Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прыгонныя» ў «Вольным горадзе» цягнуць на суд


Сяргей Няроўны

Сяргей Няроўны

На незалежную газэту «Вольны горад» у суд Крычаўскага раёну зьвярнулася з пазовам аб абароне дзелавой рэпутацыі Чэрыкаўская перасоўна-мэханізаваная калёна № 280. Нагодай для суду, паводле пазоўніка, сталася публікацыя «Прыгонныя» ў лютаўскім нумары газэты пра аплату працы ў ПМК.

У рэдакцыі газэты паведамілі, што невялікі артыкул «Прыгонныя» пісаўся са слоў жонкі працаўніка ПМК, якая зьвярнулася ў газэту. Жанчына заяўляла, што ейны муж ня можа атрымаць заробак за тры месяцы. Прасіла дапамагчы. Журналісты параілі жанчыне зьвярнуцца ў інспэкцыю па ахове працы.

Пазоўнік лічыць, што публікацыя пісалася, каб дыскрэдытаваць кіраўніцтва ўнітарнага прадпрыемства «ПМК № 280 і раённую вэртыкаль улады, а разам з тым і дзелавую рэпутацыю арганізацыі». Праз суд ПМК, у асобе ейнага кіраўніка Аляксея Фралова, просіць суд прызнаць распаўсюджаныя зьвесткі пра арганізацыю несапраўднымі і абавязаць «Вольны горад» надрукаваць абвяржэньне.

Рэдактар «Вольнага гораду» Сяргей Няроўны зазначае, што згадка пра дыскрэдытацыю раённай вэртыкалі ўлады палітызуе пазоў будаўнікоў:

«Яны зьвярталіся да крычаўскай міліцыі, каб тая распачала крымінальную справу, але ў гэтым пазоўніку адмовілі. Тады яны зьвярнуліся ў суд. Яны на тое маюць права. Хоць паводле закону аб СМІ мы маглі вырашыць канфліктную сытуацыю да суду».

Суд Крычаўскага раёну пачне разгляд грамадзянскай справы 5 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG