Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар інфармацыі Беларусі Алег Праляскоўскі заявіў пра адсутнасьць праблемаў са свабодай слова ў краіне.

Размовы пра адсутнасьць свабоды СМІ ў Беларусі — стэрэатып, а прэса адпавядае ўсясьветным стандартам, адзначыў ён.

«Гэта (адсутнасьць свабоды СМІ) — абсалютная няпраўда. Мы адкрытая прастора. Да мяне як да міністра інфармацыі якіх-небудзь сур’ёзных зваротаў, прэтэнзіяў няма. У нас вельмі простая форма рэгістрацыі СМІ, нават часам у нашых суседзяў яна больш складаная. Мы адкрытыя для дыялёгу... У нас такіх праблемаў няма. Асабліва са свабодай прэсы. Адкрытая прастора: прастрэльваецца і з Захаду, і з Усходу», — заявіў Праляскоўскі журналістам перад адкрыцьцём Беларускага міжнароднага мэдыяфоруму.

Паводле Праляскоўскага, у Беларусі больш за 1,5 тыс. зарэгістраваных друкаваных выданьняў, амаль 300 электронных СМІ, інфармацыйныя агенцтвы. Таксама міністар назваў закон аб СМІ ў Беларусі «вельмі дэмакратычным».

«Мы сур’ёзна прасунуліся за апошнія некалькі гадоў па прысутнасьці ў Інтэрнэце. У цэлым наша прэса дастаткова спакойная, адпавядае мэнталітэту свайго народа. Нейкіх моцных узрушэньняў сродкі масавай інфармацыі не выклікаюць, уласна кажучы, у нас іх і няма», — сказаў міністар.

Намесьнік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец назваў выказваньні Праляскоўскага, які нядаўна быў галоўным ідэолягам у краіне, прапагандысцкімі.

«Гэтыя словы было б дзіўна чуць, калі б мы іх чулі першы раз. Паказальны прыклад наконт рэгістрацыі СМІ. Міністар абвясьціў, што працэдура прасьцейшая, чым нават у суседніх краінах, але не згадаў, што ў эўрапейскіх краінах наагул рэгістрацыя друкаваных СМІ ўжо лічыцца ўмяшаньнем у свабоду выказваньняў. А ў нас пры гэтай „простай“ працэдуры грамадзка-палітычныя выданьні зарэгістраваць амаль немагчыма. І вось самы сьвежы прыклад — гэта часопіс „Архэ“, які ўжо чатыры разы запар атрымаў адмову ў перарэгістрацыі. А гэта ставіць пад пагрозу выданьне часопіса. Па вялікім рахунку, такога органа, як Міністэрства інфармацыі, у дэмакратычнай краіне з такімі функцыямі проста не павінна быць».

Карэспандэнт: «Калі параўноўваць сытуацыю за апошнія гады і калі гэты год браць, сытуацыя са СМІ паляпшаецца ці, наадварот, пагаршаецца?»

Бастунец: «Калі параўноўваць сытуацыю з тым, што было пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, у 2011 годзе, то дыхаць крыху лягчэй. Але толькі таму, што ціск на шыю крыху зьменшыўся, але ж пятля засталася. Бо агульны ўзровень сыстэмных праблемаў у галіне СМІ як быў, так і застаўся. І са словаў Праляскоўскага мы бачым, што гэта прынцыповая пазыцыя дзяржавы і мяняць сытуацыю да лепшага яны не зьбіраюцца».

Гарадзенскі журналіст Андрэй Пачобут, які зазнаў крымінальны перасьлед з боку ўладаў, не пагаджаецца з Праляскоўскім і адзначае, што быў пазбаўлены акрэдытацыі:

«Міністар Праляскоўскі, відаць, у іншай Беларусі жыве, чым я. А якія заявы можа рабіць міністар інфармацыі, той, хто курыруе гэтае пытаньне? Я лічу, што гэта чалавек даволі цынічны і ён кажа цынічныя словы. І да гэтага яго змушае ягоная пасада. Ён, дарэчы, адзін з тых, хто спрычыніўся да таго, што стан рэчаў са свабодай слова сёньня менавіта такі на Беларусі. Улада трымае акрэсьлены градус страху ў грамадзтве. І калі яна лічыць патрэбным, зьяўляюцца крымінальныя справы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG