Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ідэалёгія паглынае культуру


Прапагандысцкі стэнд у Менску. Ілюстрацыйнае фота

Прапагандысцкі стэнд у Менску. Ілюстрацыйнае фота

Указ Аляксандра Лукашэнкі № 168 «Аб некаторых мерах па аптымізацыі сыстэмы дзяржаўных органаў і іншых дзяржаўных арганізацый, а таксама колькасьці іх работнікаў» прадугледжвае скарачэньне колькасьці чыноўнікаў на 25%. Правесьці скарачэньне трэба да 1 ліпеня, у некаторых выпадках — да 1 студзеня 2014 году. Скарачэньні павінны прайсьці, у першую чаргу, ва ўсіх абласных і Менскім гарадзкім выканаўчых камітэтах, у раённых адміністрацыях. Як выяўляецца, найперш могуць пацярпець кадры, адказныя за культуру

Чыноўнікі неахвотна распавядаюць пра меркаваныя зьмены і скарачэньні: маўляў, да 1 ліпеня яшчэ далёка, канчаткова нічога яшчэ ня вырашана, новыя структуры не зацьверджаныя, разглядаюцца розныя варыянты.

Старшыня Рэспубліканскага прафсаюзу работнікаў культуры Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Натальля Аўдзеева выказала такое меркаваньне:

«Я асабіста праблемаў па аптымізацыі структур нашых установаў ня бачу. Захоўваюцца і Міністэрства культуры, і Міністэрства інфармацыі. І культура на абласным, гарадзкім і раённым узроўні паўсюль будзе захаваная як адзін зь вядучых складнікаў, але ўпраўленьня аб’яднанага — ідэалёгіі, культуры і па справах моладзі».

Ва ўпраўленьні культуры ўжо тры адзінкі звольненыя. Прапаноўваюць нешта людзям узамен, але ж лепшае не прапаноўваюць, прапаноўваюць горшае
То бок на абласным, гарадзкім і раённым узроўнях упраўленьні і аддзелы культуры будуць аб’яднаныя з адпаведнымі ўпраўленьнямі ідэалёгіі і працы з моладзьдзю. Гэта пацьвердзіла Радыё Свабода і кіраўніца аднаго з абласных упраўленьняў культуры:

«Вось нас аб’ядноўваюць — ідэалёгію, культуру і моладзь — з 1 ліпеня».

Карэспандэнтка: «Скажыце, а ці адаб’ецца гэта на кадрах? Ці будуць скарачэньні?»

«Ну канечне! Ва ўпраўленьні культуры ўжо тры адзінкі звольненыя. Прапаноўваюць нешта людзям узамен, але ж лепшае не прапаноўваюць, прапаноўваюць горшае».

Старшыня рэспубліканскага прафсаюзу работнікаў культуры Натальля Аўдзеева, праўда, запэўніла, што добры спэцыяліст бяз працы не застанецца, што прафсаюзы паклапоцяцца пра кожнага скарочанага. Самі ж супрацоўнікі ўпраўленьняў культуры зусім не ў захапленьні ад пэрспэктывы стаць часткай ідэалягічнай структуры:

Упраўленьню культуры як структуры ў чэрвені спаўняецца 60 гадоў. Упраўленьню ідэалёгіі — літаральна гады 2–3. Дык пра што можна казаць? Зараз на чале становіцца ідэалёгія
«Гэта жахліва! Я ўжо працую 30 гадоў, і колькі мы аб’ядноўваліся за гэты час — і ўсё адно мы прыходзілі да высновы, што гэта несумяшчальна. Упраўленьню культуры як структуры ў чэрвені спаўняецца 60 гадоў. Упраўленьню ідэалёгіі — літаральна гады 2–3. Дык пра што можна казаць? Зараз на чале становіцца ідэалёгія. У іх практычна ўвесь апарат застаецца. А культуру скарацілі».

А вось абаронца правоў працоўных, старшыня рэспубліканскага прафсаюзу работнікаў культуры Натальля Аўдзеева ў, так бы мовіць, ідэалягізацыі культуры нічога дрэннага ня бачыць. Хіба што кіраўнікоў стане менш:

«Іншая справа, што кіраўнік на сёньняшні дзень быў начальнікам упраўленьня культуры. Заўтра ён можа стаць начальнікам аб’яднанага ўпраўленьня ідэалёгіі, а можа, застанецца намесьнікам, які будзе курыраваць культуру. Гэта ўжо як атрымаецца пры прызначэньні. У прынцыпе, робяць яны адну справу, па вялікім рахунку. Таму гэта робіцца для каардынацыі дзеяньняў і для таго, каб рацыянальна выкарыстоўваць і бюджэтную капейку».

Наколькі ж насамрэч скароцяць колькасьць чыноўнікаў і якога рангу — гэтая інфармацыя пакуль застаецца таямніцай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG