Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпардзьё ў Расеі: хваліць дэмакратыю і грае добрага чачэнца


Дэпардзьё на прэс-канфэрэнцыі ў Грозным

Дэпардзьё на прэс-канфэрэнцыі ў Грозным

У Грозным 21 траўня прайшла прэсавая канфэрэнцыя францускага актора Жэрара Дэпардзьё, прысьвечаная распачатым тут здымкам фільма «Біруза» з удзелам кіназоркі.

Пра Дэпардзьё ў Грозным піша супрацоўніца расейскай Свабоды Анастасія Кірыленка.

Прэс-аташэ актора Франсуа Герар папярэдзіў заходніх журналістаў аб тым, што палітычных пытаньняў задаваць ня варта. «Задавайце добразычлівыя пытаньні, бо гаворка ідзе пра мастацтва», – рэкамэндавалі карэспандэнтам.

Першае пытаньне – ад газэты Independent, пра тое, ці ўхвалены сцэнар фільма Рамзанам Кадыравым, было прызнанае палітычным. На гэта паскардзіўся прадусар і сцэнарыст Філіп Марцінэс, які суправаджаў Дэпардзьё. Затым арганізатары прэсавай канфэрэнцыі сталі дэманстратыўна пытацца: «дзе тут Першы канал і НТВ?» і даваць слова толькі расейскім журналістам.

Па сюжэце фільма Дэпардзьё згуляе бацьку, сына якога забіваюць у Расеі. Ён прыяжджае ў гэтую краіну, каб адпомсьціць за сына і сустракае ў Маскве сваю даўнюю рускую сяброўку і сябра-чачэнца. Гэты пэрсанаж павінен сымбалізаваць станоўчы вобраз чачэнца. У эпізодах задзейнічаныя каля дваццаці чачэнскіх актораў з моладзевага тэатра «Серл», заявілі на прэс-канфэрэнцыі. Невялікая блытаніна паўстала з назвай фільма, бо раней сам Рамзан Кадыраў заяўляў, што ён будзе называцца «Сэрца бацькі». Аднак цяпер гаворыцца, што назва фільма – «Біруза», а калі гаворка і ідзе пра несуцешнага бацьку, то не пра бацьку Кадырава.

Кінематаграфічныя тонкасьці цікавілі паслухмяную расейскую прэсу. Кожная заява Дэпардзьё суправаджалася аплядысмэнтамі.

Другім і апошнім заходнім журналістам, якому далі слова, стаў Нікалаўс фон Твінкель (Moscow Times), які не пабаяўся згадаць забойства чачэнца Умара Ісраілава ў Вене, у арганізацыі якога венскай паліцыяй падазраецца чачэнскае кіраўніцтва. У адказ яму было сказана, што гэта поўнае глупства, bullshit, і больш слова замежнікам не давалі.

Свой пытаньне, не зьвязанае з кінэматографам, задало чачэнскае тэлебачаньне: журналіста цікавіла, ці адкрые Дэпардзьё рэстаран у Грозным.

Нарэшце, пасьля заканчэньня прэс-канфэрэнцыі карэспандэнт Радыё Франс паспрабаваў наблізіцца да Дэпардзьё. У адказ на гэта вялікі актор заявіў, што француская прэса напісала так шмат глупстваў, што зь ёй ён больш не размаўляе. Праўда, ён паспрабаваў зьмякчыць грубасьць, заявіўшы, што ня супраць карэспандэнта Радыё Франс асабіста, ва ўсім вінаватыя яго калегі па цэху.

«Апэрацыя Дэпардзьё» разьлічана на ўнутраны расейскі рынак і ўсё больш абурае французаў. Нават Катрын Дэнёв, якая спачатку бараніла права свайго сябра і таленавітага актора Дэпардзьё выбіраць месца жыхарства, але нядаўна ў эфіры «Канала Плюс», заявіла, што перадумае, калі Жэрар ня спыніць «хваліць Расею».

Навошта ж Дэпардзьё прыехаў у Расею? Як актор сам заяўляў газэце «Фігаро» у 2011 годзе, асабіста Уладзімер Пуцін адкрыў яму дзьверы для здымак фільма «Распуцін» у Пецярбургу (дарэчы, сумесную вытворчасьць Франс Телевізьён і ВГТРК, гэта значыць, расейскія бюджэтныя грошы там таксама прысутнічаюць, а значыць, гаворка ідзе ня толькі пра мастацтва). Больш за тое, Уладзімер Пуцін, будучы тады прэм'ер-міністрам, аказваецца, сам выпраўляў сцэнар, сказаў Дэпардзьё. Дзіўнае па наіўнасьці і шчырасьці інтэрвію.

Цікава, што ў фільме «Распуцін» у эпізадычнай ролі зьнялася пачаткоўка акторка Алена Север, дагэтуль невядомая кіраўніца дабрачыннага фонду «Фэдэрацыя» (дзейнасьць гэтага фонду расьсьледавала Радыё Свабода). А заснавальнік фонду «Фэдэрацыя» шоўмэн Уладзімер Кісялёў, знаёмы Пуціна яшчэ па 1990-х, ганарыцца тым, што менавіта ён прадставіў «свайго сябра» Дэпардзьё Ўладзімеру Пуціну, пра што ён яшчэ раз заявіў францускаму тэлеканалу М6 ў пачатку 2013 году.

Як адзначае францускі пісьменьнік і музычны крытык Жоэль Бастэнэр, Расея сапраўды падабаецца Дэпардзьё. Гаворка ідзе аб мэнталітэце: калі ў Францыі ганарыцца сваім багацьцем, эпатажна паводзіць сябе, абражаць абслугу і ўсюды зьяўляцца п'яным ня тое каб цяжка, але не выклікае павагі, то ў Расеі менавіта такі стыль жыцьця і зьяўляецца «нормай» для багатых людзей. Інакш кажучы, Дэпардзьё стала сумна ў «эгалітарнай» (хоць бы да пэўнай ступені) Францыі, і ён засьпяшаўся ў Расею.

Расійская гасьціннасьць павінна аплачвацца. Да 2013 году расейскім і замежным чытачам ня быў знаёмы палітоляг Жэрар Дэпардзьё. Але давялося пазнаёміцца – вядомы францускі актор раптам стаў раздаваць інтэрвію аб тым, што апазыцыя ў Расеі незаможная і сьмешная, а Уладзімер Пуцін – вялікі дэмакрат. Мардовія, яшчэ адна рэзыдэнцыя Дэпардзьё, рэспубліка, дзе не засталося ніводнай незалежнай газэты, зьяўляецца, у разуменьні актора, «дэмакратыяй».
XS
SM
MD
LG