Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Доме прэсы чакаюць скарачэньняў


Журналісты шэрагу цэнтральных дзяржаўных газэт рыхтуюцца да скарачэньняў. У выніку стварэньня дзяржаўнага мэдыяхолдынгу, які павінен запрацаваць ад 1 ліпеня, некалькі рэдакцый страцяць і сваю самастойнасьць і, хутчэй за ўсё, значную частку кадравага складу.

Адносную ўпэўненасьць у заўтрашнім дні захоўваюць толькі супрацоўнікі «Советской Белоруссии». У іншых рэдакцыях, якія падпадаюць пад аб’яднаньне, не хаваюць, што з жахам чакаюць прызначанай даты. Перадусім невядома, у якім статусе яны апынуцца ў холдынгу і ці запатрабуюцца іхнія паслугі ўвогуле. Шмат хто ў кулюарах наракае, што за месяц да пачатку функцыянаваньня выдавецкага дома на базе «СБ» ні зь Міністэрства інфармацыі, ні з адміністрацыі прэзыдэнта няма зразумелых сыгналаў, да чаго рыхтавацца — да звальненьня ці да працы пад абноўленай шыльдай?

Згодна з пастановай Савету міністраў, да 1 ліпеня 2013 году орган адміністрацыі прэзыдэнта «Советская Белоруссия» атрымае нефармальны статус ідэалягічнага «мазгавога цэнтру». У новы холдынг, апроч «СБ», увойдуць «Народная газета», «Рэспублiка», «Белорусская нива» і «Знамя юности». Дзьве першыя — аднагодкі беларускага сувэрэнітэту, дзьве астатнія існуюць з 1920–1930-х. Нягледзячы на былыя заслугі, цяпер яны ператворацца ў даважак да флягмана прапаганды.

Рэкордны наклад „Знамя юности“ ўзору пачатку 1990-х так і не пабіты. У нейкі пэрыяд нават да мільёна асобнікаў даходзіла
Павал Уладзімераў
Былы намесьнік галоўнага рэдактара «Знамени юности» Павал Уладзімераў: «Прыкры фінал, што тут яшчэ скажаш. Пры тым, што рэкордны наклад „Знамя юности“ ўзору пачатку 1990-х так і не пабіты — не магу дакладна сьцьвярджаць, але здаецца, што ў нейкі пэрыяд нават да мільёна асобнікаў даходзіла. Як на маю думку, дык апошнія гадоў 15, а можа нават і больш, яе ўжо не было як газэты. А вось зараз яе яшчэ ня стане як юрыдычнай асобы. Зрэшты, і дзякуй богу, даўно пара, бо гэта ўжо ніякае не „Знамя юности“. Хоць, зразумела, і шкада, што ўсё так атрымалася. Але асабіста я лічу, што гады жыцьця газэты — гэта 1938–1995. Гэта маё перакананьне, бо насамрэч газэту забілі ўжо тады, у сярэдзіне 1990-х. Проста столькі гадоў яна яшчэ хрыпела і аганізавала».

З усяго пераліку толькі «Народная газета» фармальна захавае статус адкрытага акцыянэрнага таварыства. Аднак, на думку былога рэдактара парлямэнцкага друкаванага органа Мікалая Галко, агульная палітыка ўсё роўна будзе фармавацца ў кабінэтах на іншым паверсе Дома прэсы — у «Советской Белоруссии»:

Усё кідаецца на алтар „СБ“. То бок — абсалютны прымус: пісьмовы, вусны, на сходах, на нарадах. І, вядома ж, заўсёды на першым месцы „Саўбелія“
Мікалай Галко
«Усё ідзе да зьнішчэньня, хоць гэта і запакоўваюць у нейкі „холдынг“. Наадварот, шукалі б магчымасьці прыцягваць увагу чытачоў, падвышаць узровень журналістыкі. Але ўсё кідаецца на алтар „СБ“. Быў неяк у Полацку, па сваіх справах. Будаўнічая арганізацыя, гутарым з адным з кіраўнікоў, і тут залятае галоўны бухгальтар. Зразумела, што журналіст, але чамусьці падумала, што гэта з „Советской Белоруссии“ прыехаў чалавек агітаваць за падпіску. Што тут пачалося! Як пачала крычаць: ды колькі ўжо можна, мы ўжо выпісалі на офіс, павыпісвалі ўсім дахаты, ня ведаем, куды яшчэ выпісваць, а вы ўсё прыяжджаеце і тлуміце нам галаву! То бок — абсалютны прымус: пісьмовы, вусны, на сходах, на нарадах. І, вядома ж, заўсёды на першым месцы „Саўбелія“. Усім жа астатнім столькі рэсурсаў, увагі папросту не заставалася. Яшчэ і з гэтай прычыны наклады ў іх увесь час падаюць».

Аляксандар Лукашэнка ня раз падкрэсьліваў, што дзяржава ня сыдзе з ідэалягічнага сэктару. Галоўным рупарам прапаганды па-ранейшаму застаецца дзяржаўнае тэлебачаньне, а на дапамогу яму ствараецца грамадзка-палітычны выдавецкі дом на базе «Советской Белоруссии». У неабходнасьці такога кроку, прызнаўся Лукашэнка, яго пераканаў галоўны рэдактар газэты Павал Якубовіч. Агучаная і галоўная мэта холдынгу — эфэктыўнасьць. «Эканомія — потым», — удакладніў Лукашэнка.

Пакуль застаецца пад пытаньнем, хто ўзначаліць ідэалягічнае новаўтварэньне. 66-гадовы Павал Якубовіч нібыта адмаўляецца ад такой прапановы, спасылаючыся на здароўе. Аднак нават у высокіх кабінэтах неаднойчы гучала — годнай замены Якубовічу няма. У гэтым перакананы і ягоны прыяцель зь дзяцінства, былы стратэгічны акцыянэр кандытарскіх фабрык «Камунарка» і «Спартак» Марат Новікаў.

На думку спадара Новікава, ніхто лепш за Якубовіча ня ўправіцца з задачай дзяржаўнай важнасьці: «У нас так склалася жыцьцё, што мы зь дзяцінства зь ім знаёмыя. Ад самага дзяцінства падтрымлівалі не сказаць каб сяброўскія сувязі, але сувязі шчыльныя. Таму што ён заўсёды быў вядучым журналістам (і я яго таксама такім лічыў) — і калі яшчэ працаваў у „Знаменцы“, і ў „Крыніцы“, і ў „Народнай газеце“, і калі „Советскую Белоруссию“ пачаў узначальваць. Асабіста мне было прыемна, што я ўсё ж знаёмы з галоўным, лічу, ідэолягам — галоўным рэдактарам галоўнай газэты краіны (хоць ня ведаю, можа, хтосьці па-іншаму лічыць). Сам Якубовіч — максымальна сумленны чалавек. Вы ведаеце, у яго бацька быў конюхам. А ўжо само габрэй-конюх азначае, што сын таксама павінен быць прыстойным чалавекам. Нездарма ж кажуць, што габрэй-конюх — гэта працоўны чалавек, сумленны чалавек; ён усё жыцьцё з жывёлай, з коньмі. Таму, яшчэ раз кажу, гэта найсумленьнейшы чалавек, якому па сіле любая задача».

Міністар інфармацыі Алег Праляскоўскі скарачэньне дзяржаўнай прэсы тлумачыць найперш тым, што з-за адсутнасьці навінаў і падзеяў рэспубліканскія газэты шмат у чым дублююць адна адну, а стварэньне выдавецкага дома дазволіць манэўраваць на інфармацыйным полі. Да таго ж зьяўленьне адзінага дзяржаўнага друкаванага органа надасьць яму «вагі, сур’ёзнасьці і аўтарытэту».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG