Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Міжнародная амністыя»: З правамі чалавека ў Беларусі бязь зьменаў


Вязьні сумленьня застаюцца ў зьняволеньні; некаторыя атрымалі дадатковыя турэмныя тэрміны за парушэньне турэмных правілаў. Актывісты грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку праваабаронцы і журналісты, сутыкаліся з парушэньнямі правоў на свабоду выказваньняў, сходаў і асацыяцый. Тры чалавекі былі пакараныя сьмерцю. Такія галоўныя пункты справаздачы за 2012 год праваабарончай арганізацыі «Міжнародная амністыя» ў разьдзеле, прысьвечаным Беларусі.

У справаздачы адзначаецца, што ў зьняволеньні застаюцца прынамсі чатыры вязьні сумленьня, чые прысуды зьвязаныя з пратэстам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году — Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Зьміцер Дашкевіч і Эдуард Лобаў. Таксама вязьнем сумленьня ў справаздачы называюць асуджанага на 4,5 гады зьняволеньня старшыню праваабарончай арганізацыі «Вясна» Алеся Бяляцкага, якому ў студзені 2012 году суд адмовіў у апэляцыі.

У справаздачы таксама гаворыцца, што беларускія праваабаронцы сутыкаліся з рознымі формамі перасьледу, у тым ліку з забаронамі на выезд зь Беларусі, а цягам 2012 году пятнаццаць праваабаронцаў, журналістаў і апазыцыйных актывістаў былі асуджаныя паводле абвінавачаньня ў нецэнзурнай лаянцы ў грамадзкіх месцах.

У падразьдзеле, прысьвечаным свабодзе асацыяцый, у прыватнасьці гаворыцца пра ліквідацыю праваабарончай арганізацыі «Плятформа» паводле рашэньня суду. Пры гэтым адзначаецца, што па-ранейшаму дзейнічае артыкул 193(1) Крымінальнага кодэксу, які забараняе дзейнасьць ад імя незарэгістраваных арганізацый.

Беларусь працягвала прыводзіць у выкананьне сьмяротныя прысуды ва ўмовах абсалютнай сакрэтнасьці, гаворыцца ў справаздачы. Ні саміх асуджаных, ні іх сваякоў загадзя не інфармуюць пра дату сьмяротнага пакараньня. Цела асуджанага не аддаецца сваякам, і іх таксама не інфармуюць пра месца пахаваньня. Часам яны тыднямі ці нават месяцамі чакаюць афіцыйнага паведамленьня пра сьмерць. Аўтары справаздачы пішуць, што асуджаных за выбух у менскім мэтро Ўладзіслава Кавалёва і Дзьмітрыя Канавалава пакаралі сьмерцю ў сакавіку 2012 году, нягледзячы на запыт Камітэту ААН у правах чалавека, які прасіў не прыводзіць прысуду ў выкананьне, пакуль Камітэт не разгледзіць іх справы. Існавалі сур’ёзныя сумневы ў справядлівасьці суду па гэтай справе, гаворыцца ў справаздачы.

Пры гэтым у агульным падсумаваньні справаздачы паведамляецца, што ў 2012 годзе толькі 21 краіна прыводзіла ў выкананьне сьмяротныя прысуды, а на канец 2012 году 140 краінаў скасавалі сьмяротнае пакараньне заканадаўча ці на практыцы.
XS
SM
MD
LG