Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самасейка: «Міжнародная амністыя» не заўважыла станоўчых зьменаў у Беларусі


Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі застаецца бязь зьменаў. Гэта вынікае са справаздачы за 2012-ы год праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя». Рэакцыі на абвінавачаньні беларускіх уладаў у сыстэматычных парушэньнях правоў чалавека.

Вязьні сумленьня застаюцца ў зьняволеньні; некаторыя зь іх атрымалі дадатковыя тэрміны за парушэньне турэмных правілаў. Актывісты грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праваабаронцы і журналісты, сутыкаліся з парушэньнямі правоў на свабоду выказваньняў, сходаў і асацыяцыяў. Тры чалавекі былі пакараныя сьмерцю. Такія галоўныя пункты разьдзелу справаздачы, прысьвечанага Беларусі.

Высновы «Міжнароднай амністыі камэнтуе беларуская праваабаронца з «Цэнтру прававой трансфармацыі» Алена Танкачова:

Алена Танкачова

Алена Танкачова

«У дадзеным выпадку ацэнкі „Міжнароднай амністыі“ мне зразумелыя, і я іх падзяляю. Больш за тое, ацэнку стану рэчаў з правамі чалавека ў Беларусі як сыстэмна дрэннага я сама выкарыстоўваю пры характарыстыцы сытуацыі. Я ўпэўненая, што справаздачы „Міжнароднай амністыі“ заслугоўваюць даверу. Яны не зьвязаныя ніякімі палітычнымі рамкамі. Яны зьвязаныя выключна з выкананьнем правоў чалавека. Яны забясьпечаныя мэтадалёгіяй і экспэртызай».

«Пры падрыхтоўцы справаздачы за мінулы год „Міжнародная амністыя“ засталася ў палоне былых штампаў адносна Беларусі», — сказаў сёньня «Свабодзе» старшыня міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка:

«Падыходы засталіся тыя ж без уліку таго, што Рэспубліка Беларусь, я лічу, усё ж даволі прыстойна зрушылася на гэтым кірунку. Трэба было ўсё ж гэта ўлічваць.

Ёсьць і памылкі фактычныя не на карысьць Беларусі. Напрыклад, у гэтай справаздачы адзначаецца, што ў 2012 годзе ўзрасла колькасьць краін, дзе не было вынесена ніводнага сьмяротнага пакараньня, хоць у нацыянальным заканадаўстве інстытут сьмяротнага пакараньня прысутнічае. І гавораць пра Віетнам. А Беларусь у гэтым кантэксьце ня згадваецца, хоць судамі Рэспублікі Беларусь у 2012 годзе таксама не было вынесена ніводнага сьмяротнага пакараньня. Тры былі, але гэтыя прысуды выносіліся ў 2011 годзе».

Кіраўніца «Праваабарончага альянсу» Людміла Гразнова адзначае: сёньня сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі спакайнейшая параўнальна з канцом 2010-х — пачаткам 2011-х гадоў. Але гэта не здымае шэрагу праблемаў:

Людміла Гразнова

Людміла Гразнова

«Тое, што ў Беларусі ёсьць палітвязьні, некаторыя ключавыя фігуры з апазыцыі па-ранейшаму застаюцца ў турмах — гэта вельмі важны паказьнік і індыкатар. Ён паказвае, што ўлада ня хоча ісьці на саступкі.

А калі ўзяць такі паказьнік, як сьмяротныя пакараньні. Яны ўзбуджаюць да новых пытаньняў. Напрыклад, каму і для чаго спатрэбілася прыводзіць у выкананьне ранейшыя сьмяротныя пакараньні? Каб зноў узьніклі праблемы ў дачыненьнях Беларусі і Эўразьвязу?»

У справаздачы таксама гаворыцца, што беларускія праваабаронцы сутыкаліся з рознымі формамі перасьледу, у тым ліку з забаронамі на выезд зь Беларусі, а цягам 2012 году пятнаццаць праваабаронцаў, журналістаў і апазыцыйных актывістаў былі асуджаныя паводле абвінавачаньня ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкіх месцах.
XS
SM
MD
LG