Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некаторы час таму адзін мой калега на падобнай канфэрэнцыі заявіў: я ведаю, як перамагчы на ​​прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе. Мая прапанова больш сьціплая, але, на мой погляд, больш рэалістычная — я ведаю, як плённа прайграць гэтыя выбары.

Выступ на канфэрэнцыі «Выклік Эўразіі для эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі» ў Таліне.

Мая прапанова недарэчная, калі на 2015 год прыпадзе крызіс, супастаўны з 2011 годам, калі з шэрагаў намэнклятуры вылучыцца ўмоўны Сідорскі — аўтарытэтны прадстаўнік кіроўнай эліты, што нядаўна пакінуў яе шэрагі, які кіне выклік Лукашэнку. Гэта будзе індыкатарам таго, што пратэстныя настроі і праўда высокія, гэта забясьпечыць магчымасьць камунікацыі паміж альтэрнатывай і кіраўніцтвам сілавых структур. Бяз гэтых індыкатараў наўрад ці можна прыдумаць нешта лепшае, чым прапанаваны сцэнар плённай паразы.

Да гэтага варта дадаць, што зьяўленьне ў 2015 годзе спрыяльных фактараў па меншай меры невідавочнае. Затое гарантавана зьяўленьне на гэтых выбарах фактару, які ўскладніць і так вельмі малаверагодны посьпех альтэрнатывы. Гаворка ідзе аб намечаным на 2015 год утварэньні Эўразійскага саюзу. Стаўленьне да гэтага саюзу стане праблемнай восьсю выбараў 2015 году і фактычна на іх апазыцыйным кандыдатам давядзецца супрацьстаяць ня толькі А. Лукашэнку, але і У. Пуціну.

На сцэнар плённай паразы могуць запярэчыць — трэба ставіць амбіцыйныя мэты, тады атрымаецца хоць нешта, будзе выкананая хаця б праграма-мінімум. Гэта не заўсёды так. Гульня па вышэйшых стаўках нярэдка адбываецца ў адпаведнасьці з прынцыпам «усё або нічога», і часта гулец атрымлівае менавіта другое.


Кандыдаты ў нішто


Барацьба за перамогу (электаральную) патрабуе заваёвы 50%. Гэта азначае зрушэньне перадвыбарных пазыцый да цэнтру, да сярэдзіны.

Калі меркаваць па паводзінах беларускіх апазыцыйных палітыкаў, яны ніколі і не імкнуліся да гэтай найвышэйшай мэты. Калі людзі, якія разглядаюць сябе як кандыдатаў у прэзыдэнты, удзельнічаюць у кампаніі за тое, каб адабраць у Беларусі чэмпіянат сьвету па хакеі, калі яны не саромеюцца ў выразах для характарыстыкі палітыкі Расеі — гэта азначае, што ў іх няма ніякага жаданьня быць прэзыдэнтам сваёй краіны, няма ніякага жаданьня падзяляць хаця б базавыя ўяўленьні, каштоўнасьці і забабоны свайго народу, а ня кола актывістаў і фэйсбучнай тусоўкі.

Мая прапанова як раз для іх. Вы ня хочаце быць прэзыдэнтам? Выдатна, тады і не імітуйце, што хочаце, усё роўна ня станеце. Так зрабіце пры дапамозе выбараў нешта карыснае, станьце выразьнікамі інтарэсаў сваіх аднадумцаў, прычым ня толькі згаданай фэйсбучнай тусоўкі. На самай справе гэта не такая простая задача.



Замест прэзыдэнта выбраць лідэра апазыцыі


Калі казаць не пра электаральную арытмэтыку, а пра гэтак званую рашучую меншасьць, якая творыць гісторыю, то варта нагадаць, што нават падчас катастрафічнага эканамічнага крызісу 2011 году ў Беларусі не было сур’ёзных масавых пратэстаў. З чаго ім быць у 2015 годзе? Адкуль возьмуцца палкі і дывізіі пераможнай арміі Плошчы?

Выбары прэзыдэнта варта ператварыць у выбары лідэра апазыцыі. Як казаў Глеб Паўлоўскі пасьля выбараў у РБ ў 2001 годзе, цяпер мы ведаем, каму патэлефанаваць, калі захочам пагаварыць з беларускай апазыцыяй.

Бяда Беларусі ня ў тым, што Лукашэнка рэалізуе тую палітыку, якую лічыць патрэбнай. Бяда ў тым, што меркаваньне тых, хто зь ёй нязгодны, наагул ніяк ня ўлічваецца. Для зьмены гэтай сытуацыі патрэбная палітычная кансалідацыя гэтай меншасьці, здабыцьцё ёю палітычнага твару. Нядаўна я пачуў ад аднаго заходняга экспэрта словы, якія сам пісаў падчас выбараў 2001 году: рэальная мэта — каб рэйтынг хаця б аднаго апазыцыйнага палітыка на працягу досыць доўгага часу перавышаў 10%. Ужо тады Беларусь будзе іншай краінай.

Дарэчы, Лукашэнка ня лічыцца зь нязгоднай зь ім меншасьцю ня толькі з прычыны кепскіх якасьцяў яго натуры, але і таму, што ня бачыць прадстаўніка гэтай меншасьці.

Выбары і могуць стаць інструмэнтам вызначэньня гэтага прадстаўніка.

У рамках такога сцэнару робіцца не настолькі катастрафічным мноства кандыдатаў, паўтор схемы «Беласьнежка і 7 гномаў» 2010 году. Самі выбары будуць проста працягам працэсу вылучэньня адзінага — але ўжо не кандыдата, а лідэра.



Як прыгожа сысьці з Плошчы


У чым прычына таго, што не ўдаецца дамовіцца аб адзіным? У тым, што на самой справе палітыкі далёка ня ўпэўненыя, што перамогі дамогся б нават адзіны нават на свабодных выбарах. Пры тым, што разьлічваць на свабодныя выбары не даводзіцца, іх не было нават у 2010 годзе, у разгар «мядовага месяца» паміж Менскам і ЭЗ.

Казаць яны могуць усё што заўгодна, але іх паводзіны, іх падтрымка акцый накшталт адмены чэмпіянату па хакеі ў Беларусі, гавораць аб іх сапраўдных ацэнках становішча рэчаў лепш, чым іх упэўненыя заявы. А ў сытуацыі, калі няма веры ў перамогу нават адзінага, адмова ад каапэрацыі уяўляецца вельмі рацыянальным рашэньнем.

Канцэпт выбараў — мы патрабуем, каб з намі лічыліся. Гэта збольшага вырашае і праблему Плошчы, якая на самой справе ёсьць праблема прыгожага сыходу зь яе. Калі разьлічваць на перамогу, то ўзьнікае забойчая дылема: або ганебны сыход, як у 2006 годзе, або радыкальныя дзеяньні, асуджаныя на паўтор 2010 году. Дарэчы, на самай справе ў 2010 годзе менавіта Лукашэнка сваімі брутальнымі паводзінамі вырашыў за апазыцыю праблему прыгожага сыходу з Плошчы. Сыход атрымаўся прыгожы сваёй пачварнасьцю і трагізмам. Свайго прыгожага рашэньня апазыцыя ня мела.



Не разгубіць заваяваны капітал


Праўда, у рамках гэтага сцэнару цяжар рашэньня ў пэўным сэнсе пераносіцца на пасьлявыбарчы пэрыяд. Ёсьць вопыт, як апазыцыя з апэтытам «зьядала» сваіх «адзіных»: пасьля 2001 году — Ганчарыка, пасьля 2006 году — Мілінкевіча. Тым самым зьнішчаўся той невялікі, але ненулявы капітал, які на выбарах быў усё ж заваяваны. Магчыма, таму, што мэтай на выбарах абвяшчалася перамога. І тады апазыцыйны адзіны аказваўся і сапраўды няўдачнікам, нават горшым, чым той, хто ня ўдзельнічаў у выбарах. Калі успрымаць выбары як выбары лідэра апазыцыі, то і Ганчарык, і Мілінкевіч былі на іх пераможцамі, яны мелі хоць нейкую народную падтрымку.

Магчыма, мае сэнс папярэдняе пагадненьне апазыцыйных сілаў аб прэрагатывах і статусе таго апазыцыйнага палітыка, які на выбарах набярэ больш за іншых.

Ужо зусім з вобласьці фантастыкі — складаньне базы дадзеных тых, хто галасаваў за апазыцыю, спроба неяк арганізацыйна аформіць іх.



І не паўтарыць 2001, 2006 і 2010


Мінусы схемы відавочныя. Адсутнасьць перамогі як мэты дэмабілізуюць актыў. Плошча можа ў выніку быць нешматлікай, а колькасьць Плошчы — гэта адзінае, што цікавіць CNN. Хоць на самай справе матыў людзей, якія выходзілі на Плошчу ў 2001, 2006, 2010 гадах быў зусім ня гнеў з нагоды «скрадзенай» перамогі, думаю, што наконт гэтага ў людзей, якія выходзілі на яе, былі вялікія сумневы. Прырода абурэньня заключалася ў тым, што яшчэ 5 гадоў улада ня будзе лічыцца з намі, што яшчэ 5 гадоў мы будзем для яе нікім і зваць нас будзе ніяк.

Прадухіленьне менавіта гэтага і прапануецца вылучыць і сфармуляваць відавочна як мэту выбараў Так што ня факт, што ў рамках прапанаванага сцэнару Плошча, калі ў ёй будзе патрэба, будзе меншай лікам, чым падчас папярэдніх выбараў.

Але ня будзе катастрафічнага расчараваньня. Да таго ж магчымая дамоўленасьць з уладай. Калі апазыцыя мае на мэце замяніць дзейную ўладу, то, незалежна ад важкасьці яе прэтэнзій на гэта, дамовы ня можа быць паводле вызначэньня. Калі ж выбары для апазыцыі — апазыцыйныя праймэрыз, вызначэньне першага ў сваёй, другой лізе, то пагадненьне ў прынцыпе магчымае.



Прайграць элегантна


Камусьці прапанаваны сцэнар падасца маланатхняльным, пэсымістычным, баязьлівым. Я сам гатовы палічыць яго такім, калі за час, што застаўся да выбараў, адбудуцца кардынальныя зьмены ў грамадзка-палітычнай сытуацыі, вышэй я ўжо апісаў, якія менавіта.

Але калі сытуацыя будзе разьвівацца паводле трэнду, калі ў 2015 годзе эканамічнае становішча, гатовасьць людзей да пратэсту, ступень маналітнасьці істэблішмэнту будуць прыкладна такія самыя, як цяпер, то цяжка прыдумаць нешта больш рацыянальнае і рэалістычнае, чым прапанаваны сцэнар.

Фактычна, усе іншыя «пераможныя» сцэнары на самой справе «зьедуць» да гэтага, толькі моцна сапсаванага дадатковай рызыкай, непатрэбнымі высілкамі і неадэкватнай інтэрпрэтацыяй выніку: спробы прыцягнуць на свой бок «вагаючыхся» скончацца нічым і толькі выклічуць раздражненьне ў прыхільнікаў апазыцыі, намаганьні па вылучэньні адзінага не прывядуць да мэты і толькі спародзяць вялікае мноства скандалаў і узаемных крыўдаў, воклічы, што ўсё вырашыць Плошча, прывядуць да таго, што з Плошчы людзей давядзецца весьці або ўскладаць кудысьці кветачкі або на штурм чагосьці афіцыйнага з наступным разгромам і масавымі рэпрэсіямі, палітыка, які зойме другое пасьля А. Лукашэнка месца на выбарах, будуць трактаваць як няўдачніка, а не як прадстаўніка нязгоднай часткі беларускага грамадзтва.

І выбары будуць прайграныя ня толькі горка, але і марна і бессэнсоўна.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG