Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Госьць Свабоды – вядомы ў сьвеце беларускі піяніст Віталь Стахіевіч, ляўрэат шэрагу прэстыжных міжнародных конкурсаў.

Нарадзіўся ў 1980 годзе ў Менску. Скончыў Рэспубліканскі музычны каледж і Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Вiталь выступае як саліст, з аркестрамі і камэрнымі ансамблямі ў Беларусі, а таксама ў Бэльгіі, Нарвэгіі, ЗША, Мэксыцы, Галяндыі, Нямеччыне, Італіі, Францыі, Грэцыі, Расеі, Літве, Грузіі і Малдове. Улетку 2000 года запісаў на італьянскай фірме «Agora» кампакт-дыск з музыкай Шубэрта. Прызёр міжнародных конкурсаў у Вільні (Літва), Антвэрпэне (Бэльгія), Таранта (Італія), Мар'янскіх Лазьнях (Чэхія), Амстэрдаме і Менску. У 2007 годзе Віталь атрымаў ступень магістра ў Амстэрдамскай кансэрваторыі.

Ганна Соўсь: Віталь, як музычны лёс прывёў вас у Амстэрдам?

Віталь Стахіевіч: Яшчэ падчас маёй вучобы ў Менску я выяжджаў некалькі разоў на конкурсы, на канцэрты, у тым ліку ў Галяндыю і заўсёды хацелася павучыцца за мяжой, набрацца новага досьведу і ўражаньняў. Як ня дзіўна, Амстэрдам гэта адначасова і выпадковы, і сьвядомы выбар.

Соўсь: Вы вучань беларускай піяністкі Зоі Качарскай і нарвэскага піяніста Хокана Аўстбё. Чым розьняцца гэтыя школы? Ці можна ўвогуле казаць пра розьніцу музычнай школы на постсавецкай прасторы і эўрапейскай?

Стахіевіч: Зоя Венеамінаўна Качарская – гэта мая музычная маці, якая вырасьціла мяне. Калі я яшчэ быў хлопчыкам, яна паставіла мне школу. Гэта немагчыма перадаць словамі, наколькі глыбокія нашыя музычныя стасункі. Хокан Аўстбё – гэта прафэсар, зь якім я пазнаёміўся, калі навучаўся ў магістратуры ўжо даволі дарослым чалавекам, калі спрабаваў стаць на ўласныя ногі, шукаць нечага свайго. Мне здаецца, што на Захадзе савецкая фартэпіянная школа карыстаецца вялізнай пашанай, можа нават перабольшанай. У той жа час з нашага боку заходняя фартэпіянная школа трохі недаацэньваецца, паблажлівае стаўленьне, на мой погляд, прасочваецца калі-нікалі, і даволі недарэчна.



Соўсь: Наколькі запатрабаваная клясычная музыка ў Амстэрдаме? Ці можна пражыць з канцэртнай дзейнасьці ў Галяндыі? А ў Беларусі?

Стахіевіч: Амстэрдам адна з сусьветных сталіц музыкі, дастаткова згадаць Канцэртгебаў, які стаіць у адным шэрагу зь Нью-Ёркам, Парыжам, Венай ці Масквой. Там выступае адзін з найлепшых сымфанічных аркестраў у сьвеце. І ў той жа час, ня толькі ў Амстэрдаме, але і ў Галяндыі, як у краіне вельмі шмат канцэртных пляцовак. Гэта вялізныя і малыя канцэртныя залі, цэрквы, вельмі шмат канцэртаў адбываецца ў людзей дома. На хатніх канцэртах вельмі шмат добрых інструмэнтаў і вельмі шмат дамоў, дзе людзі ладзяць канцэрты проста для знаёмых, гасьцей. Гэта тое, што вельмі выразна адрозьнівае Галяндыю ад нас. У Галяндыі пражыць з канцэртаў даволі цяжка, але можна, а ў Беларусі практычна немагчыма.



Соўсь: У Швэцыі прайшоў музычны конкурс Эўрабачаньне, якому ў Беларусі, як лічаць многія, надаецца празьмерная ўвага. Некалькі гадоў таму на Эўрабачаньні перамог Аляксандра Рыбак, беларус з Нарвэгіі. І тады даволі часта гучала меркаваньне, што калі б ён жыў і фармаваўся як музыкант у Беларусі, ён ніколі б ня стаў бы тым, кім стаў. Ці вы згодныя, што для паўнавартаснай творчай рэалізацыі беларускаму музыку, мастаку трэба жыць у Эўропе?

Стахіевіч: Пытаньне неадназначнае. Я маю прыклады, калі выдатны сьпявак, саліст опэрнага тэатру ў Менску Юры Гарадзецкі атрымаў прэмію, на маю думку, на значна больш складаным конкурсе каралевы Лізаветы ў Брусэлі. Ці піяніст Андрэй Паначэўны альбо скрыпач Арцём Шышкоў – усе яны фармаваліся так ці інакш у Беларусі і дасягнулі вельмі выдатных вынікаў. Але што мне падаецца дакладна, што для любога чалавека, для музыкі вельмі карысна заўсёды на нейкім этапе жыцьця проста паехаць у іншы горад, у іншую краіну і паспрабаваць пачаць усё спачатку, нечаму павучыцца.



Соўсь: Які кампазытар найбольш адпавядае вам, вашаму тэмпэрамэнту піяніста?

Стахіевіч: Ёсьць шэраг кампазытараў, творы якіх я часьцей за ўсё стаўлю ў свае праграмы – Шапэна, Рахманінава, Пракоф'ева, Шубэрта. Калі выбраць аднаго – на сёньняшні май настрой – Шубэрт.



Соўсь: Вы пісалі 3 красавіка сёлета ў сваім блогу: «Кожны музыкант марыць хоць аднойчы спусьціцца па знакамітай чырвонай лесьвіцы (гэта значыць – выступіць у Вялікай залі амстэрдамскага Канцэртгебаў). Сёньня са мною гэта здарылася ўпершыню». Па якой яшчэ лесьвіцы якой канцэртнай залі вы ўжо прайшлі, а па якой марыце прайсьці?

Стахіевіч: Я сапраўды прагуляўся па чырвонай лесьвіцы Канцэртгебаў. Гэта вялікая заля на 2 тысячы слухачоў. Але і кожны выступ ў залі філярмоніі ў Менску незабыўны, яскравы. Гэта такі пункт адліку ў кожным канцэртным сэзоне. Я імкнуся выступаць у як мага больш розных месцах, у новых залях, у новых краінах. Вось аб чым я мару.



Соўсь: Вы беларускамоўны амстэрдамскі беларус, так бы мовіць наш чалавек у Амстэрдаме. Наколькі вы сочыце за тым, што адбываецца ў Беларусі? І якой вам бачыцца краіна, у якую б вы вярнуліся жыць і працаваць?

Стахіевіч: Я ня маю такой пазыцыі, каб ставіць умовы для вяртаньня. Напрыклад, я лічу абсалютна непрымальным у цяперашняй Беларусі ганебную русыфікацыю, якая апанавала ўсё грамадзтва, і ўвогуле стаўленьне да нацыянальнай культуры, возьмем архітэктуру і гэта далей. Наколькі я інтэграваўся ў Галяндыі? На моўным узроўні так, але на нейкім душэўным, культурніцкім узроўні я надаю больш увагі падзеям у Беларусі. Тое, што я чытаю ў інтэрнэце, якія я кнігі купляю – гэта сьведчыць пра тое, што я ў думках ў Беларусі.

Соўсь: Мы з вамі пазнаёміліся праз Фэйсбук. Што для вас сацыяльныя сеткі – сувязь з радзімай, пошук інфармацыі, кантактаў, распаўсюджваньне інфармацыі пра сваю канцэртную дзейнасьць?

Стахіевіч: Усё тое, што вы пералічылі. Напрыклад, Фэйсбук. Пачуў пра чалавека і цяпер вельмі проста знайсьці яго праз Фэйсбук і кантактаваць праз сэкцыю Паведамленьні. Гэта вельмі здорава. Таксама праз сацыяльныя сеткі добра запрашаць на нейкія падзеі, гэта вельмі карысна.

Соўсь: Я ведаю, што вы пішыце вершы, і на завяршэньне нашай гутаркі я хацела б папрасіць вам прачытаць некалькі радкоў і працягнуць іх музыкай...

Стахіевіч: Гэтыя радкі нарадзіліся ў мяне летась:

Самалётнае лета –
Дажджы, навальніцы.
Колісь ўспомніцца гэта,
Колісь гэта прысьніцца.
Пасярэдзіне лета –
Валізкі, білеты,
Пасярэдзіне лёсу,
Пасярэдзіне сьвету.
Адпраўленьні, пасадкі,
Чаканьне ў трывозе.
Не сьмяецца кабета,
Не дыміць цыгарэта.
Між краёў і сталіцаў,
Бязгучна, бязмэтна,
Зноў калісьці прысьніцца
Самалётнае лета.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG