Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кажуць: «аптымізацыя», разумеюць: «няма грошай, звальняйцеся!»


Сыстэму адукацыі чакае скарачэньне кадраў, якое чыноўнікі называюць «аптымізацыяй».

Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік правёў нараду і даручыў Мінадукацыі падрыхтаваць адпаведны дакумэнт. І адзначыў, што сродкі, якія ў выніку вызваляцца,застануцца ў сыстэме адукацыі і будуць накіраваныя на павышэньне аплаты працы.

На думку намесьніцы старшыні Таварыства беларускай школы Тамары Мацкевіч, і аптымізацыя, і скарачэньне ў сыстэме адукацыі патрэбныя, але да гэтага трэба разумна падыходзіць. Паводле словаў Тамары Мацкевіч, у сыстэме адукацыі працуе каля 800 тысяч чалавек, а настаўнікаў зь іх — толькі 132 тысячы:

Тамара Мацкевіч
Тамара Мацкевіч
«Патрэбна ў першую чаргу скарачэньне кантралёраў, якія сядзяць у аддзелах адукацыі, на ўсіх узроўнях адукацыйнай вэртыкалі. Зразумела, скарачэньне не павінна закрануць настаўнікаў, бо настаўнікі вельмі загружаныя. І аптымізацыя тут патрэбная такая, што калі скароцяцца структуры, якія іх кантралююць, вызваліцца вольны час на дзяцей, на свае прадметныя задачы, на задачы адукацыі. Бо столькі гэтых дармаедаў разьвялося, якія патрабуюць усялякіх паказчыкаў!»

Заробкі настаўнікаў не даходзяць да сярэдніх па краіне 565 даляраў у месяц — нават у самых дасьведчаных і зь вялікім стажам атрымліваецца максымум 400 даляраў у эквіваленце:

«Мая зарплата — 3 мільёны 300 тысяч. Але ў мяне 35 гадзін на тыдзень. Не 18, а 35. То бок амаль у два разы больш за стаўку. Гэта вельмі шмат, гэта на знос працаваць».

«3 мільёны — гэта сярэдні заробак настаўніка ў сельскай школе. У маладога спэцыяліста 2 мільёны — 2 мільёны 200 тысяч».

«У мяне вышэйшая катэгорыя, у мяне больш за 20 гадоў стажу, у мяне больш за паўтары стаўкі — і пры ўсім гэтым атрымліваю 3 мільёны — 3 мільёны 300 тысяч».


Летась у Менскі дзяржаўны пэдагагічны ўнівэрсытэт імя Максіма Танка на фізычны і матэматычны факультэты прынялі ўсіх, хто падаў дакумэнты. На фізфаку пры пляне прыёму 130 чалавек — 45 недабор. У выніку зь першага курсу матфаку і фізфаку было адлічана каля 100 чалавек. Гэта сьведчыць і пра зьніжэньне аўтарытэту прафэсіі. Таму, лічыць былы рэктар БДУ, прафэсар Аляксандар Казулін, спачатку трэба ўзьняць ролю, аўтарытэт настаўніка ў грамадзтве:

«Калі раней слова „настаўнік“, а таксама „лекар“ гучала вельмі годна, то цяпер гэта гучыць неяк дзіўнавата, калі не з пагардай, але зь нечым падобным. І моладзь ня вельмі імкнецца ў гэтую прафэсію.

Аптымізацыя — зараз такое вельмі моднае слова, якім прыкрываюцца, каб скараціць як мага больш кадраў, скараціць выдаткі на сыстэму адукацыі. І тое, што цяпер навучаньне ў ВНУ скарацілі зь пяці гадоў да чатырох, — гэта таксама аптымізацыя, якая не вядзе да паляпшэньня, а вядзе, калі можна так сказаць, да дэвальвацыі самой вышэйшай адукацыі».

На прамой лініі ў газэце «Советская Белоруссия» віцэ-прэм’ер Анатоль Тозік прывёў такія лічбы: летась у краіне было 64 тысячы выпускнікоў, а на ўсе формы навучаньня ў ВНУ было прынята 81,3 тысячы. Што гэта дэвальвацыя вышэйшай адукацыі, прызнаў і чыноўнік Нацыянальнага інстытуту адукацыі Алег Лісейчыкаў.

Былы рэктар БДУ, прафэсар Аляксандар Казулін выказаў такое меркаваньне:

Аляксандар Казулін
Аляксандар Казулін
«Зараз ВНУ ператварыліся ў машыну па зарабляньні грошай. І да якасьці адукацыі гэта ня мае ніякага дачыненьня. Таму ў выкладчыкаў ВНУ — такая абыякавасьць. Плянка, якая была раней, так апусьцілася, што цяжка ўжо казаць пра якасьць адукацыі. Зразумела, што калі бяруць усіх спрэс, пра якую якасьць адукацыі можна казаць? Калі выкладчыкам забараняюць ставіць двойкі, то што можна казаць? Для ВНУ цяпер самае галоўнае — зарабляць грошы. А грошы і якасьць адукацыі — гэта несумяшчальна».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG