Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктару Піліпцу выставілі абвінавачваньне


Віктар Піліпец
Віктар Піліпец

Сьледчы камітэт выставіў абвінавачаньне былому старшыні Гомельскага гарвыканкаму Віктару Піліпцу і яго падначаленым з управы капітальнага будаўніцтва паводле часткі 2 і 3 артыкула 424 Крымінальнага кодэксу — злоўжываньне ўладаю й службовымі паўнамоцтвамі.

Праз махінацыі зь дзяржаўнымі кватэрамі бюджэт не атрымаў 3,8 мільярда рублёў, нанесена істотная шкода гараджанам, дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам.

Падчас сьледзтва было ўстаноўлена, што Віктар Піліпец, а таксама дырэктар управы капітальнага будаўніцтва гарвыканкаму, яго намесьнік па эканоміцы й фінансах, начальнікі жыльлёва-інвэстыцыйнага й плянава-дагаворнага аддзелаў у верасьні-кастрычніку 2011 году незаконна выдзелілі сабе, сваім сваякам, блізкім ды знаёмым кватэры ў шматпавярховых жылых дамах, пабудаваных на пачатку таго ж 2011 году. Частка кватэраў была аформлена на падстаўных асобаў.

Карэнны гамяльчук спадар Міхаіл, які ўсё жыцьцё рабіў на заводзе, так выказаўся наконт абвінавачваньня, выстаўленага былому кіраўніку гораду:

«І раней садзілі такіх „тузоў“. Калі я сумленны рабочы, за мной віны ніякай — вольна я сябе адчуваю. А „тузы“ — яны сьпяць неспакойна, яны трасуцца. Іх калі ня сёньня, то заўтра забяруць. Ім усё мала. Вы ж ведаеце: чым большая пасада ў чалавека — яму ўсё мала й мала. Вось гэтых, якія крадуць, хабар бяруць, іх трэба ня толькі судзіць, але й да сьценкі ставіць».

Махлярствы з кватэрамі ў Гомелі пачалі раскручваць год таму — спачатку КДБ, а потым Сьледчы камітэт. Першымі затрымалі кіраўнікоў управы капітальнага будаўніцтва. У жніўні мінулага году Віктара Піліпца вызвалілі ад пасады старшыні гарвыканкаму, перавялі фармальна на іншую працу, а ў верасьні — арыштавалі.

У зьвязку з кватэрнымі махінацыямі пазбавіліся пасадаў некаторыя чыноўнікі аблвыканкаму, у тым ліку першы намесьнік старшыні Аляксандар Баранаў, памочнік старшыні Аляксандар Урубель, а таксама памочнік прэзыдэнта ў рэгіёне — галоўны інспэктар па Гомельскай вобласьці Ігар Пракапенка.

Выказаўся на гэтую тэму «па гарачых сьлядах» нават Аляксандар Лукашэнка — ён заявіў, што «некаторыя чыноўнікі, як гэта здарылася ў Гомелі, бралі дзясяткамі кватэры й перапрадавалі, а грошы клалі сабе ў кішэню». І папярэдзіў: «І не адзін чыноўнік з сваімі сваякамі і набліжанымі сядуць на лаву падсудных»

Вырасьціла... тулялася ў бараках. Сорак гадоў адпрацавала ў ліцейцы. І што я? Вэтэран працы з капейкамі. І во даводзіцца мучыцца. За што?
У скупой інфармацыі, якую падаў у мэдыі Сьледчы камітэт пасьля арышту Віктара Піліпца, згадвалася пра 25 кватэраў. Акурат столькі гарадзкія чыноўнікі нібыта й разьмеркавалі сваякам і «патрэбным людзям» па заніжаных коштах. Потым некаторыя перапрадалі кватэры й атрымалі прыбытак. А людзі, што чакалі перасяленьня з-за зносу сваіх прыватных дамоў ці іншых паважных прычынаў, тым часам мучыліся.

Гаворыць гараджанка Варвара, якая зь сям’ёй сына вымушана перасялялася з прыватнага дома ў кватэру ў мікрараёне Валатава:

«Нам выдзелілі дзьве двухпакаёўкі, бо там у нас было звыш 100 квадратных мэтраў. Я прасіла для сябе аднапакаёўку як для старога чалавека, а дзецям — трохпакаёўку. Не далі — няма ў іх. Колькі мы ні біліся — я й плакала, ва ўправу капітальнага будаўніцтва хадзіла, казала, што ня згодная. І паверх прасіла, каб не вышэй за другі ці трэці, бо я пажылы чалавек, — не далі!»

Праз суды на падставе пазоваў пракуратуры сёлета сталі забіраць кватэры ў тых, хто атрымаў іх па заніжаных коштах. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, асобныя высокапастаўленыя чыноўнікі ўхітрыліся даплаціць за бюджэтныя кватэры — і іх не пазбавіліся.

У іншых сем’ях, як, напрыклад, у доме на вуліцы Сьвірыдава, рашэньне суду пра высяленьне стала сапраўднай драмай. Бабуля, чыя ўнучка атрымала льготную кватэру як спэцыяліст будаўнічай управы, ня стрымлівае сьлёз, бо новую набыць за рыначны кошт няма ніякай магчымасьці:

Людзі ж, напэўна, ведалі, на што ішлі. Лічу, што гэта справядліва. Чаму яны павінны быць разумнейшыя за нас? Мы ўсё жыцьцё працавалі — і нічога не нажылі
«Вырасьціла... тулялася ў бараках. Сорак гадоў адпрацавала ў ліцейцы — на заводзе „Эмальпосуд“ ванны рабіла. І што я? Вэтэран працы з капейкамі. І во даводзіцца мучыцца. За што? Праз што?»

Некаторыя суседзі па дому лічаць, што правільна забіраюць дзяржаўныя кватэры ў тых, хто набыў іх па заніжаных коштах:

«Людзі ж, напэўна, ведалі, на што ішлі. Лічу, што гэта справядліва. Чаму яны павінны быць разумнейшыя за нас? Мы ўсё жыцьцё працавалі — і нічога не нажылі».

З кватэрным махлярствам зьвязаны ў Гомелі й трагічны выпадак. 15 сакавіка ў кватэры сваёй жонкі быў знойдзены мёртвым у пятлі былы першы намесьнік старшыні гарвыканкаму Анатоль Чысьцік. Пасьля арышту Піліпца ў зьвязку з «кватэрнымі махінацыямі» Чысьцік нейкі час выконваў абавязкі старшыні гарвыканкаму. Паводле неафіцыйных зьвестках, у той жа «кватэрнай справе» праваахоўныя органы затрымлівалі і яго.

А зусім нядаўна былі арыштаваныя начальнік аддзелу кіраваньня будаўнічым комплексам і жыльлёвай палітыкі гарвыканкаму й дырэктар камэрцыйнага прадпрыемства. Сьледчы камітэт канстатаваў з гэтай нагоды: «У выніку незаконнага адчужэньня дзяржаўнай маёмасьці і яе далейшага выкарыстаньня не па мэтавым прызначэньні яны нанесьлі ўправе капітальнага будаўніцтва Гомельскага гарвыканкаму шкоду на суму больш за 1 мільярд рублёў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG