Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З вэртыкалі пад варту. Калі няма заступнікаў


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Былы намесьнік старшыні Барысаўскага райвыканкаму, арыштаваны паводле падазрэньняў у карупцыі, утрымліваецца пад вартай. А вось з былога кіраўніка Жыткавіцкага райвыканкаму, якога падазраюць у нанясеньні бюджэту вялікіх стратаў, нават не ўзялі падпіску пра нявыезд

Былы намесьнік старшыні Барысаўскага райвыканкаму Сяргей Лагно другі месяц утрымліваецца пад вартай у Жодзінскім сьледчым ізалятары. Супроць чыноўніка завялі справу, у якой, паводле зьвестак, фігуруюць 13 тысяч даляраў, нібыта атрыманых за спрыяньне ў бізнэсе. Аднак шмат хто ў Барысаве не выключае, што справу супроць чыноўніка «замнуць», як гэта адбывалася і раней зь некаторымі мясцовымі начальнікамі. Рэдактар незалежнай газэты «Барысаўскія навіны» Анатоль Букас спасылаецца на сваё веданьне мясцовай спэцыфікі:

«Ёсьць заступнікі. У нас быў выпадак, калі на распаўсюдзе наркотыкаў папалася загадчыца мэдычнага аддзяленьня, але выкруцілася, справу закрылі. Яшчэ быў выпадак, калі чыноўніца аддзелу дапамогі інвалідам і хворым папалася на хабары — таксама завялі справу, а потым прыкрылі. У нас у Барысаве ёсьць шмат такіх цікавых фактаў».

У Барысаўскім райвыканкаме па-ранейшаму не камэнтуюць зьвесткі пра крымінальную справу супроць былога намесьніка старшыні Сяргея Лагно. Імя чыноўніка з афіцыйнага сайту райвыканкаму выдаленае.

Гэтаксама ў Жыткавіцкім раёне застаецца ўсё меней прыкмет таго, што раёнам некалькі гадоў кіраваў Мікалай Какора, якога ў красавіку зьнялі з пасады і завялі супроць яго крымінальную справу. Былога вэртыкальшчыка падазраюць у нанясеньні стратаў дзяржаве больш як на 100 мільёнаў рублёў — ён нібыта скарыстаў фіктыўную страхоўку на пабіты дарагі аўтамабіль. Мікалай Какора, як паведамляе крыніца ў Жыткавічах, зьехаў з райцэнтру, вызваліўшы службовае жытло. На пытаньне, ці не арыштавалі чыноўніка, мясцовы жыхар, які прасіў яго не называць, упэўнена кажа, што гэтага не было. Крыніца не выключае, што былы раённы начальнік адкупіўся, пакрыўшы нанесеныя страты:

Чуткі ідуць, што яму гэтыя страты дапамог кампэнсаваць мясцовы сьвятар. Тут у нас усе згадалі пра кіляграм золата, які нібыта скралі ў сьвятара
«Чуткі ідуць, што яму гэтыя страты дапамог кампэнсаваць мясцовы сьвятар, нездарма яго таксама пачалі правяраць. Тут у нас усе згадалі пра кіляграм золата, які нібыта скралі ў сьвятара — два гады таму была такая гісторыя. Увесь інтэрнэт гудзеў на гэтую тэму. Пісалі „бог даў, бог узяў“... Гэтак мяркую, тут без дапамогі не абышлося».

У Сьледчым камітэце Беларусі карэспандэнту «Свабоды» паведамілі, што меры стрыманьня адносна Мікалая Какоры не прымалася.

Яшчэ адна гучная крымінальная справа апошніх дзён тычыцца рэгіянальнага чыноўніка «Менскаблгазу», супроць якога ў абласной пракуратуры завялі крымінальную справу паводле артыкула аб службовых злоўжываньнях. Як паведаміў загадчык аддзелу пракуратуры Аляксандар Бяліцкі, чыноўнік выкарыстоўваў працаўнікоў і тэхніку з арганізацыі на ўласнай будоўлі.

У якім раёне працуе падазраваны ў карупцыі і як ягонае прозьвішча? На гэтае пытаньне ў пракуратуры і Сьледчым камітэце не адказваюць. Адмовіліся камэнтаваць зьвесткі пра свайго калегу і ў «Менскаблгазе»:

«Вам невядома прозьвішча? І нам яно невядома. І зь якога раёну — ня ведаем. Камэнтару ня будзе», — заявіла карэспандэнту «Свабоды» супрацоўніца «Менскаблгазу».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG