Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд разгледзіць скаргі на прысуды журналістам


Аляксандар Ярашэвіч

Аляксандар Ярашэвіч

Менскі гарадзкі суд прызначыў на 31 траўня разгляд скаргаў на прысуды, вынесеныя журналістам Генадзю Барбарычу і Аляксандру Ярашэвічу.

У скаргах журналісты зьвяртаюць увагу на шматлікія разыходжаньні ў паказаньнях сьведак зь ліку супрацоўнікаў міліцыі, а таксама на тое, што сьведак з боку абароны наагул ня выслухалі ў судзе, паведамляе БАЖ.

Апрача гэтага, у матэрыялах справы супраць Генадзя Барбарыча прысутнічалі ксэракопіі рапартаў супрацоўнікаў міліцыі са справы Ярашэвіча, не завераныя ў належным парадку. Таму, на думку журналіста, яны ня могуць служыць доказамі ягонай віны.

Незалежныя журналісты былі затрыманыя ў Менску 26 красавіка пасьля дазволенага ўладамі «Чарнобыльскага шляху». На журналістаў склалі адміністрацыйныя пратаколы, а 29 красавіка суд Савецкага раёну прызнаў іх вінаватымі ў непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і пакараў трыма суткамі арышту кожнага. Разглядаў справу судзьдзя Кірыл Палулех.

Пасьля вызваленьня з турмы на Акрэсьціна журналісты абскардзілі прысуды.
XS
SM
MD
LG