Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваслаўныя цэрквы Ўсходняй Эўропы змагаюцца з мадэрнізацыяй і сэкулярызацыяй.

Многія былі шакаваныя 17 траўня, пабачыўшы фалангу праваслаўных сьвятароў у чорных расах на чале разьюшанага натоўпу, які напаў на гей-парад у сталіцы Грузіі Тбілісі. Хоць афіцыйная праваслаўная герархія ў Грузіі і асудзіла гвалт, у выніку якога 17 чалавек былі параненыя, Патрыярх Грузіі Ілія II заклікаў улады за дзень да мітынгу забараніць яго як «абразу» грузінскай традыцыі.

Па ўсёй Усходняй Эўропе грамадзтвы такіх краін, як Грузія, Расея, Сэрбія, Малдова, намацваюць, кожнае па-свойму, шляхі мадэрнізацыі і рэфармаваньня: рухі ў абарону правоў жанчын, этнічных меншасьцяў, геяў і лесьбіянак робяць беспрэцэдэнтныя посьпехі. Але таксама агульнае для іх і тое, што праваслаўныя цэрквы ў гэтых краінах часта выступаюць у якасьці тормазу, кансэрватыўнай сілы, схільнай разглядаць любую інавацыю як зьнешнюю пагрозу, накіраваную на зьнішчэньне сьвятых нацыянальных традыцый.

Заза Давітая быў адным з грузінаў, якія адгукнуліся на заклік кансэрватыўнага праваслаўнага духавенства і прынялі ўдзел у разгоне гей-мітынгу:

«Я падтрымліваю тых, хто сабраўся тут. Мы супраць мітынгу, што супярэчыць нашай грузінскай маралі і традыцыі. Абаронцы гей-правоў атрымліваюць фінансавую падтрымку ад некаторых арганізацый за мяжой, і яны хацелі правесьці дэманстрацыю супраць грузінскіх маральных каштоўнасьцяў».



У нечым падобная, хоць і менш драматычная сытуацыя разгарнулася ў пачатку гэтага месяца ў сталіцы Сэрбіі Бялградзе. Каля 3000 чалавек сабраліся 10 траўня на знак пратэсту супраць пагадненьня паміж Сэрбіяй і суседнім Косавам, якое нацыяналістычна настроеныя сэрбы разглядаюць як неад’емную частку сваёй краіны. Дэманстрацыя была арганізаваная двума кансэрватыўнымі праваслаўнымі япіскапамі, хоць Патрыярх Ірыней дыстанцаваўся ад іх дзеяньняў.

Адзін з арганізатараў, япіскап Афанасій, папярэдзіў на мітынгу прэм’ер-міністра Сэрбіі Дачыча, што ён рызыкуе падзяліць лёс праэўрапейскага прэм’ер-міністра Зорана Джынджыча, які быў забіты ў 2003 годзе ўльтранацыяналістамі, што выступалі супраць рэформаў. Япіскап адправіў «Малітву за спачылых» для Дачыча і ягонага ўраду — шакуючы дэмарш, бо абрад выконваецца толькі над мёртвымі.



Кансэрватыўнае духавенства ў Малдове змагалася супраць ключавых элемэнтаў інтэграцыі гэтай краіны з Эўрапейскім Зьвязам, уключна з прынятым нядаўна законам, які забараняе дыскрымінацыю па прыкмеце сэксуальнай арыентацыі. Адзін зь вядомых кансэрватыўных сьвятароў асудзіў тое, што ён назваў «садамізацыяй» Малдовы.

Джэральдзін Фаган, маскоўская карэспандэнтка інфармацыйнага агенцтва «Форум 18» і аўтарка кнігі «Вера ў Расеі: Рэлігійная палітыка пасьля камунізму», кажа, што рэлігійны нацыяналізм, хоць і асуджаны ў ХІХ стагодзьдзі як ерась, глыбока пранік у праваслаўныя культуры.

«У многіх выпадках праваслаўныя цэрквы абслугоўвалі адну этнічную групу, і гэта нарадзіла нацыянальныя дзяржавы, — кажа яна. — Таму здавён у праваслаўным сьвеце распаўсюджанае містычнае пачуцьце, што нацыянальная бясьпека дзяржавы зьвязана з тым, ці застаецца нацыя праваслаўнай.»

Тбіліскі тэоляг Бэка Міндзіяшвілі адзначае антызаходнюю рыторыку многіх праваслаўных сьвятароў, якія крытыкуюць Захад за «расчыстку шляху для Антыхрыста, таму што яны дэнацыяналізаваныя».

Трэба адзначыць, што большасьць рэлігіяў сьвету гістарычна спрабуюць абараніць тое, што яны лічаць традыцыйнымі і фундамэнтальнымі каштоўнасьцямі, супраць наступу мадэрнізацыі. Але ніхто ў Эўропе ня робіць гэта так агрэсіўна, як праваслаўнае хрысьціянства.

Акрамя таго, у адрозьненьне ад сьвецкага Захаду, праваслаўныя цэрквы традыцыйна знаходзяцца ў блізкіх адносінах з аўтакратычнымі ўрадамі, да таго часу, як тыя фармальна прытрымліваюцца праваслаўя. У такіх выпадках, як у Расеі, агульнае разуменьне, што зьнешні сьвет варожы і зламысны, стала трывалай асновай для дзяржаўна-канфэсійнага супрацоўніцтва.

Журналістка Джэральдзін Фаган адзначае, што ў выпадках, калі ўрад дрэйфуе занадта далёка ў напрамку аўтарытарызму, шчыльныя адносіны царквы з уладамі могуць падарваць яе маральны аўтарытэт і вагу. Гэтак адбываецца цяпер у Беларусі, кажа яна.

Тое, што праваслаўе і эўрапейская інтэграцыя не абавязкова несумяшчальныя, паказваюць прыклады Грэцыі, Кіпру, Румыніі і Баўгарыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG