Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Шылава: Аборты не забаронім, але дзяцей мусіць быць двое


У новым праекце зьменаў у закон аб ахове здароўя прапаноўваецца падвысіць узрост добраахвотнай стэрылізацыі да 35 гадоў. Да таго ж дактары цяпер паводле закону змогуць адмаўляцца ад правядзеньня апэрацыяў па штучным перарываньні цяжарнасьці. Закон могуць прыняць ужо ў першым чытаньні, і гэта адбудзецца ўжо ў чэрвені.

Насамрэч рэвалюцыйных зьменаў у новым праекце няма. Ён фактычна фіксуе ўжо дзейныя нормы. Аднак на тле дыскусіяў пра аборты інфармацыю пра падвышэньне ўзросту добраахвотнай стэрылізацыі некаторыя экспэрты ўспрынялі з насьцярогай.

Цяпер добраахвотная стэрылізацыя пры адсутнасьці мэдычных паказьнікаў можа адбывацца без абмежаваньня ўзросту, але пры наяўнасьці двух дзяцей.

Акушэр-гінэколяг і маці траіх дзяцей Сьвятлана Шылава хоча, каб гэтая норма зрабілася яшчэ стражэйшаю. Цяпер у Палаце прадстаўнікоў Шылава займае пасаду намесьніка старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізычнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы.

Сьвятлана Шылава: «Рэпрадуктыўны ўзрост сканчаецца ў 49 год. Я б яшчэ больш жорстка паставіла гэтае пытаньне: людзі павінны мець ня менш за двое дзяцей. З пункту гледжаньня мэдыцыны я б на гэтым настойвала. Жанчына ў 20 гадоў прыйдзе і скажа: не хачу дзяцей, і мае права на стэрылізацыю. А праз 7–10 гадоў скажа: я хачу мець дзяцей. А стэрылізацыя незваротная. Тады яны будуць ужо зьвяртацца да ЭКА. У практыцы мы бачым гэтыя выпадкі, і вельмі шмат. Тут няма абмежаваньня правоў чалавека, як бы вы ні хацелі мяне да гэтага падвесьці. Тут ня трэба шукаць гэтую падаплёку, да правоў чалавека гэта ня мае дачыненьня».

Экспэрт у гендэрных пытаньнях Тацяна Шчурко кажа, што такая ініцыятыва замацоўвае ў грамадзтве норму абавязковага мацярынства:

«Не дапускаецца думка, што жанчына можа гэтага не хацець. Гэта ўжо ненармальна. Сама магчымасьць стэрылізацыі не дапускаецца. Таму яна дапускаецца ў выпадку старэйшага ўзросту, калі ўжо ёсьць дзеці і да таго падобнае».

Пры гэтым Шылава запэўнівае, што забараняць аборты ў Беларусі ніхто не зьбіраецца. А сама забарона толькі прывядзе да росту мацярынскай сьмяротнасьці.

«За апошнія пяць гадоў кожныя паўгода ўносяцца зьмены ў закон пра ахову здароўя, — кажа доктар Андрэй Вітушка, — і дэпутатка Шылава, якая ўжо другі тэрмін там сядзіць у палатцы, мусіць пра гэта ведаць. Калі ўжо другі тэрмін уносяцца зьмены ў закон, значыць, такая якасьць заканатворчай дзейнасьці».

Зьмяншэньне колькасьці абортаў — толькі адзін з франтоў барацьбы за падвышэньне нараджальнасьці і паляпшэньне дэмаграфічнай сытуацыі. У Беларусі яна вядзецца на дзяржаўным узроўні і дае слабыя вынікі. Толькі за мінулы год колькасьць насельніцтва скарацілася на дзьве тысячы чалавек.

Колькасьць абортаў, зьніжаецца ў апошнія 10 гадоў, але ўсё адно застаецца высокай. Так, за 2011 год беларускі зрабілі каля 27 тысяч абортаў.

Тацяна Шчурко перакананая, што такімі мэтадамі сытуацыю не палепшыць.

«Гэта забарона дзеля павелічэньня колькасьці нараджальнасьці. Першая прафіляктыка непажаданай цяжарнасьці — гэта асьвета. Ніякіх паляпшэньняў у сыстэме аховы здароўя мы ня бачым. Ужо ўведзеныя абмежаваньні на кантрацэпцыю. Любое абмежаваньне абортаў мне бачыцца як спроба маніпуляваць дэмаграфічнымі паказьнікамі, стымуляваць нараджальнасьць, каб нараджалі болей. Гэта колькасны прырост. Клопату пра здароўе жанчыны тут няма».

У новым праекце зафіксаванае права доктара адмовіцца ад правядзеньня апэрацыі па штучным перарываньні цяжарнасьці. Але дэпутатка Шылава запэўнівае, што жанчыны ад гэтага не пацярпяць:

«Вы паверце, калі гэта будзе пагражаць жыцьцю чалавека, доктар выканае свае абавязкі, нягледзячы на свае перакананьні».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG