Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Талака ў Курапатах пачалася са сходу і малітвы


25 траўня ва ўрочышчы Курапаты шматдзённая талака. Мэта — прыбраць сьмецьце, хмызьняк і сухое гальлё, расчысьціць сьцежкі паміж магіламі.


12.30 На Талаку ва ўрочышчы Курапаты сабраліся блізу трох дзясяткаў чалавек, сярод іх —Вінцук Вячорка, Андрэй Дзьмітрыеў Дзьмітрыеў, Сяргей Ханжанкоў, Уладзімер Раманоўскі, Ігар Кузьняцоў. Сярод удзельнікаў шмат моладзі.

Ганна Шапуцька абвесьціла пра парадак працаў. Удзельнікі групы «Абаронім Курапаты» падзяліліся на дзьве «каманды» — адна застаецца непасрэдна ва ўрочышчы «Курапаты», другая ідзе прыбіраць на тэрыторыі, прылеглай да «Бульбаш холу» .

Яшчэ да пачатку Талакі, якую арганізоўвае група «Абаронім Курапаты», адбыўся невялікі канфлікт з прадстаўнікамі КХП БНФ: удзельнікі не маглі вызначыць месца для пасадкі кветак.

Актывісты групы «Абаронім Курапаты» плянуюць прыходзіць сюды кожны тыдзень.





Мяркуецца, што талака будзе доўгатэрміновай, першы яе этап завершыцца 3 чэрвеня.

Каардынатарка ініцыятывы «Абронім Курапаты» Ганна Шапуцька паведаміла Свабодзе, што ўсё магчымае, каб талака прайшла належным чынам, з боку сяброў ініцыятывы зроблена: «Запрошаныя людзі, на ахвяраваныя грошы закупленыя інструмэнты для прыборкі, адбыліся перамовы з прадстаўнікамі Менскага райвыканкаму і лясьніцтва, якія пагадзіліся нам дапамагаць. Добра, што далі згоду ўдзельнічаць прадстаўнікі розных партыяў і арганізацыяў».

Валянтэры ўжо абралі месца, адкуль пачнецца першы этап талакі, — з боку скандальнага «Бульбаш-холу». Паводле словаў Ганны Шапуцькі, якраз там самы засьмечаны кавалак лесу.

25 траўня талака распачнецца а 12-й гадзіне. З 27 да 31 траўня валянтэры будуць працаваць зь 17 гадзіны. 1 чэрвеня — пачатак працы зноў а 12-й. А 3 чэрвеня будзе зладжаны круглы стол, на якім падвядуць вынікі першага этапу талакі і абвесьцяць пра тэрміны наступнага.

Усяго ў гэтым годзе плянуецца правесьці тры тыднёвыя заходы, каб зрабіць у Курапатах парадак.




Фота і відэа з падзеі — пазьней на сайце Свабоды




Даведка Свабоды


Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКУС расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.

У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты знайшлі парэшткі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».

У чэрвені 1988 году была створана ўрадавая камісія, і пракуратура БССР узбудзіла крымінальную справу па выяўленых фактах. У працэсе расьсьледаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.

Пры аглядзе ляснога масіву выявілася, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 групавых пахаваньняў, зь якіх шляхам эксгумацыі было праверана 8. У 6 зь іх знайшлі шкілетныя парэшткі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы. Каб ушанаваць памяць ахвяраў, тут паставілі крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.

У Курапатах ня раз чыніліся акты вандалізму.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG