Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выклік Эўразіі для эўрапейскай пэрспэктывы Беларусі


Канфэрэнцыя з такой назвай адкрылася сёньня ў Таліне. Яе ладзіць супольнасьць «Трэці шлях» — грамадзкая арганізацыя на чале з грамадзкім дзеячом, палітычным эмігрантам Паўлам Марозавым.

Форум праводзіцца пры падтрымцы Нямецкага Фонду Маршала ЗША і міністэрства замежных справаў Эстоніі. Сярод удзельнікаў канфэрэнцыі — палітык Алесь Міхалевіч, дарадца кіраўніцтва Рэфармісцкай партыі Эстоніі Аарнэ Вээдла, грамадзкія дзеячы Аляксандар Ярашук і Юлія Слуцкая, навукоўцы Андрэй Вардамацкі, Алег Манаеў, Юлія Чарняўская, Леанід Злотнікаў, Вольга Абрамава, дасьледчыкі з Эўропы Анаіс Марын і Каміль Клысінскі, бізнэсовец Юры Зісер.

Паводле сацыёляга Алега Манаева, рэальныя даходы ў Беларусі за апошні квартал зьнізіліся, што спарадзіла няўстойлівасьць эканамічнага самаадчуваньня. Аднак рэсурс даверу да А. Лукашэнкі яшчэ ня вычарпаны, да таго ж грамадзтву ўласьцівы высокі ўзровень узаемнага недаверу, так што палітычная мабілізацыя немагчымая без відавочнай альтэрнатывы і сацыяльнай мабілізацыі.

Аналітык Вольга Абрамова, якая сказала, што сышла з палітыкі, зазначыла, што скарачэньне базы падтрымкі Лукашэнкі да 30% — для яго нястрашна. Пры дапамозе подкупу і масіраванай прапаганды за кошт «балота» можна рэйтынг падвысіць да патрэбных узроўняў. Перамагчы Лукашэнку можа толькі прадстаўнік намэнклятуры, апазыцыя можа быць толькі фонам. Толькі Багданкевіч і Шлындзікаў — тыя фігуры з апазыцыі, зь якімі будзе камунікаваць намэнклятура. Для намэнклятуры важная толькі пазыцыя Расеі. Расея можа адвярнуцца ад Лукашэнкі толькі ў выпадку прамога сабатажу зь яго боку праекту Эўразійскага саюзу. Калі не, то ў Расеі заўсёды знойдзецца пара мільярдаў, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі.

В. Абрамава прыгадала цікавае дасьледаваньне пра параўнаньне каштоўнасьцяў амэрыканцаў і беларусаў. Паводле дасьледаваньня для амэрыканцаў базавая каштоўнасьць — посьпех, для беларусаў — пазьбяганьне паразы.

Вайсковы экспэрт Андрэй Паротнікаў казаў пра міт аб высокіх заробках дзяржапарату, у тым ліку і сілавікоў. Ён назваў «ідыёцкай» ініцыятыву пра люстрацыю, якую выказваюць некаторыя прадстаўнікі апазыцыі. Гэта падарунак уладзе, магчымасьць мабілізаваць сілавікоў вакол найвышэйшай улады.

Дасьледчык мяркуе, што ўлада ня мае вялікіх магчымасьцяў умацаваць свае пазыцыі за кошт падвышэньня даходаў, «людзі перакормленыя». У 2010 годзе 500 даляраў успрымаліся як падарунак пад выбары, цяпер успрымаецца як належнае — адзначыў А. Паротнікаў. Таму трэба прывабліваць 700-1000 далярамі. За кошт гэтага рэйтынг узьняць цяжка. Але можна згуляць на альтэрнатыве: гэтая ўлада дала нямала — прыйдуць іншыя людзі і гэтага ня будзе.

Дасьледчыца зь Фінляндыі Анаіс Марын гаварыла пра ідэалягічнае карумпаваньне АБСЭ, паводле яе Расея вядзе сабатаж працы БДІПЧ і паказьнікам зьменаў будзе назіраньне за выбарамі ў Азэрбайджане сёлета. Дасьледчыца падкрэсьліла расчараваньне ЭЗ у апазыцыі і, паводле яе, калі знойдзецца кандыдат ад бюракратыі, альтэрнатыўны Лукашэнку, яго з ахвотай падтрымаюць у Эўропе.

Анаіс Марын казала пра тое, што «Белая Русь» спрабуе наладжваць кантакты з грамадзкімі і палітычнымі арганізацыямі Эўропы ў краінах, якія ня надта абазнаныя ў сытуацыі ў Беларусі, такіх як Фінляндыя і Францыя.

Культуроляг Юлія Чарняўская казала пра тое, што незалежнае грамадзтва — не гета, а хутчэй сэкта. Гета — штука рахманая, гэта субкультура, а сэкта — агрэсіўная контркультура. Прыклады такой агрэсіі — спальваньне Яўгенам Ліпковічам кніг Чаргінца, тэзіс Ірыны Халіп, што тыя, хто над схваткай — сволачы.

Эканаміст Леанід Злотнікаў казаў пра крызісныя зьявы ў беларускай эканоміцы — запавольваньне тэмпаў росту ВУП, падзеньне аб’ему прамысловай вытворчасьці, імклівы рост складзкіх запасаў, пашырэньне разрыву паміж тэмпам росту прадукцыйнасьці працы і ростам рэальных даходаў.

Аглядальнік газэты «Беларусы і рынак» Аляксандар Алесін казаў, пра тое, што ня варта недаацэньваць дасягненьні Беларусі ў галіне высокіх тэхналёгій. Прыклад таго — у РТІ адкрываецца спэцыялізацыя па радыёэлектроннай барацьбе і канструяваньні бесьпілётных самалётаў (дронаў). Кітаю былі пастаўленыя сыстэмы навядзеньня крылатых ракет з космасу, Віетнаму — партыя бесьпілётнікаў. У Беларусі 5 заводаў, якія вытвараюць бесьпілётнікі. У краіне зьявіўся новы тып прадпрыемстваў — прыватнікі, які займаюцца вайсковым хайтэкам.

Польскі палітоляг Каміл Клысінскі прыгадаў формулу, якой польскі рэфарматар Лешак Бальцаровіч характарызаваў настроі польскага грамадзтва — што палякі хочуць мець капіталізм на стале і сацыялізм на працы. Перамены патрабуюць ахвяраўь і таму гатовасьць беларускага грамадзтва да пераменаў ня варта перабольшваць.

На думку Клысінскага адзіны рэальны зьнешні гулец у Беларусі — гэта Расея. ЭЗ не зацікаўлены ні ў якіх пераваротах у Беларусі. А калі б хацеў, ня мае мэханізмаў. Важны фактар 2015 году — утварэньне Эўразійскага саюзу. Крэмль будзе гатовы пераплочваць, ён ня будзе чапаць Лукашэнку.

Кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні Андрэй Вардамацкі гаварыў пра крыніцы інфармацыі, якімі карыстаюцца беларусы. Паводле яго, асноўная крыніца для большасьці — беларускае тэлебачаньне (63%) і расейскае ТБ (46%). На другім месцы — інтэрнэт (35%) і чуткі («сарафаннае радыё»).

Прафэсар Вардамацкі сказаў, што беларускае грамадзтва — гэта грамадзтва індывідуальнага эканамічнага выжываньня. Паводле яго, хаця ў ацэнках свайго матэрыяльнага становішча рэспандэнты вярнуліся ў дакрызісны стан, але ў грамадзтве прысутнічае чаканьне новай хвалі крызісу.

У краіне адбываецца паніжальная адаптацыя, беларусы параўноўваюць сваё становішча ня з добрым, а з кепскім.

Што да геапалітычных прыярытэтаў, то ім уласьцівыя ня зьмены, а ваганьні. У гэтым сэнсе беларусы адкрытыя да павароту ў любым накірунку.
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG