Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фару Вітаўта можна склеіць


Як можна склеіць з паперы макет славутага гарадзенскага касьцёла, збудаванага шэсьцьсот гадоў таму і разбуранага савецкай уладай, паказала сёньня гісторык Тацяна Касатая.

Яна патлумачыла, што архітэктар Андрэй Шулаеў зрабіў «выкрайку» на пяці аркушах, дзякуючы чаму кожны ахвотны зможа мець папяровы макет храма. Самога касьцёлу даўно няма: пры канцы 1961 году савецкая ўлада яго ўзарвала.

Сёньня ўвечары ў Горадні адбылася прэзэнтацыя зборніка тэкстаў пад назвай «50 год бяз Фары Вітаўта», выдадзенай «Гарадзенскай бібліятэкай».

Тацяна Касатая
Тацяна Касатая


Вядома, што храм у розныя часы выглядаў па-іншаму. Царская ўлада ўвогуле перабудавала яго ў праваслаўны сабор.

Доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч распавёў, як дваццаць гадоў таму адбыліся раскопкі падмуркаў касьцёлу, якія добра захаваліся, маюць шырыню два з паловай мэтры. Іх засыпалі жвірам, каб лёгка было зноў адкапаць, патлумачыў ён. Тады існавала задума абвесьціць адбудову храма ўсімі беларусамі, каб зьяднаць народ, як гэта адбылося ў ХІХ стагодзьдзі ў Празе падчас дабудовы сабора сьвятога Віта, зазначыў гісторык. Паколькі знайсьці грошы ў бюджэце на такую справу ў той час было немагчыма.

Алесь Краўцэвіч
Алесь Краўцэвіч


Улады не адмаўлялі ў магчымасьці некалі аднавіць зьнішчаны касьцёл. Аднак не парупіліся паставіць на яго месцы хаця б крыж. Калі ўлада ў Беларусі зьмянілася, грамадзкія актывісты некалькі разоў ставілі ў сквэры, дзе некалі быў касьцёл, крыж, але кожнага разу яго ламалі, а актывістаў каралі. Цяпер існуе рашэньне гарадзкіх уладаў, прынятае некалькі гадоў таму, паставіць замест касьцёлу памятны знак, але яно пакуль ня выкананае.

Запрошаны зь Менску дасьледчык сакральнага дойлідзтва Сяргей Харэўскі зазначыў, што лічыць нежаданьне ўладаў аднаўляць такія важныя для Беларусі храмы, як Фару Вітаўта, працягам палітыкі зьнішчэньня архітэктурнай адметнасьці беларускіх гарадоў, запачаткаваную імпэратрыцай Кацярынай ІІ, працягнутай наступнымі царамі, а затым савецкай уладай, асабліва пры Сталіне і Хрушчове.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG