Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сродак ад глухаты


Ёсьць у расейскай мове такое дзіўнае, падзабытае, рэдкаўжывальнае слова — «берушы»... Не адразу і зразумееш, што яно мае дачыненьне не да хабарнікаў, а да вушэй і беражлівасьці. Затычкі, каб менш чуць, нічога ня ведаць і спакойна спаць. Карысная рэч! А існуюць жа яшчэ серныя коркі, якія і купляць у аптэцы ня трэба — проста ня чысьціш вушы, і ўсё: ці-шы-ня, разбаўленая бессэнсоўнымі шумамі. Прыкладна з такімі самымі мэтамі ў Менску доўгі час працавала так званая радыёстанцыя № 3, асноўнай задачай якой было глушыць замежныя «галасы», каб нічога не замінала савецкім людзям бачыць ідэалягічна правільныя сны ад ранку да ранку.

Праўда, пра тое, што гэта глушылкі, ведаў кожны мянчук. Ведаў і расеец Сяргей Ханжанкоў — ад самага свайго пераезду ў сталіцу Савецкай Беларусі ў сярэдзіне пяцідзясятых. 27 траўня 1963 году ён, студэнт аўтадарожнага факультэту менскага палітэхнічнага інстытуту і сапёр паводле вайсковай спэцыяльнасьці, быў арыштаваны проста ў аўтобусе, з валізкай у руках. У валізцы ляжаў тол, з дапамогай якога Сяргей з двума сябрамі зьбіраліся ўзарваць тыя глушылкі — такі сабе сымбалічны тэракт. Кажуць, яны былі ня надта эфэктыўныя і рады радыёхвалям давалі не заўжды — але яны былі, яны існавалі, вось у чым праблема.

Быў яшчэ і трэці прыяцель, які настойліва раіў заняцца больш сур’ёзнымі справамі: узарваць замест нікому не патрэбных глушылак завод, напрыклад, і заадно выйсьці на якіх-небудзь іншаземцаў, зацікаўленых у арганізацыі дывэрсій у БССР... Радыкальна настроены быў чалавек. Сапраўдны антысаветчык. Ён і здаў Ханжанкова зь сябрамі, прычым задоўга да таго, як Сяргей пачаў рыхтаваць сваю апэрацыю.

Але Ханжанкову былі патрэбныя менавіта глушылкі. Як сымбаль савецкага рабства, якое ён ненавідзеў зь дзяцінства — нарадзіўшыся на Калыме ў сям’і былога лягерніка, а потым ссыльнага, хутка пачынаеш разумець, што да чаго. Такія былі ў яго ўнівэрсытэты да менскага палітэху. Паводле задумы, глушылкі меліся быць узарваныя позьняй часінай пры самым паскудным надвор’і, каб максымальна зьменшыць верагоднасьць ахвяраў.

«...Ханженков, начиная с весны 1962 года и до осени этого же года, изучая расположение объектов радиостанции № 3, неоднократно проникал на ее территорию и произвел необходимые измерения, на основании которых составил схематический и масштабный планы расположения объектов радиостанции и окружающих ее строений, а также рассчитал количество взрывчатого вещества, необходимого для подрыва радиостанции... С целью приобретения взрывчатого вещества для подрыва радиостанции № 3 Ханженков и Храповицкий в конце лета и осенью 1962 года приобрели 9 артиллерийских снарядов и две минометные мины... Одновременно с подрывом радиостанции № 3 Ханженков, Храповицкий и Серегин готовились к изготовлению и распространению антисоветских листовок, для чего обсуждали способы изготовления листовок, вопрос о приобретении пишущей машинки и приобрели 5 кг 840 граммов типографского шрифта, используя для этой цели малолетнего брата Ханженкова».

Цяпер цікава ўяўляць сабе, як бы прыгожа яны абрыналіся, тыя глушылкі — у дажджлівым начным Менску, па якім калючы вецер ганяе старыя білеты ў цырк і апалае лісьце. Гул быў бы ня надта гучны — затое рэха... Сяргею Ханжанкову далі дзесяць гадоў, якія ён адбыў да канца ў мардоўскім лягеры. Нехта скажа: бессэнсоўна, сам загубіў сваю маладосьць, «пашанцавала, што быў 1963, бо за сталіным да сьценкі б паставілі бяз роздумаў», «юнацкая дурасьць, барацьба зь ветракамі»... І наогул, пачынаць трэба з сыстэмы. А так — донкіхоцтва. А вось цікава, у якой камэры сядзела б цяпер гісторыя, калі б Ян Палах або Ромас Каланта думалі ў свой час пра пажарную бясьпеку? Калі б Валерыя Навадворская выконвала рэкамэндацыі маёраў у белых халатах? Калі б усе спачатку ўзважвалі і адмяралі, а потым думалі, плаціць або не? І напаўшы на бяскрыўдны з выгляду вятрак, можна раптам выгнаць схаваную ў ім пачвару. Ці хаця б прымусіць яе баяцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG