Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У райцэнтры Круглае, што на Магілёўшчыне, працаўнікі мясцовага льнозавода бароняць ад закрыцьця сваё прадпрыемства.

Яго зьбіраюцца зачыняць, бо яно нібыта нерэнтабэльнае, аварыйнае і мае шмат мільярдную запазычанасьць. Працаўнікі заяўляюць, што гатовыя тут працаваць, а даўгі сплаціць.

Апавесьці журналісту пра сытуацыю на прадпрыемстве да завадзкой прахадной прыйшлі сямёра працаўніц. Да жаночай грамады далучыліся й мужчыны — трактарысты. Яны адзіныя на прадпрыемстве, хто мае занятак. Льнозавод стаіць ад 20 траўня. У гэты дзень працаўніц не пусьцілі ў цэх. Наступныя некалькі працоўных дзён жанчыны прыходзілі да прахадной і чакалі пакуль начальства перадумае. Яно ж прапанавала працу на Шклоўскім льнозаводзе. Працаўнікі з гэтым не згаджаюцца. Чаму?

«Зь зімы нас тэрарызуюць гэтым Шкловам. Пасяўная скончылася пачаўся зноў гэты тэрор. А паперы ніякай няма на закрыцьцё завода. Сказалі, што хто ня хоча звальняйцеся, а калі будзеце пісаць на адпачынак, то пішыце з наступным звальненьнем».

«Які яны загад напісалі: „Працаўладкаваць людзей на месяц“, а далей што?».

«Калі ўжо пытаньне стаіць, што зачынілі завод, дык няхай бы людзей звольнілі паводле закону. Папярэдзілі за месяц. Выплацілі дапамогу. Скарацілі б — тады іх на біржу паставілі, а так жа іх ніхто не паставіць».

«Камандзіровачныя ніхто не зьбіраецца нам плаціць, разьязныя таксама».

«У нас ніякай забастоўкі няма. І панікі няма. Проста людзі самі сябе бароняць. Нас няма каму абараніць».


Завод не працуе

Завод не працуе



Ніхто з працаўніц пакуль не наважыўся на працу ў Шклове. Туды людзей абяцаюць вазіць аўтобусам. Ад Круглага да Шклова — чатыры дзясяткі кілямэтраў. 24 працаўнікі напісалі заявы на адпачынак і цяпер чакаюць, што будзе далей.

На тэрыторыі прадпрыемства стаіць новая тэхніка. Працаўнікі паказваюць на яе і кажуць: «Вось гэта нашы даўгі».

Завадзкі двор увесь у калдобінах. Наводвалі — цэх.

«Ну так, вы ж бачыце ў нас з выгляду, які завод. Дык у нас будынкі з 1947 году. Але і без рамонту яно колькі б працавала. Гэта ж мы ня тое, што першы год во так селі. Мільярды напазычалі ды сядзім. Людзі ў такіх умовах працуюць даўно».

Пра тое, што 24 працаўнікі напісалі заявы на адпачынак, пацьвердзілі ў адміністрацыі прадпрыемства. На працягу месяца, як паведаміў супрацоўнік адміністрацыі, будзе вырашаны лёс прадпрыемства. Пакуль жа ніякіх дакумэнтаў на закрыцьцё льнозавода няма. Паводле суразмоўцы, Шклоўскаму заводу не хапае сыравіны і ён не зацікаўлены ў тым, каб у Круглым было такое ж прадпрыемства. Што да пазыцыі работнікаў, то прадстаўнік адміністрацыі зазначае:

«Людзей зразумець можна. Ім хочацца захаваць завод. У яго яны ўклалі, можна
Яны ня знойдуць сабе тут працы
сказаць, часьціцу сваёй душы. Даводзілася ім і без заробку сядзець не адзін месяц. Але іх гэта задавальняе. Ня хочуць ехаць на Шклоў, бо Шклову мы аддаём зямлю і сыравіну, а людзі гэтыя нікому не патрэбныя. У Круглым усе арганізацыі можна пералічыць на пальцах. Яны ня знойдуць сабе тут працы».

А якое цяпер эканамічнае становішча на прадпрыемстве?

«Цэхі ў нас ёсьць, абсталяваньне працоўнае. 600 тон. Да гэтага ўпалі цэны на валакно, таму нам не хапала на заробкі, на электраэнэргію. Крэдыторская запазычанасьць складае 12 мільярдаў. Гэта запазычанасьць расла яшчэ з 2007 году. Былі грошы ў нас скрадзеныя. Дагэтуль займаюцца кампэтэнтныя органы дырэктарам, які тады кіраваў».

Тэрыторыя Круглянскага льнозавода

Тэрыторыя Круглянскага льнозавода



Даведацца ў холдынгу «Магілёўабллён», якому падначальваецца Круглянскі льнозавод, пра далейшы ягоны лёс не ўдалося. На тэлефанаваньні ніхто не адказваў. З сюжэту, паказаным на тэлеканале АНТ, з камэнтара намесьніка генэральнага дырэктара Алега Грудава вынікае, што лёс прадпрыемства нібыта ўжо вырашаны. Калі працаўнікі не адумаюцца, іх звольняць, а мадэрнізацыя льнозавода не прадугледжваецца. Спадар Грудаў заяўляе:

«Вокны вывальваюцца, сьцены разбураюцца. Праводка няспраўная. Вэнтыляцыя не працуе. Ёсьць прадпісаньне МНС, санстанцыі, што ў гэтых памяшканьнях працаваць далей нельга».

Сюжэт на АНТ працаўнікі Круглянскага льнозавода называюць тэндэнцыйным, хоць тэлевізійнікаў людзі запрасілі самі:

«Там зрабілі, што ім было выгадна. А тое, што людзі гаварылі, наагул нічога не паказалі. Вось дырэктара, дык толькі першыя словы пусьцілі, а астатняе павыразалі. Сказалі, што нібыта мы самі мітынгуем і ня хочам працаваць, але ж гэта нам не далі ўключыць вытворчасьць».

На льнозаводзе ў штаце блізу 80 чалавек. Многія адпрацавалі тут больш за 15 гадоў. Шмат работнікаў перадпэнсійнага веку. Сярэдні заробак у працаўнікоў складае крыху больш за 2 мільёны рублёў і залежыць ад сэзону і попыту на ільняное валакно. Сёлета льнозавод засеяў 1 тысячу гектараў лёну. Летась выканаў дзяржаўную замову на выраб валакна. Акрамя льнозавода ў райцэнтры з вытворчых прадпрыемстваў ёсьць перасоўна-мэханізаваная калёна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG