Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Партыю БНФ не пускаюць у віцебскія навучальныя ўстановы


Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Леанід Аўтухоў напісаў 54 заявы да адміністрацыяў ВНУ, тэхнікумаў, каледжаў, ліцэяў, гімназій і школ, каб прадстаўнікам партыі далі магчымасьць правесьці сустрэчы з пэдагогамі.

На ніводную з больш як паўсотні не прыйшло станоўчага адказу.

Некаторыя кіраўнікі ўвогуле праігнаравалі зварот старшыні абласной партыйнай структуры: з 9 навучальных установаў спадар Аўтухоў увогуле не атрымаў ніякага адказу. З гэтай нагоды ён зьвярнуўся ў раённыя адміністрацыі і пракуратуры з просьбай распачаць працэсуальныя дзеяньні, прадугледжаныя Працэсуальна-выканаўчым кодэксам аб адміністрацыйных правапарушэньнях, бо мае месца парушэньне заканадаўства аб зваротах грамадзянаў.

У Кастрычніцкім і Першамайскім раёнах ні чыноўнікі, ні пракуроры парушэньняў ня ўбачылі, а пратэрміноўкі з адказамі спадару Аўтухову патлумачылі збоямі ў працы пошты: то лісты ад апазыцыйнага актывіста не дайшлі да навучальных установаў, то наадварот — адказы «згубіліся» па дарозе да ягонай паштовай скрыні... Толькі адміністрацыя Чыгуначнага раёну прызнала факты парушэньняў заканадаўства з боку адміністрацыяў сярэдніх школаў № 9 і № 27, гімназіяў № 2 і № 4. Леаніду Аўтухову паведамілі, што вінаватыя службовыя асобы прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці. Да адміністрацыйнай адказнасьці — за парушэньне заканадаўства — справа не дайшла.

Леанід Аўтухоў лічыць дысцыплінарнае пакараньне за такое парушэньне недастатковым:

«Я падаў заявы ва ўсе тры раённыя суды, каб адказных асобаў у адміністрацыях 9 навучальных установаў пакаралі сапраўдным чынам. Мы — зарэгістраваная партыя, былі напісаныя афіцыйныя звароты, што мы хацелі б сустрэцца з пэдагагічным калектывам, каб расказаць пра нашу дзейнасьць і пра нашы мэты. Прасілі знайсьці гадзіну-другую, каб мы мелі такую магчымасьць. Бо, на жаль, настаўнікі і выкладчыкі часта мала абазнаныя ў сучаснай палітыцы. Як высьветлілася, неабазнаныя яны і ў заканадаўстве. Дык тады няхай вучацца і адказваюць за свае парушэньні па ўсёй строгасьці закону».

Апазыцыянэр зьвяртае ўвагу і на тое, што ў адказах, атрыманых з 15-ці навучальных установаў, няма інфармацыі аб парадку іх абскарджваньня. Гэта таксама сьведчыць пра недастатковы ўзровень прававой і палітычнай адукаванасьці, лічыць актывіст.

Двое кіраўнікоў — дырэктар сярэдняй школы № 25 і рэктар Мэдычнага ўнівэрсытэту — на беларускамоўны допіс адказалі па-расейску. Значыць, прадэманстравалі ці то няведаньне беларускай мовы, ці то зьняважлівае стаўленьне да яе, лічыць Леанід Аўтухоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG