Беларусі ехаць у госьці ці турыстам у Стакгольм?

Рагачоў: Так, гэта цалкам бясьпечна. Нічога такога асаблівага там не адбываецца, на мой погляд. Гэта 3-4 месцы, дзе нешта гарыць, але памеры ўжо не такія, як было напачатку. Сёньня чытаў, што ўначы 3 машыны згарэла. Можна сказаць, што гэта ідзе на спад. Колькасьці дакладнай ніхто ня ведае, але паліцыя затрымала 44 чалавекі, 17 былі арыштаваныя, але потым вызваленыя. А аднаму прад'яўленае абвінавачаньне ў спробе зрабіць падпал з мэтай забойства.

Радыё Свабода: Вы сказалі, што толькі адзін прыцягнуты да крымінальнай адказнасьці. Тут цікавае параўнаньне зь Беларусьсю. Паліцыя і ў Швэцыі падчас хваляваньняў дзейнічае даволі жорстка, але, так выглядае, да крымінальнай адказнасьці прыцягваюць нямногіх. Ці гэта ня так і шмат людзей могуць сесьці на вялікія тэрміны?

Рагачоў: Сесьці можа толькі гэты адзін. Астатнім пагражаюць штрафы і яны павінны кампэнсаваць тое, што яны спалілі.

Радыё Свабода: А што гэта за людзі, ці ёсьць сярод іх швэды, чаго яны хочуць?

Рагачоў: Паводле пашпартоў усе яны швэды. Але яны могуць быць швэдамі ў першым ці другім пакаленьні. Гэта пераважна ўраджэнцы Блізкага Ўсходу ці Афрыкі. Чаго яны хочуць? Яны нічога ня хочуць. Яны папросту дурныя, на мой погляд. Яны ў пэўным сэнсе паляць сваю ўласнасьць. Гэта адбываецца ў раёнах, дзе жывуць гэтыя людзі, там 80-85% жыхароў – мігранты. Яны паляць машыны сваіх суседзяў, паляць дзіцячыя садкі, куды ходзяць іх малодшыя сёстры і браты, паляць школы. Гэта, відаць, недахоп культуры.

Радыё Свабода: Можна прыгадаць, што летась падобныя пагромы былі ў Лёндане, некалькі гадоў таму – у Парыжы. Швэцыя, Вялікабрытанія, Францыя – заможныя лібэральныя краіны, якія даюць прытулак гэтым людзям. Адкуль што бярэцца?

Рагачоў: Яны ніколі нічога не патрабавалі. Я чытаў артыкул адной левай журналісткі, якая пісала, што гэтыя падпалы – гэта апошні сродак, жэст адчаю з боку гэтых людзей, бо яны няшчасныя і абяздоленыя. Але справа ў тым, што гэтыя людзі ня тое, што ня здолелі інтэгравацца – яны гэтага проста ня хочуць.
У Швэцыі, на мой погляд, ёсьць усе ўмовы для пасьпяховай інтэграцыі ў швэдзкае грамадзтва. Можна збудаваць сваё жыцьцё амаль з нуля. А тут... Паліцыя кажа, што ўсе затрыманыя ёй вядомыя. Тут не было ніякай рэлігійнай подбіўкі. Гэта такое самаарганізаванае хуліганства.

Радыё Свабода: А як гэтыя інцыдэнты абмяркоўваюцца ў швэдзкіх мас-мэдыя?

Рагачоў: Як звычайна, правыя гавораць, што трэба рабіць больш жорсткім міграцыйнае заканадаўства, левыя – што яны бедныя, і што ім трэба даваць больш грошай, каб яны менш працавалі. Мне здаецца, што сусьветныя мэдыя гэта крыху разьдзьмулі. А тут гэта ўспрымаецца больш спакойна. У першыя дні гэта было на першых бачынах газэтаў, але сёньня гэта ўжо сышло на другі плян.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG