Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Эўразьвязу варта запаволіць рух да дыялёгу з Менскам»


Дакладчык Эўрапейскага парлямэнту па Беларусі Юстас Палецкіс падрыхтаваў праект рэкамэндацый адносна зьмены палітыкі Эўразьвязу ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. Юстас Палецкіс рэкамэндуе выкарыстаць старшынства Літвы ў ЭЗ і саміт Усходняга партнэрства ў Вільні як магчымасьці для паляпшэньня адносін зь Беларусьсю з мэтай перазагрузкі палітычнага дыялёгу.

Ці не памыляецца эўрапейскі дэпутат у ацэнцы падзеяў і сытуацыі ў Беларусі?

Ці гатовы зараз афіцыйны Менск да рэальнай перазагрузцы дачыненьняў з Эўразьвязам?

На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец.

Цыганкоў: Сярод найбольш прыкметных высноваў аналізу спадара Палецкіса можна убачыць і такое сьцьвярджэньне — у 2012 годзе ў Беларусі адбылося «прыкметнае паляпшэньне сытуацыі з выкананьнем правоў чалавека, а Эўрапейскі дыялёг аб мадэрнізацыі аказаў «станоўчы ўплыў на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці». Ці не памыляецца эўрапейскі дэпутата у сваёй ацэнцы падзеяў?

Лагвінец: Мне здаецца, што гэты аналіз крыху аптымістычны, а ў некаторых пытаньнях занадта аптымістычны. Канешне, калі параўноўваць статыстыку пакараньняў за 2011, 2012 і 2013 гады, то магчыма казаць пра нейкі спад рэпрэсіяў. Аднак падзеі апошніх месяцаў у Беларусі кажуць пра адваротнае. Прысуды незалежным журналістам, дзеяньні супраць палітвязьняў, у прыватнасьці, адносна Алеся Бяляцкага даказваюць, што натура рэжыму не памянялася.

І мне падаецца, што зараз надышоў момант, калі Эўразьвязу варта крыху запаволіць рух да аднаўленьня дыялёгу. Бо з эўрапейскага боку шмат чаго было зроблена, але рэжым у Беларусі не зрабіў ніводнага красамоўнага кроку ў адказ.

Цыганкоў: Ці гатовы зараз афіцыйны Менск да рэальнай перазагрузцы дачыненьняў з Эўразьвязам? Ці ёсьць у яго патрэба ў пераменах, ці на сёньня паводле і эканамічных, і замежнапалітычных прычынаў такой неабходнасьці няма?

Лагвінец: Шмат якія палітолягі кажуць пра абумоўленасьць адносінаў менскага рэжыму з Эўразьвязам адносінамі яго з Расеяй. Магчыма, у кароткатэрміновай пэрспэктыве Менск можа атрымаць пэўную палёгку ад Расеі. Таму сёньня сытуацыя пакуль не выглядае крытычнай для рэжыму, каб ён кінуўся ў дыялёг з Эўразьвязам.

Мне здаецца, што Эўразьвяз мусіць пакідаць адчыненымі дзьверы, мусіць увесь час казаць пра дыялёг. Але варта рэалістычна ацэньваць прыроду ўлады ў Беларусі, і таксама магчымасьці рэальнага дыялёгу з сёньняшнім рэжымам.
XS
SM
MD
LG