Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Брусэлі адкрываецца Эўрапейскі фонд дэмакратыі


На ўрачыстасьць прыбываюць міністры замежных спраў Бэльгіі, Літвы, Польшчы, Славаччыны, Харватыі і Эстоніі.

Сядзіба фонду разьмесьціцца ў былой польскай амбасадзе ў Брусэлі. Выканаўчым дырэктарам фонду ў студзені быў прызначаны намесьнік міністра замежных спраў Польшчы.

Як паведамляе польскае агенцтва ПАП, Эўрапейскі фонд дэмакратыі (European Endowment for Democracy) закліканы падтрымліваць дэмакратычныя перамены ў краінах усходняга і паўднёвага суседзтва Эўразьвязу. З ініцыятывай стварэньня такога фонду выступіў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі ў студзені 2011 году пасьля разгону пасьлявыбарчых пратэстаў у Менску і пачатку арабскай вясны.

Гэты праект быў адным з найважнейшых у часе польскага старшынства ў Эўразьвязе ў другой палове 2011 году, — заявіў сёньня міністар замежных спраў Польшчы Сікорскі:

«Тое, што гэты фонд, які ўжо напачатку будзе распараджацца сумай у 25 мільёнаў эўра, будзе дзейнічаць у былым будынку польскай амбасады, а ягоным дырэктарам будзе мой былы намесьнік, — гэта сьведчыць, што мы рэалізуем тое, наконт чаго ўзялі абавязаньне і што заплянавалі падчас старшынства ў Эўразьвязе. Варшава ўсё часьцей разглядаецца як крыніца тэхналёгіі і натхненьня ў справе дэмакратызацыі, асабліва сярод суседзяў ЭЗ».

Першапачатковы бюджэт фонду ў 25 мільёнаў эўра разьлічаны на 3 гады. Грошы пойдуць на падтрымку грамадзкіх аб’яднаньняў, маладых дэмакратычных лідэраў і незалежных СМІ.

Фонд будзе фінансавацца за кошт сродкаў Эўракамісіі і складак краін-сябраў Эўразьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG