Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аргкамітэт дзеля сьвяткаваньня Году Кастуся Каліноўскага ад сёньня распачынае конкурс, прысьвечаны паўстаньню 1863–1864 гадоў.

Конкурс пад назваю «Лепшы знаўца паўстаньня Кастуся Каліноўскага» будзе праводзіцца пераважна праз сацыяльныя сеткі ў інтэрнэце.

Пачатак чарговага конкурсу ў рамках Году Кастуся Каліноўскага аргкамітэт прымеркаваў да 22 траўня — гадавіны бітвы каліноўцаў з расейскімі войскамі пад Мілавідамі, што каля Баранавічаў, паведаміў сябра аргкамітэту Юрась Губарэвіч:

Юрась Губарэвіч

Юрась Губарэвіч

«Мэтай конкурсу зьяўляецца дадатковае прыцягненьне ўвагі да тэмы паўстаньня, азнаямленьне зь ягонымі рознымі аспэктамі. Перадусім разьлічваем на маладую аўдыторыю, якая актыўна карыстаецца сацыяльнымі сеткамі, а таксама на ўсіх, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі і нашымі славутымі продкамі».

Арганізатары паведамляюць, што першая частка конкурсу пройдзе праз сацыяльныя сеткі інтэрнэт. Удзельнікам трэба зарэгістравацца на адмысловым інтэрнэт-сайце 1863.рух.by. Тыя, хто найлепш адкажа на 30 прапанаваных пытаньняў, у фінале будуць спаборнічаць у непасрэднай сустрэчы. Праграмнае забесьпячэньне распрацаванае так, што перамогі можна будзе дасягнуць толькі сумленным удзелам і праўдзівымі ведамі, кажа адзін з арганізатараў Аляксандар Лыкшын:

«Праграма тэхнічна распрацаваная так, што мы адсочваем адрас удзельніка, ягоныя дзеяньні. Гэта ўсё аўтаматычна аналізуецца, і карыстальнік можа паўторна прыняць удзел у конкурсе толькі тады, калі запросіць да ўдзелу яшчэ пяць сяброў».

Конкурсныя пытаньні распрацавалі такія вядомыя гісторыкі і краязнаўцы, як Андрэй Вашкевіч, Алесь Смалянчук, Віктар Сырыца і Язэп Янушкевіч. Яны ж будуць сябрамі журы, якое вызначыць пераможцаў. Прызы абяцаюць каштоўныя і цікавыя. Але каб іх атрымаць, трэба мець добрыя веды па гісторыі паўстаньня Кастуся Каліноўскага, падкрэсьліў Юрась Губарэвіч:

«Конкурс дастаткова складаны: сярод пытаньняў ёсьць такія, якія ніколі не агучваліся ў публічнай прасторы, вядомыя толькі гісторыкам і вельмі цікавыя старонкі гісторыі паўстаньня. Таму параіў бы ўдзельнікам найперш пашукаць болей зьвестак пра гісторыю паўстаньня, што падвысіць іх шансы на перамогу, а таксама параіў бы не расстройвацца тым, хто набярэ малую колькасьць балаў. І мы заклікаем усіх удзельнікаў сеткі інтэрнэт да актыўнага ўдзелу ў конкурсе».

Конкурс пад назваю «Лепшы знаўца паўстаньня Кастуся Каліноўскага» завершыцца 16 чэрвеня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG