Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тры музычныя прэм’еры ад «Green Pills», «ili-ili» і «Amaroka»


У менскім клюбе «Re:publiс» маладыя гурты прэзэнтавалі свае беларускамоўныя праграмы.

Малады гурт «Green Pills» выступіў з дэбютным альбомам «Шызафрэнія», у якім спрэс развагі пра страчанае пакаленьне і безнадзейнасьць жыцьця тут і цяпер.

«Мы пакаленьне дэбілаў, пакаленьне бязь сілаў, пакаленьне мрояў, пакаленьне герояў», — сьпявае гурт у загалоўнай песьні «Шызафрэнія», кліп на якую быў прэзэнтаваны тут жа, а неўзабаве зьявіцца ў інтэрнеце.

«Green Pills» ўтварыўся, аддзяліўшыся ад музычнага калектыву «Знарок», і абраў сваёй працоўнай моваю беларускую.

У гурце «ili-ili» граюць і сьпяваюць акторы Купалаўскага тэатру. Раней яны былі часткаю гурту «Дзецідзяцей», а цяпер распачалі асобны музычны праект. Як сказалі музыкі, ідэя сьпяваць па-беларуску ўзьнікла ў іх падчас гастроляў тэатру ў Францыю.

«Чамусьці на чужыне вельмі хочацца размаўляць па-беларуску. Вось мы і пачалі. Нават пераклалі некалькі песень, якія раней існавалі толькі па-расейску», — заявіў адзін з музыкаў.

Чамусьці на чужыне вельмі хочацца размаўляць па-беларуску
Зь пяцёркі песень, якія склалі беларускамоўную праграму гурту «ili-ili», слухачам найбольш спадабалася «Танчыць», якую музыкі выканалі ўжывую.

Яны таксама ўпершыню паказалі відэа на гэтую песьню. Ролік перамог ў конкурсе «Кліп-замова».

Гурт «Amaroka» прэзэнтаваў альбом «Пастка». Гэта чацьвёртая па ліку праграма калектыву. У адрозьненьне ад папярэдніх міні-альбомаў, у якія ўваходзілі 5-6 кампазыцыяў , «Пастка» — гэта 9 беларускіх песень і 3 пераклады на ангельскую.

Дырэктар Арт Сядзібы і арганізатар канцэрту ў клюбе «Re:publiс» Павал Белавус адначыў, што ідэя супольнага канцэрту — навінкі беларускамоўнай музыкі. Таму кожны з удзельнікаў канцэрту прэзэнтаваў нешта новае.

«Мы рыхтавалі гэты канцэрт пад лёзунгам „Арт Сядзіба зьбірае сяброў“. Гэтым разам адразу тры гурты згуртаваліся на глебе беларускай мовы: нехта ўпершыню выступіў зь беларускамоўнай праграмай, нехта працягвае граць беларускую музыку ўжо ня першы год. Арт Сядзіба вітае творцаў, дапамагае ім знаходзіць пляцоўкі для выступаў, прасоўвае іх творчасьць да шырокага кола слухачоў і гледачоў», — заявіў Белавус.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG