Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 27 траўня: брыфінг пра Беларусь у Жэнэве, прэзэнтацыя кнігі Галіны Каржанеўскай


Родная хата Ўладзімера Жылкі ў вёсцы Макашы каля чыгуначнай станцыі Гарадзея пад Нясьвіжам.
Родная хата Ўладзімера Жылкі ў вёсцы Макашы каля чыгуначнай станцыі Гарадзея пад Нясьвіжам.

Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

Сёньня ў Беларусі і сьвеце

У Жэнэвэ — пачатак сэсіі Рады правоў чалавека ААН (да 14 чэрвеня). Сярод іншых будзе абмяркоўвацца і беларускае пытаньне. 27 траўня — брыфінг па сытуацыі ў Беларусі, 4 чэрвеня — выступ спэцдакладчыка па Беларусі Міклаша Харасьці.

У Бішкеку — саміт кіраўнікоў дзяржаваў АДКБ сярэднеазіяцкага рэгіёну.

У Менскай абласной бібліятэцы імя Пушкіна (вул. Гікалы, 4) адбудзецца прэзэнтацыя кнігі Галіны Каржанеўскай «Што варта радасьці і сьлёз...» «Біяграфія ў вершах і нарысах» — так акрэсьліваецца жанр кнігі. Пачатак у 17.30. Уваход вольны.

У кнігарні логвінаЎ — апошні дзень выставы «Экспартны варыянт. Беларуская літаратура ў замежных перакладах». Наведнікі маюць апошні шанец азнаёміцца з выданьнямі сучаснай беларускай літаратуры на іншых мовах. Васіль Быкаў, Уладзімір Караткевіч, Ларыса Геніюш, Уладзімер Арлоў, Уладзімір Някляеў, Андрэй Хадановіч, Наталка Бабіна, Барыс Пятровіч, Артур Клінаў і Адам Глобус у ангельскіх, польскіх, украінскіх, нямецкіх, чэскіх, швэдзкіх, расейскіх перакладах.

У Горадні — канцэрт расейскага сьпевака Аляксандра Разэнбаўма. Канцэртная пляцоўка «новы замак», 19:00

Гэты дзень у гісторыі:

1633 — памёр Мялецій Сматрыцкі, царкоўны, грамадзка-палітычны дзеяч, беларускі пісьменьнік-палеміст.

1836 — нарадзіўся Валеры Ўрублеўскі, адзін з кіраўнікоў паўстаньня 1863–1864 г.г.

1847 — нарадзіўся Якуб Наркевіч-Ёдка, прыродазнавец, вынаходнік, мэдык.

1859 — нарадзіўся Лазар Замэнгоф (г. Беласток), лекар, вынаходнік мовы эспэранта, некаторы час жыў у Горадні.

1871 — у Парыжы быў расстраляны вэрсальцамі Кастусь Далеўскі. У часе паўстаньня Каліноўскага ён быў камандзірам атраду на Ковеншчыне. Пасьля паразы паўстанцаў здолеў перабрацца ў Францыю, дзе пасябраваў зь Яраславам Дамброўскім і далучыўся да парыскіх камунараў. Загінуў у 34 гады.

1891 — памёр Аляксандар Ходзька, паэт, фальклярыст, усходазнавец.

1900 — у вёсцы Макашы каля чыгуначнай станцыі Гарадзея пад Нясьвіжам нарадзіўся беларускі паэт Уладзімер Жылка.

1918 — Рада Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам пераехала зь Вільні ў Горадню, дзе заставалася да верасьня 1919 г.

1919 — нарадзілася актрыса Галіна Макарава.

1924 — памёр Леў Бакст (Розенберг Леў), ураджэнец Горадні, парыскі жывапісец і графік, тэатральны мастак, заканадавец моды.

1925 — у Атэнах (Грэцыя) памёр Зыгмунт Мінейка, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гг., грэцкі грамадзкі дзеяч, этнограф, калекцыянзр, мэмуарыст.

1957 — нарадзіўся Алег Латышонак, беларускі і польскі гісторык, доктар гістарычных навук, старшыня Беларускага гістарычнага таварыства ў Польшчы.

1990 — нарадзіўся Мікіта Ліхавід, беларускі палітычны актывіст, асуджаны за ўдзел у дэманстрацыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.

Цытата на памяць:

Бывай, мой ранак срэбраросы!
Бывай, мой дзень клапот, пакут!
Прайшоўшы сьвет разьдзетым, босым,
Пара падумаць i пра кут:
На могiлках зацiшных Росы
Хачу спачыць ад каламут.
Сачыцьмуць мой спакой найпiльней
Муры старой, каханай Вiльнi.

Уладзімер Жылка
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG