Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 25 траўня: талака ў Курапатах, угодкі паўстаньня ў Нарыльску і дзень памяці Багдановіча


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

ПАДЗЕІ ДНЯ

З 25 траўня па 3 чэрвеня ва ўрочышчы Курапаты пройдзе нацыянальная талака. У талацэ возьмуць удзел ініцыятыва «Ўратуем Курапаты», партыя БНФ, АГП, БХД, «Гавары праўду», «Эўрапейская Беларусь», «Маладыя дэмакраты», «Малады фронт», «Zмена». 25 траўня валянтэры зьбяруцца а 12 гадзіне ля Крыжа Пакуты. Тут памоляцца, а потым пачнуць прыбіраць урочышча.

У Полацку і Полацкім раёне абвешчаны Дзень жалобы ў сувязі з гібельлю чатырох мэдычных работнікаў, адмененае сьвяткаваньне Дня гораду.

У Палацы спорту ў Менску канцэрт гурту «The Australian Pink Floyd Show». Пачатак а 19.00.

У сталічным клюбе «Re: Public» (Прытыцкага, 62) адбудзецца дабрачынны фэстываль «Дапамажы дзецям разам з намі», у якім прымуць удзел «Сярэбранае вясельле», «Адыс Абэба», «Пятля прыхільнасьці», «Botanic Project», «Касіяпэя» і інш. Сродкі, сабраныя ад продажу квіткоў, пойдуць на аздараўленчы адпачынак дзецям, якія пражываюць у дзіцячым доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасьцямі псыхафізычнага разьвіцьця ў Навінках. Пачатак а 20.00.

У Бэрліне пройдуць перамовы паміж канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэм’ер-міністрам Кітаю Лі Кэцянам.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ

1792 — Геранёны (цяпер Іўеўскі раён) атрымалі герб.

1907 — у Вільні адбыўся зьезд настаўнікаў, на якім створаны Беларускі настаўніцкі саюз.

1880 — нарадзіўся Вацлаў Іваноўскі, беларускі палітычны і грамадзкі дзяяч, доктар тэхнічных навук.

1905 — нарадзіўся Сяргей Хмара (сапр. Сіняк; мяст. Казлоўшчына, цяпер Дзятлаўскі раён), пісьменьнік, паэт, журналіст, выдавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і Канадзе.

1917 — памёр Максім Багдановіч, паэт, перакладчык, крытык. Пахаваны на старых гарадзкіх могілках у Ялце (цяпер Украіна).

1937 — нарадзіўся Мікола Купрэеў, беларускі паэт.

1938 — у Менску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатар опэры і балету.

1949 — нарадзіўся Леанід Барткевіч, беларускі сьпявак і музыка.

1953 — у Нарыльску адбылося самае буйное паўстаньне ў гісторыі Гулагу, у якім бралі ўдзел і беларусы.

1968 — памёр Францішак Кушаль, вайсковец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

1970 — памёр Мікола Абрамчык, беларускі грамадзкі й палітычны дзяяч, старшыня Рады БНР (1947-1970).

1978 — нарадзіўся Павал Мажэйка, беларускі журналіст.

1987 — памёр Яўген Калубовіч (на эміграцыі Каханоўскі), гісторык, грамадзка-палітычны дзяяч, літаратуразнавец, дзяяч эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

2007 — памёр Уладзімер Каткоўскі, беларускі блогер, вэб-рэдактар беларускай службы Радыё Свабода, заснавальнік беларускай Вікіпэдыі.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

«Выйшла з балота
ў вянку з журавінаў чырвоных
і белых туманаў.

Выйшла з лесу
ў вянку з багульніку горкага,
ядлоўцу калючага.

І сама пацягнула сябе за косы
зноў у лес і балота —
беларуская наша свабода».


Мікола Купрэеў
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG