Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэлеглядач Мікалай Статкевіч: «І 20 гадоў не прайшло, як сёе-тое да іх дайшло»


Зьняволены кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч напісаў пра зьмены на беларускім і расейскім тэлебачаньні. Палітвязьня Зьмітра Дашкевіча ў турме наведаў адвакат. Мікалай Дзядок спадзяецца на акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі. Былы палітвязень Аляксандр Малчанаў рыхтуецца ў ліпені выйсьці на волю.

Мікалай Статкевіч ў лісьце з магілёўскай турмы падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад прагляду тэлеперадач. Нядаўна Статкевічу ў камэру паставілі тэлевізар, які перадалі сябры. Тэлебачаньня палітвязень не бачыў паўтары году і зараз параўноўвае ўражаньні з тым, што бачыў раней. Мікалай Статкевіч выказаўся як на адрас беларускіх, гэтак і расейскіх тэлеканалаў.

Жонка палітыка Марына Адамовіч цытуе ліст палітвязьня: «Гляджу на ім (маецца на ўвазе тэлевізар) ў асноўным навіны. Бо ўсё астатняе, за рэдкім выключэньнем, нецікавае. Відавочнае падзеньне інтэлектуальнага ўзроўню расейскага тэлебачаньня і рост прапагандыскага складніка навінаў ў ім. Прычыны, на мой погляд, дзьве. Па-першае, найбольш інтэлектуальныя гледачы сышлі ў інтэрнэт і тэлевізійшчыкі мусяць арыентавацца на тых спажыўцоў, якія засталіся. Па-другое, мабыць, расейская ўлада гэтак рэагуе на зьяўленьне пратэстнай меншасьці і згортвае агульную дэмакратыю. Па беларускіх каналах яўных зьменаў не заўважана. Як станоўчыя фактары мушу адзначыць зьяўленьне некалькіх някепскіх дакумэнтальных фільмаў на гістарычную тэматыку і зьмены да лепшага ў стаўленьні да спадчыны Вялікага княства Літоўскага. Як кажуць, і 20 гадоў не прайшло, як сёе-тое да іх дайшло». І смайлік намаляваў, канешне».

Мікалая Статкевіча асудзілі на 6 гадоў зьняволеньня за падзеі 19 сьнежня 2010 году і трымаюць ў крытай турме ў Магілёве як злачынцу, які не стаў на шлях выпраўленьня і схільны да парушэньня рэжыму ўтрыманьня.

Зьмітра Дашкевіча ў турме наведаў адвакат


24 траўня лідара арганізацыі «Малады фронт» ў гарадзенскай турме наведаў адвакат.

Наста Дашкевіч распавяла Свабодзе: «У яго ўсё ў парадку. Настой добры, выглядае добра. Ні на што не скардзіцца, асабліва ніякіх навінаў пра сябе не распавядаў».

Жонка палітвязьня дадае, што ў лісьце Зьміцер піша: «Кахаю і цалую» — «Гэта ў нас ў кожным лісьце».

Зьмітра Дашкевіча па-ранейшаму ўтрымліваюць у адзіночнай камэры гарадзенскай турмы як злоснага парушальніка турэмнага рэжыму.

18 сьнежня 2010 году лідэр «Маладога фронту» быў арыштаваны і асуджаны на два гады зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве. Восеньню 2012 года , перад канцом тэрміну Зьмітра Дашкевіча асудзілі яшчэ на год зьняволеньня за парушэньні рэжыму.

Мікалай Дзядок спадзяецца на салідарнасьць з палітвязьнямі


Вязень магілёўскай турмы Мікалай Дзядок даслаў жонцы ліст, ў якім выказаўся адносна спадзеваў на датэрміновае вызваленьне.

Бацька палітвязьня Аляксандр Дзядок пераказаў зьмест ліста: «Напісаў, што не разьлічвае на вызваленьне датэрміновае, ні на якія амністыі не разьлічвае. Разумее, што давядзецца адбываць ўвесь тэрмін, а засталося яму год і 9 месяцаў. Кажа, што бачыць адзіны шлях — гэта трывалыя акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, каб пра іх памяталі і больш распавядалі, што ёсьць такія палітычныя вязьні.»

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4 гады зьняволеньня за напады на афіцыйныя будынкі. На судзе Мікалай Дзядок сваёй віны не прызнаў. Праваабаронцы Беларусі лічаць, што Дзядок, як і іншыя асуджаныя анархісты, быў кінуты за краты паводле палітычных меркаваньняў.

Аляксандр Малчанаў рыхтуецца да вызваленьня ў ліпені


Вязень калёніі ў Навасадах пад Барысавым Аляксандр Малчанаў паведаміў, што ў ліпені яго мусяць вызваліць. Неўзабаве будзе прынята рашэньне, ці паставяць Аляксандра Малчанава пасьля вызваленьня пад прафіляктычны нагляд.

Пра гэта Свабодзе паведаміла грамадзкая актывістка Тацяна Кім, якая лістуецца з былым палітвязьнем, удзельнікам мітынгу пратэсту 19 сьнежня 2010 года Аляксандрам Малчанавым.

«Званіў, сказаў, што ў яго ўсё добра. 13 ліпеня ён вызваляецца. Хутка мусіць быць суд, на якім будзе вырашацца, паставяць яго на прафіляктычны нагляд, ці не. Да яго езьдзіла адвакат, а я зь ім не сустракалася.»

Паводле зьвестак Тацяны Кім, у калёніі Аляксандр Малчанаў навучаўся на токара, скончыў курсы і да канца тэрміну пройдзе практыку.

Аляксандр Малчанаў пасьля вызваленьня паводле памілаваньня ад пакараньня за падзеі 2010 году быў асуджаны на паўтага года за крадзеж мэталялёму. Малады чалавек казаў у судзе, што яго нікуды не бралі на працу і ён мусіў зарабляць на жыцьцё зборам бясхознага мэталу. Калі Аляксандр Малчанаў быў у зьняволеньні, ў яго памерла маці. Былым палітвязьнем апякуюцца актывісты грамадзкай ініцыятывы «За волю».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG