Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму найлепшы фільм Канскага кінафэстывалю могуць забараніць у Беларусі?


Абдэлаціф Кешыш пазуе з "залатой пальмавай галінкай"

Абдэлаціф Кешыш пазуе з "залатой пальмавай галінкай"

Два погляды на сем фільмаў з афіцыйнай праграмы фэстывалю.

Сёньня сталі вядомыя пераможцы Канскага кінафэстывалю. Ляўрэатам «Залатой пальмавай галінкі» стаў Абдэлаціф Кешыш зь фільмам «Жыцьцё Адэль».

Неўзабаве фільмы з фэстывалю павінны зьявіцца ў кінапракаце і ў інтэрнэце. Застаецца пытаньне, ці дазволяць іх паказаць без цэнзуры ў беларускіх кінатэатрах?

Сярод першых гледачоў фільмаў 66-га кінафэстывалю ў францускіх Канах былі і беларусы — журналіст Радыё Свабода Францішак Вячорка, мовазнаўца і перакладніца Крысьціна Шыянок.

Два погляды на сем фільмаў з афіцыйнай праграмы фэстывалю.


ЖЫЦЬЦЁ АДЭЛЬ


Рэжысэр: Abdellatif KECHICHE. Краіна-вытворца: Францыя, Бэльгія, Гішпанія. Год выпуску: 2012



15-гадовая Адэль — звычайная дзяўчынка. Як і ўсе школьныя сяброўкі, цікавіцца хлопцамі. Яе жыцьцё рэзка мяняецца, калі ў адзін зь вечароў яна сустракае Эму з блакітнымі валасамі. Дзякуючы Эме, Адэль упершыню змагла адчуць сябе жанчынай і дарослым чалавекам. На фоне раўналеткаў Адэль мяняецца, расьце, шукае і зноў губляе сябе.

Францішак Вячорка: Ніколі б не падумаў, што такі фільм пераможа на Канскім кінафэстывалі. Фільм пра падлеткаў для дарослых. Доўгі (3 гадзіны), псыхалягічна напружаны. Спроба зразумець і паказаць на экране перажываньні 15-гадовай дзяўчынкі, якая атрымала першы досьвед фізычнай блізкасьці. Дзяўчынка вымушаная хаваць сваю гомасэксуальнасьць ад кансэрватыўных бацькоў. «Жыцьцё Адэль» — фільм кантравэрсійны і неадназначны. Шмат, нават зашмат дэталізаваных сцэнаў леcьбійскага сэксу. Прыгадаўся скандал на беларускім МузТВ, калі відэаінжынэр пасярод дня запусьціў у эфір порна. Падобны дыскамфорт я адчуў на праглядзе гэтага фільму ў Канах.

У Беларусі фільм хутчэй за ўсё забароняць у кінатэатрах як «прапаганду гомасэксуалізму». Калі стужку пусьцяць у пракат, гэта можа стаць прэцэдэнтам: прыйдзецца пераглядзець чорныя сьпісы «парнаграфічных» сайтаў, а таксама гэтак званых «экстрэмісцкіх» фільмаў і літаратуры. А гэта ўладам не патрэбна. Зрэшты, сам Лукашэнка супраць лесьбіянства нічога ня мае:

«Што тычыцца жанчына — жанчына, я ўжо недзе гаварыў пра гэта: гэта наша, мужыкоў, віна, што жанчына сёння жанчыне замяніла мужчыну. Гэта наша віна. Таму я шкадую. Мы нявартымі апынуліся мужыкамі для некаторых жанчын», — заявіў Аляксандар Лукашэнка 24 кастрычніка 2012 году і дадаў, што, нягледзячы на шкадаваньне, ён не асуджае лесьбіянак.

Крысьціна Шыянок: Гісторыя каханьня дзвюх францужанак, паказаная ва ўсёй паўнаце. Рэжысэр не цураецца самых інтымных падрабязнасьцяў. Атрымалася ўзрушальна, але каб сюжэтна ахапіць пяць год жыцця гераіні, прыйшлося расьцягнуць фільм ажно на тры гадзіны. Буйныя пляны, доўгія сцэны. Рэжысэр сакралізуе працэс прыёму ежы (асабліва, калі гэта спагеці баланьезэ). Уражанне, што ты сапраўды зблізка назіраеш за чыімсці жыццём. Калі ў мажлівасьці прыгажога каханьня паміж жанчынамі рэжысэр мяне пераканаў, то тэма завядзеньня адпаполымі парамі дзяцей да канца не была раскрыта. Адэль любіць дзяцей, працуе ў школе і, магчыма, хацела б мець сваіх, але пакуль не ўсьведамляе, што ў яе сытуацыі гэта будзе ня так проста.


ІМІГРАНТ

Рэжысэр: Джэймс Грэй (James GRAY). Краіна-вытворца: ЗША, Францыя. Год выпуску: 2013.



1921 год. Эва зь сястрой Магдай пакідаюць родную Польшчу ў пошуках «зямлі абяцанай», якой ім мроіцца Нью-Ёрк. Па прыбыцьці Магду, хворую на сухоты, зьмяшчаюць у каранцін на выспу Эліс. Самотная і разгубленая Эва трапляе да сутэнэра Бруна. Каб выратаваць сястру, яна гатовая на ўсе ахвяры і згаджаецца стаць прастытуткай. Зьяўленне ілюзіяніста Арлянда, стрыечнага брата Бруна, вяртае дзяўчыне надзею.


Ф.В.: Пасьля гэтага фільму Польшча мае сур’ёзную нагоду, каб абразіцца на амэрыканцаў. Палякі паказаныя закамплексаванымі, неадукаванымі, празьмерна набожнымі і эгаістычнымі. Нават суродзічы, якія даўно жывуць у Амэрыцы і ходзяць штонядзелю ў касьцёл, адмаўляюцца дапамагаць няшчаснай беднай уцякачцы. Польская мова ў вуснах Марыён Каціяр гучыць, прынамсі, неахайна. Увогуле, гэта фільм пра славутую амэрыканскую мару, шлях да якой — праз пакуты і выпрабаваньні. Раю фільм паглядзець беларусам, якія мараць пра эміграцыю як панацэю.

К.Ш.: Мары не заўсёды збываюцца, а надзеі не заўсёды спраўджваюцца. Выдатнае акторскае выкананьне Марыён Каціяр, аднак расчаравала паўтарэньне падобных сцэнаў і невыразная канцоўка. Нью-Ёрку ані гледачы, ані галоўныя героі так і не пабачылі. Асабіста мне было цікава параўнаць умовы ўтрыманьня на высьпе Эліс, якая калісьці прыняла больш за 12 мільёнаў імігрантаў, з тым, што я бачыла ў аддзеле па пытаньнях прытулку і міграцыйнай палітыкі МУС Чэхіі.


ТОЛЬКІ ЗАКАХАНЫЯ ЗАСТАНУЦЦА ЖЫВЫЯ

Only Lovers Left Alive. Рэжысэр: Jim JARMUSCH. Краіна-вытворца: Вялікабрытанія, Германія. Год выпуску: 2013


Андэграўндны музыка, знаходзячыся ў глыбокай дэпрэсіі, сустракае сваю загадкавую каханку з Танжэру. Іх каханьне ўжо доўжыцца некалькі соцень гадоў. Каб выжыць, ім даводзіцца нелегальна купляць донарскую кроў. Жыцьцё сярод людзей ім падаецца невыносным.

К.Ш.: Алюзія на іншыя фільмы і кнігі пра вампіраў. Аднак джармушаўскія вампіры — гэта інтэлектуалы, якія любяць чытаць кніжкі і разважаць на філязофскія тэмы. Яны носяць пальчаткі і імкнуцца паводзіць сябе ў адпаведнасьці з правіламі этыкету. Іх каханьне кранальна пяшчотнае — людзям на зайздрасьць. Кроў для іх — наркотык. Сцэна прыняцьця чарговай дозы нагадала «Рэквіем па мары».

