Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былы сьледчы ў справе Аўтуховіча можа атрымаць грамадзянства ЗША


Мікалай Аліхвэр, старонка ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники»
Мікалай Аліхвэр, старонка ў сацыяльнай сетцы «Одноклассники»

Мікалай Аліхвэр, былы сьледчы ў справе Мікалая Аўтуховіча, хутка можа прасіць пра грамадзянства ЗША.

Некаторыя дэталі ягонай эміграцыі, а таксама фатаздымкі ягонага дома ў прыгарадзе Атланты публікуе сайт Беларускі Партызан.

«Удзел у справе Аўтуховіча можа пагражаць Аліхверу тым, што ён не атрымае грамадзянства ЗША», — папярэджвае юрыст Юры Зянковіч. — Калі вядома, што чалавек быў заангажаваны ў супрацьпраўную дзейнасьць, то гэта будзе перашкодай для атрыманьня грамадзянства ЗША. Калі можна давесьці, што чалавек не адпавядае якасьцям высокамаральнай асобы, то і грамадзянства не атрымаеш».

Мікалай Аліхвер вёў першую справу палітзьняволенага Мікалая Аўтуховіча. У сакавіку інтэрнэт-карыстальнікі знайшлі акаўнт былога сьледчага ў сацсетцы «Одноклассники». Зьявілася інфармацыя пра тое, што Аліхвер эміграваў у ЗША, выйграўшы грын-кард.

Мікалай Аўтуховіч пазнаў свайго былога сьледчага па фота. У адным зь лістоў з турмы ён выказвае жаданьне зьвярнуцца ў суд. «Наконт таго, што зь ім будзе далей, адкажу: калі не распавядзе, як усё было, буду зьвяртацца ў суд, доказаў хапае. Магчыма, гэта зробіць мой адвакат».

Мікалай Аліхвер купіў у прыгарадзе Атланты таўнхаўз за 79 тысяч даляраў, — паведамляе «Беларускі Партызан». Верагодна, ён выехаў у ЗША ў сярэдзіне 2008 году.

Паводле інфармацыі выданьня, Аліхвер працуе ў кампаніі АРС, якая займаецца клінінгам — прыбіраньнем памяшканьняў. Кампанія заснаваная былым выхадцам з Савецкага Саюзу. Прычым Аліхвер ужо пасьпеў падняцца па кар’ернай лесьвіцы.

На фатаздымках відаць, што каля дома Аліхвера вісяць партрэты Мікалая Аўтуховіча. «Беларускі партызан» паведамляе, што пра Аўтуховіча Аліхверу нагадваюць беларусы, якія жывуць непадалёк. Беларускія праваабаронцы мяркуюць зьвярнуцца да ўладаў ЗША з просьбай спраўдзіць, якія зьвесткі падаваў Аліхвер, просячы ў ЗША від на жыхарства, і ці не былі яны ілжывымі.

Радыё Свабода высьвятляе, хто менавіта распачаў гэтую ініцыятыву. Пра жаданьне беларускай дыяспары ў ЗША высьветліць абставіны пераезду Аліхвера мы паведамлялі ў красавіку.

Мікалай Аўтуховіч быў зьняволены ў 2006 годзе на тры з паловай гады з канфіскацыяй маёмасьці. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленьні ад сплаты падаткаў са стратамі для бюджэту ў асабліва буйным памеры, а таксама — у ажыцьцяўленьні прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і атрыманьня ліцэнзіі. У 2009 годзе быў зьняволены зноў, агулам на пяць гадоў і два месяцы. Асноўны артыкул — 295, частка 3: «Незаконныя дзеяньні адносна агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў». Цяпер Аўтуховіч у Гарадзенскай турме № 1.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG