Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Завадзкая: «Справу Зьмітра з 2006 году фактычна не расьсьледуюць»


У офісе БНФ прайшла вечарына памяці зьніклага амаль 13 гадоў таму апэратара ОРТ Зьмітра Завадскага.

Вечарына прайшла ў межах кампаніі «Мы памятаем», якую ладзяць актывісты БХД.

Нядаўна сваякі зьніклага журналіста атрымалі паперу з пракуратуры, ў якой паведамляецца, што справа не закрытая. Між тым, паводле жонкі Завадскага Сьвятланы, справу журналіста фактычна не расьсьледуюць з 2006 году, а праз два гады могуць увогуле здаць ў архіў. Сьвятлана Завадзкая заклікала грамадзкасьць зрабіць гэтак, каб такое не адбылася.

Маці зьніклага журналіста Вольга Завадзкая згадала для ўдзельнікаў вечарыны пра падзеі напярэдадні здарэньня. Пра тое, як Зьміцер езьдзіў у камандзіроўку ў Чачню, як ў інтэрвью беларускім журналістам распавёў пра затрыманага ў Чачні беларуса, але прозьвішча яго ў друку не назваў.

На судзе маці даведалася, што гаворка была пра былога спэцназаўца Ігнатовіча, якога ў 2001 годзе асудзілі да пажыцьцёвага зьняволеньня за розныя злачынствы. У тое, што гэта Ігнатовіч адпомсьціў Зьмітру Завадзкаму, як спрабавала даказаць сьледзтва, маці зьніклага ня верыць.

Вольга Завадзкая

Вольга Завадзкая

«Ён не хаваўся. Калі яму нібыта хацелі адпомсьціць, то яго можна было захапіць на той жа рыбалцы на Менскім моры, без праблемаў. Але чаму ў дзень зьнікненьня ў дома сына дзяжурылі нейкія людзі ў цывільным вакол дома і ў пад’езьдзе? Навошта было тое шоў? А на працэсе датычнасьць гэтых людзей нібыта не выявілі», — распавяла Вольга Завадская.

Старшыня АГП Анатоль Лябедзька мяркуе, што беларускія апазыцыйныя палітыкі цяпер недастаткова ўвагі надзяляюць праблеме зьніклых і ў выніку гэтая тэма амаль забылася ў Эўропе і сьвеце. Лябедзька выказаўся за правядзеньне грамадзкага трыбунала па справах зьніклых палітыкаў і апэратара ОРТ Зьмітра Завадскага. Паводле палітыка, матэрыялаў для такога трыбуналу дастаткова.

Удзельнікі вечарыны падпісалі пэтыцыю генэральнаму пракурору Беларусі і старшыні Сьледчага камітэту пра аднаўленьне рэальнага расьсьледаваньня, адрасаваную.

«Мы разумеем, што не зьвяртаюць увагі на нашы пэтыцыі, але мы мусім даказаць, што не супакоімся, пакуль не даведаемся праўды», — заявіла на вечарыне палітвязень, журналістка Ірына Халіп.

Наступная вечарына кампаніі «Мы памятаем» пройдзе 16 чэрвеня і будзе прысьвечаная зьнікламу палітыку Віктару Ганчару, паведамілі арганізатары акцыі.
XS
SM
MD
LG