Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-кітайскі аўтамабіль спадзяюцца прадаваць у Расеі


Беларуска-кітайскія аўтамабілі Geely набылі ў Беларусі толькі каля 30 прыватных асобаў. У кампаніі «БелДжы» спадзяюцца на продажы ў Расеі.

Першая партыя легкавых аўтамабіляў беларуска-кітайскай зборкі, вырабленых на «БелДжы» ў Барысаве, паступіла ў продаж у сакавіку гэтага году.

Для канчатковага пакупніка запушчаная ў розьнічную сетку продажаў мадэль SC7 каштуе каля 13 тыс. даляраў.

Дырэктар прадпрыемства «БелДжы» Дзьмітрый Батракоў паведаміў БелТА, што кошт будоўлі заводу па вытворчасьці беларуска-кітайскіх аўтамабіляў павялічыцца з 245 да 250 млн даляраў. Ён патлумачыў гэта неабходнасьцю выкарыстоўваць больш дасканалую тэхналёгію. Пабудаваць завод мяркуецца у 2015 годзе. Кампанія не гатовая ўкладаць вялікія інвэстыцыі ў часовую пляцоўку, якая цяпер выкарыстоўваецца ў Барысаве.

Вядомы аўтаэкспэрт Анатоль Шаўчэнка сказаў Свабодзе, што ў Расеі кітайскія маркі не знаходзяць вялікага попыту, і тое ж можа паўтарыцца ў Беларусі. «Якасьць, надзейнасьць ня тыя, як бы хацеў расейскі і наш пакупнік, які ўжо прызвычаіўся да лепшых сусьветных марак аўтамабіляў», — кажа экспэрт. Галоўным рынкам для гэтага заводу можа быць толькі Расея, а яна ня вельмі чакае да сябе канкурэнтаў: там у дылераў вялікія зьніжкі з-за вялікіх партыяў аўтамабіляў, і беларусам з гэтым спаборнічаць будзе цяжка, улічваючы малы ўнутраны рынак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG