Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў і мастак Зьміцер Герасімовіч прэзэнтавалі англамоўнае выданьне сваёй кнігі «Краіна Беларусь», якая пабачыла сьвет 10 гадоў таму.

Па-ангельску кніга называецца «This Country Called Belarus» і мае сваёй мэтавай аўдыторыяў замежнікаў, таму на імпрэзу былі запрошаныя найперш прадстаўнікі дыпляматычных місіяў і замежных арганізацый.

На імпрэзе казалі, што кніга «Краіна Беларусь» даўно чакала выйсьця да англамоўнага чытача, бо адна з мэтай яе стварэньня — паказаць непарыўнасьць эўрапейскай і беларускай гісторыі, літаратуры, архітэктуры, прэзэнтаваць беларусаў як эўрапейскую нацыю. Большую частку ілюстрацыяў для выданьня аўтары знаходзілі ў Літве, Польшчы, Аўстрыі, Ватыкане. Усяго ў «Краіне Беларусі» — больш за 2000 ілюстрацыяў.

«У кожнай цывілізаванай дзяржаве чалавек мае дакумэнт, які сьведчыць пра ягоную асобу, які паведамляе імя, дату і месца нараджэньня, зьвесткі пра тое, дзе ён жыве. Такі дакумэнт звычайна называецца пашпартам. На маю думку, своеасаблівы пашпарт павінна мець і сама дзяржава. І гэты пашпарт павінен сьведчыць пра тое, калі і дзе ўзьнікла дзяржаўнасьць на гэтых землях, павінен вызначаць яе часавыя, гістарычныя і культурныя каардынаты,— адзначыў Уладзімер Арлоў. — Аднак пашпарт звычайна ўтрымлівае зьвесткі ня толькі на адной мове. Для таго, каб карыстацца ім належным чынам, трэба, каб іншыя нацыі таксама маглі прачытаць тое, што там напісана. Менавіта з такой думкаю мы з мастаком Зьмітром Герасімовічам працавалі над выданьнем».

Як, напрыклад, дамагчыся, каб назва краіны Вялікае Княства Літоўскае надалей не заблытала англамоўнага чытача, не пераканала яго, што ВКЛ насялялі выключна продкі сучасных жыхароў Літвы?
Кнігу «Краіна Беларусь» прымусіў загаварыць па-ангельску знакаміты брытанскі беларусіст прафэсар Джым Дынглі, які сам ня змог прыехаць на прэзэнтацыю.

У Менск прыехала ягоная жонка Эля, перадала прысутным словы свайго мужа з нагоды выхаду з сьвет кнігі:

«Калі мяне папрасілі перакласьці кнігу на ангельскую мову, я адчуў і гонар і вялікую трывогу. Як, напрыклад, дамагчыся, каб назва краіны Вялікае Княства Літоўскае надалей не заблытала англамоўнага чытача, не пераканала яго, што ВКЛ насялялі выключна продкі сучасных жыхароў Літвы? Існавала праблема і з тым, каб знайсьці дакладныя ангельскія адпаведнікі шматлікім відам зброі, а таксама кіроўным пасадам, якія існавалі ў ВКЛ. Як паказаць дзеячоў, якія вядомыя заходнікам як пэрсанажы польскай гісторыі, беларусамі? Таму я нават і не перакананы, што ўсё перакладзена слушна».

Рэдактар Зьміцер Санько параўнаў падзею з выхадам у 16 стагодзьдзі «Хронікі эўрапейскай Сарматыі», якую напісаў Аляксандр Гваньіні на лаціне. З гэтай кнігі адукаванае эўрапейскае грамадзтва ўпершыню пазнаёмілася з гісторыяй нашай краіны:

«Кніга, якую мы прэзэнтуем сёньня, выконвае тую самую функцыю, толькі ўжо ў нашым часе. Знаёміць эўрапейцаў з малазнаёмай краінай у цэнтры Эўропы».

«Краіна Беларусь» таксама выйшла па-расейску.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG