Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кафэін, паводле часопіса New Scientist — самае папулярнае на плянэце псыхаактыўнае рэчыва. Толькі ў Злучаных Штатах больш за 90% дарослых ужываюць яго кожны дзень.

Нядаўняе дасьледаваньне, праведзенае Гарвардзкай школай аховы здароўя, паказала, што «піцьцё кавы не нясе з сабой ніякіх сур’ёзных шкодных наступстваў» і што спажываньне да шасьці кубачкаў за дзень «не зьвязанае з павышэньнем рызыкі сьмерці зь якой бы то ні было прычыны».

Пры памяркоўным спажываньні кафэін можа мець станоўчыя наступствы. Дасьледваньні паказваюць, што гэта можа зьменшыць рызыку раку прастаты і раку грудзей.

Кафэін адрозьніваецца ад іншых наркатычных рэчываў тым, што ўжываецца для павышэньня прадуктыўнасьці, а не для прыемнасьці — як канабіс, або каб расслабіцца — як алькаголь.

Найбліжэйшая аналёгія — лісты кокі, якія жуюць, каб атрымаць энэргетычны зарад, у такіх краінах, як Пэру ці Балівія.

Таму невыпадкова, лічыць Стывэн Браўн, аўтар кнігі пра альгаголь і кафэін у навуцы і фальклёры, што кава стала надзвычай папулярнай у Эўропе на зары індустрыйнай рэвалюцыі, калі пачалася пагоня за ўсё большай прадуктыўнасьцю працы.

Шмат творчых людзей увайшлі ў гісторыю гераічным аб’ёмам спажываньня кавы.

Так, паводле аднаго біёграфа, Бальзак піў да 50 кубачкаў кавы за дзень. «Калі б ня кава, было б немагчыма пісаць, а значыць — было б немагчыма жыць», — аднойчы сказаў пісьменьнік.

Сем гадоў запар рэжысэр Дэйвід Лінч харчаваўся ў тым самым рэстаране ў Лос Анджэласе і выпіваў сем кубачкаў кавы з цукрам за адзін прысест, што, як ён казаў, гарантавала прыток «мноства ідэяў».

Людвіг ван Бэтговэн, як кажуць, старанна адлічваў 60 кававых зярнятаў на кожны кубачак, калі гатаваў каву.

З апошніх легендарных дасягненьняў згадваюць сьпевака Робі Ўільямса, які спажываў штодня 36 падвойных эспрэса і 20 бляшанак «Рэд булу».

Спажываньне кафэіну ў сьвеце (на душу насельніцтва)

Фінляндыя 12 кг
Нарвэгія 9,9 кг
Ісьляндыя 9 кг
Данія 8,7 кг
Нідэрлянды 8,4 кг
Швэцыя 8,2 кг
Швэйцарыя 7,9 кг
Бэльгія 6,8 кг
Канада 6,5 кг
Босьнія 6,2 кг

Усяго ў сьвеце ўжываецца 120 000 тонаў кавы штогод.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG