Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Эканамічнай амністыі ў Расеі пакуль ня будзе


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін адхіліў прапанову аб амністыі прадпрымальнікаў, назваўшы праект пастановы «сырым» і непрапрацаваным. Аднак, ён паабяцаў правесьці кансультацыі з урадам аб магчымасьці амністыі.

У пачатку 2013 году ўпаўнаважаны па справах прадпрымальнікаў Барыс Цітоў выступіў з ініцыятывай аб амністыі, якая была б прымеркаваная да Дня прадпрымальніка 26 траўня.

Экспэртная рада пры ўпаўнаважаным прапаноўвала распаўсюдзіць амністыю на асуджаных за махлярства, прысваеньне сродкаў або растрату, прычыненьне маёмаснай шкоды і іншыя злачынствы — усяго па 53 артыкулах Крымінальнага кодэксу.

Паводле Пуціна, на дадзены момант вызначаныя ня ўсе групы прадпрымальнікаў, якія падлягаюць амністыі.

«А ёсьць жа фінансавыя махляры, а ёсьць жа тыя, хто сядзяць за крымінальны экспарт матэрыялаў падвойнага прызначэньня, якія можна выкарыстоўваць для вытворчасьці зброі... Прапанова пакуль сырая», — падкрэсьліў Пуцін, ад якога прадстаўнікі бізнэсу чакалі, што ён як мінімум на словах ухваліць ініцыятыву.

Пуцін выказаў свае ацэнкі на сустрэчы з прадпрымальнікамі ў Варонежы.

Як чакалі экспэрты, «зялёнае сьвятло» ідэі з боку Пуціна магло спрыяць датэрміноваму выхаду на волю экс-кіраўніка нафтавай кампаніі ЮКОС Міхаіла Хадаркоўскага і былога кіраўніка групы кампаній «Менатэп» Платона Лебедзева, якія былі прысуджаныя да 13 гадоў турмы за крадзеж нафты.

У офісе расейскага бізнэс-амбудсмэна запэўніваюць, што за апошнія пяць гадоў у Расеі па эканамічных артыкулах асуджаныя 250 тыс. чалавек, зь якіх больш за 13 тысяч знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі. Аднак вызваляць усіх запар яны не прапаноўваюць.
XS
SM
MD
LG