Ф.В.: Cьцёб. Выклік традыцыйным фільмам пра вампіраў. Пачынаючы фільмамі пра Дракулу, заканчваючы «Прыцемкам» з Патынсанам у галоўнай ролі. Дасьціпная экзыстэнцыйная казка. Пра цяжкое жыцьцё вампіраў у сучасным сьвеце, дзе нельга перагрызьці горла першаму сустрэчнаму. Вечарам у бары яны п’юць не махіта, а сьвежую чалавечую кроў з флягі. На дэсэрт — марозіва з адмоўным рэзус-фактарам. Ім спачуваеш і зайздросьціш іх неўміручасьці. Адразу пасьля прэм’еры на Круазэт, журналісты разабралі фільм на цытаты: «Feel free to piss in the garden» («Не саромся, сікай ў садзе»). Стужка падобная да «Масакры» Кудзіненкі. Толькі Джармуша.



ВЭНЭРА Ў ФУТРЫ


Рэжысэр: Roman POLANSKI. Краіна-вытворца: Францыя. Год выпуску: 2013



Увесь дзень Том праводзіў праслухоўваньне, выбіраючы акторку для п’есы, якую мае намер паставіць у парыскім тэатры. Застаўшыся адзін, ён скардзіцца па тэлефоне на непераканаўчую гульню кандыдатак. Ніводная не паказала дастатковага таленту для выкананьня галоўнай ролі. Ён ужо зьбіраецца сыходзіць, як раптам зьяўляецца Ванда — сапраўдны згустак энергіі, зухаватая і разбэшчаная. У ёй Том знаходзіць тую, якую шукаў. «Праслухоўваньне» набірае абароты, а пачуцьці, якія рэжысэр пачынае адчуваць да акторкі, становяцца апантанасьцю.

Ф.В.: Мне здаецца, усе чакалі ад Паланскага нечага новага і геніяльнага. Гэта хутчэй нагадвала брадвэйскі мюзыкал ці тэлеспэктакаль, чым фільм. Спадабалася музыка, дэкарацыі. Паланскі напоўніцу выкарыстаў сцэнічную прастору. Фільм пра стасункі мужчынаў і жанчынаў і разьмеркаваньне роляў у гэтых дачыненьнях. Кульмінацыя — Ванда абувае Тома ў жаночыя чаравікі і прывязвае да слупа, каб ён адчуў усю сваю бездапажнасьць. У фільме шмат дасьціпных намёкаў і алюзіяў, якія маглі зразумець толькі французы і тыя, хто ў тэме. Трэба пераглядзець.

К.Ш.: Перад намі рэпетыцыя спектаклю. Прычым задзейнічаны ўсяго два акторы. І трэці — міфічная жонка, якая ня можа дачакацца Тома з працы. Яны трымаюць увагу на працягу ўсёй стужкі. Эмануэль Сэнье, галоўная гераіня і жонка-муза Рамана Паланскага, у фільме проста выпраменьвае энэргію. Эратычная камэдыя, у якой пераплеценыя тэатар і кіно.


ЗУЛУ


Рэжысэр: Jérôme Salle. Краіна-вытворца: Францыя, Паўднёвая Афрыка. Год выпуску: 2012



2013 год. У Паўднёвай Афрыцы два паліцыянты шукаюць забойцу маладой дзяўчыны сярод «гета» для чарнаскурых і раскошных раёнаў Кейптаўну. Гэта сьледзтва пераварочвае жыцьцё герояў і прымушае іх змагацца са сваімі ўнутранымі страхамі.

Ф.В.: Дзеяньне адбываецца ў 2013 годзе ў ПАР — расава сэгрэгаванай, крыміналізаванай і беднай. Зрэшты, галоўны герой (Арланда Блум) — паліцэйскі дэтэктыў — таксама п’яніца, распусьнік і наркаман. Я хацеў на прэсавай канфэрэнцыі задаць пытаньне рэжысэру Жэрому Саль, ці ня лічыць ён, што паказаў Паўднёвую Афрыку, найбагацейшую краіну Афрыкі, надта змрочнай і безнадзейнай, але мяне апярэдзілі іншыя журналісты. Рэжысэр сказаў, што такім чынам хацеў паказаць праблемы. Калі наступны раз будуць абвінавачваць «Жыве Беларусь!» у змрочнасьці і гіпэрбалізаванасьці — буду раіць паглядзець «Зулу».

К.Ш.: Фільм «Зулу» — гэта спроба прыцягнуць увагу да праблемаў, якія актуальныя для жыхароў Кейптаўну: беднасьць, хваробы, злачыннасьць, зьвязаная зь дзейнасцю гангаў. Нягледзячы на гіпэрбалізацыю, месцамі па-галівудзку празьмерную, стужка раскрывае жыцьцё Паўднёвай Афрыкі, закранаючы пры гэтым цэлае кола тэмаў: помста і прабачэння, адносіны бацькоў і дзяцей, мужчыны і жанчыны, вернасьць ды інш.


МАЛАДАЯ І ПРЫГОЖАЯ


Jeune & Jolie | Young & Beautiful. Рэжысэр: François OZON. Краіна-вытворца: Францыя. Год выпуску: 2013



Непаўналетняя францужанка з заможнай сям’і пасьля першага няўдалага сэксуальнага досьведу пачынае аказваць інтымныя паслугі сталым людзям. Гэта ёй пачынае прыносіць ня толькі грошы, але і задавальненьне. Празь нешчасьлівы зьбег абставінаў пра гэта даведваюцца бацькі.


Ф.В.: Фільм падзелены на чатыры часткі — чатыры пары году і чатыры песьні, якія адпавядаюць чатыром этапам сталеньня. Не, гэта фільм не пра 17-гадовую прастытутку, а пра праблему выбару, якая стаіць перад кожным маладым чалавекам у гэтак званым пераходным узросьце. У галоўнай гераіні ўсё ёсьць — сям’я, бацькоўская апека, грошы — і менавіта гэта змушае яе на адчайныя авантурныя ўчынкі. Гэтым яна адрозьніваецца ад беларуская, якія трапляе ў прастытуцыю ці наркагандаль не з-за добрага жыцьця, а хутчэй наадварот. Шмат эратычных сцэнаў, але ня так шмат, як у «Жыцьці Адэль». Гэтым фільмы падобныя. Кульмінацыя — калі адзін з сталых кліентаў Ізабэль (для яе ўзросту — дзядуля), памірае ад сардэчнага прыступу падчас інтымнай сустрэчы ў гатэльным нумары.

К.Ш.: Фільм, хоць і апавядае пра юнацтва, але насуперак сваёй назьве («Маладыя і прыгожыя»), не зьяўляецца дыфірамбам часу, які так часта неабгрунтавана ідэалізуюць. Юнацтва ў фільме — вельмі небясьпечны пэрыяд унутранай барацьбы, якая прывяла галоўную гераіню, 17-гадовую дзяўчынку, да прастытуцыі. Драматычны сюжэт разбаўлены рамантычнымі францускімі песьнямі, ідылічнымі фонамі і камічнымі сытуацыямі.


ЗА КАНДЭЛЯБРАМІ


BEHIND THE CANDELABRA. Рэжысэр: Steven SODERBERGH. Краіна-вытворца: ЗША. Год выпуску: 2013



Да Элвіса, Элтана Джона і Мадоны быў Лібэрачэ — піяніст-віртуоз, эксцэнтрычны музыка, кароль шоў і тэлеперадачаў. Лібэрачэ не прызнаваў ніякіх межаў, праяўляў нястрыманасць як на сцэне, так і па-за ёй. Улетку 1977 ў яго ложу пракраўся малады прыгажун Скот Торсан, і, нягледзячы на розьніцу ва ўзросьце і сацыяльным статусе, паміж мужчынамі ўзьнікла таемная сувязь, якая доўжылася пяць гадоў.

Ф.В.: Майкал Дуглас ў галоўнай ролі — выдатная знаходка. Новы погляд на жыцьцё геяў. Галоўныя героі — дзівакі са сваімі жартамі і комплексамі — не выклікаюць антыпатыі. Раскоша, шаленства, глямур, забава. Усё, праўда, заканчваецца кепска: Лібэрачэ памірае ад СНІД. Фільм жа зусім ня сумны, нават часам сьмешны. Беларусам, напэўна, не спадабаецца, ды і наша «міністэрства праўды» не прапусьціць

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG